Общественно-политическая газета Брестского района
Хто, цікава, прыдумаў словазлучэнне “малая радзіма”? Хіба можа Радзіма быць малой? Нават калі маецца на ўвазе не цэлая краіна, а горад, мястэчка, невялікая вёсачка. Для чалавека, які нарадзіўся там, гэта – разам, канешне ж, з Радзімай, Айчынай, Бацькаўшчынай – самае важнае, самае любімае месца на зямлі. Усе дарогі вядуць дадому, з усіх вандровак, далёкіх і блізкіх, мы спяшаемся туды, дзе і дрэва, і старая панская сядзіба, і валун у полі, і гаючая крыніца, і стары крыж на раздарожжы – асобная найцікавейшая гісторыя, якой варта падзяліцца з іншымі людзьмі.
Вось так – проста і зразумела – патлумачыў ідэю падрабязна расказаць у праекце “Сем цудаў Беларусі” пра кожны раён краіны на старонках рэспубліканскага выдання галоўны рэдактар “Народнай газеты” Уладзімір АНДРЫЕВІЧ.
— Уладзімір Уладзіміравіч, сёлета праект “Сем цудаў Беларусі” па выніках Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ “Залатая літара” атрымаў Гран-пры за лепшы творчы праект сярод рэспубліканскіх выданняў. Прызнанне сярод чытачоў па ўсёй краіне – таксама несумненнае. У чым, на ваш погляд, сакрэт поспеху?
— Трэба быць бліжэй да людзей, да іх праблем, да іх – як у выпадку з “Сямю цудамі” – прывязанасцяў, пачуццяў, інтарэсаў. Калектыў “Народнай газеты” кіруецца гэтым прынцыпам, рыхтуючы ўсе свае матэрыялы. Мы робім газету аб людзях і для людзей, мы разумеем, што назва нашага выдання – не толькі пачэсная, але і да многага абавязвае. Дарэчы, з гонарам магу канстатаваць: “Народная газета” не першы раз выходзіць пераможцам у намінацыі “Лепшы творчы праект года”. “Залатой літарай” ужо ўганараваныя дадаткі “НГ” “Мая Беларусь” і “Сям’я”. Зноў жа, напэўна, гэта невыпадкова. “Мая Беларусь” за гады свайго існавання на старонках нашай газеты стала сапраўдным жыццяпісам усіх рэгіёнаў краіны. Няма раёна, у які б не зазірнулі журналісты “Народнай газеты”. І ўсюды найцікавейшыя людзі, іх добрыя справы, іх выдатныя ідэі – аб кожным асобную кніжку можна пісаць! А “Сям’я” – газета ў газеце, штотыдзень па суботах у ёй могуць знайсці цікавую і – галоўнае – карысную інфармацыю прадстаўнікі ўсіх пакаленняў, а яшчэ прыкладныя парады па вядзенню гаспадаркі, арыгінальныя рэцэпты смачных страў – усё для чытача, для яго інтарэсаў, яму на карысць. Апошняе “усё для чытача” з поўнай адказнасцю магу сказаць і пра іншыя праекты і дадаткі “Народнай газеты”: “Народны ўпраўдом”, “Квадратны метр”, “Экосреда”, “Будзем здаровы!”…
— Але ўсе названыя праекты існуюць не адзін год, яны сапраўды цікавыя і карысныя і могуць яшчэ доўгі час выходзіць на старонках “Народнай газеты” пастаянна. А вось “Сем цудаў” тут, атрымліваецца, выключэнне: апублікавалі звесткі пра ўсе раёны, пройдзе галасаванне – і ўсё?
— Не, што вы! Гэта якраз той праект, які можа існаваць вельмі доўга. Бо ў нашай цудоўнай краіне столькі ўсяго дзівоснага, цікавага, невядомага для многіх, аб чым варта расказаць. Тут хочацца працытаваць Уладзіміра Караткевіча, юбілей якога быў толькі што адзначаны:
А я не пішу пра чужыя шыроты.
Я джунглі і ў нас адшукаць сумею.
Сцяблінка звычайнай расянкі балотнай
Цікавей жыве за ўсе архідэі.
У дрэвах з мармуру — іх зваць бярозамі,
У вежах з карункавым іхнім уборам
Я добра бачу ўчарашнія слёзы
І сённяшні смех з барацьбою поруч.
Райскія птушкі (сіваваронкі)
Ў джунглях дрымучых (лясах Белавежы),
Ў краі нязнаемым (роднай старонцы)
Ў мімозы сядаюць (у верас бязмежны).
Што мне да кінутых храмаў Мая,
Калі жывуць легенды ў народзе,
Калі на выспах глухіх адкрываю
Крокі мінуўшых тысячагоддзяў…
Мы, канешне, захаваем інтрыгу: выберам з дапамогай чытачоў спачатку лідараў з кожнага раёна, якія стануць потым удзельнікамі абласнога фіналу. Дарэчы, каб надаць праекту большую маштабнасць і папулярнасць, мы праводзім яго сумесна з аблвыканкамамі, райвыканкамамі, Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, раённымі арганізацыямі РГА “Белая Русь”, раённымі газетамі. Пасля вызначацца лідары з кожнай вобласці – тады будзе фінал рэспубліканскі. Ці трапяць у яго цуды вашай мясцовасці – залежыць толькі ад чытацкай актыўнасці.
Спадзяюся, што жыхары раёна прымуць удзел у галасаванні на працягу ўсіх этапаў. Прагаласаваць можна на нашым сайце www.ng.by. Абавязкова на яго зазірніце!
Магу параіць таксама: сачыце за “Народнай газетай”. Бо пасля мы падрабязна будзем расказваць пра лідараў кожнага этапу, магчыма, падзелім іх на розныя намінацыі: прыродныя аб’екты, помнікі архітэктуры, нематэрыяльныя каштоўнасці і г.д. Карацей, тэм для публікацый хопіць надоўга. Адкрываць для сябе і іншых родны край і яго людзей – гэта тое, што ніколі не надакучыць.
Ігар ГЕТМАН