БЯЗМЕЖНЫ СВЕТ ЛІТАРАТУРЫ | Заря над Бугом

БЯЗМЕЖНЫ СВЕТ ЛІТАРАТУРЫ

У мінулую пятніцу прадстаўнікі Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі сустрэліся з вучнямі Дамачаўскай сярэдняй школы. Дзеці сабраліся творчыя, многія з іх наведваюць літаратурны гурток, які вядзе настаўніца рускай мовы Наталля Сцяпанаўна Дзенісюк. А некаторыя з іх пішуць, як кажуць, «для сябе». Аб сваёй літаратурнай дзейнасці  распавядала намеснік старшыні Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Любоў Красеўская. Прачытала Любоў Мікалаеўна і свае вершы, якія ўвайшлі ў лірычны зборнік «На два галасы». Тэму роднага краю працягнуў празаік Аляксандр Валковіч, юнацтва і малаленства якога прайшлі ў Дамачава. Ён прадставіў публіцы свае кнігі, якія сталі падарункам школьнай бібліятэцы. Расказаў Аляксандр Міхайлавіч і аб сваім творчым шляху, і аб карпатлівай працы над апошняй кнігай — дакументальнай хронікай «Письма войны». Школьнікі таксама прачыталі вершы ўласнага сачынення. Зацікавіліся вучні і літаратурнымі конкурсамі, якія праходзяць у нашым раёне. Многія юныя паэты ўжо спрабавалі сябе на старонках перыядычных выданняў і нават друкаваліся ў зборніках, а некаторыя толькі збіраюцца прадставіць свае творы на суд літаратурных крытыкаў. На сустрэчы прысутнічаў таксама Уладзімір Якаўлевіч Васілюк — заслужаны настаўнік, які прысвяціў працы ў школе 38 гадоў, многія з якіх працаваў у Дамачава. Дырэктар школы Галіна Уладзіміраўна Пойта падзякавала гасцям і, як філолаг, пажадала, каб такія сустрэчы праходзілі часцей, бо мудрасць і вопыт дапамагаюць выхаваць сапраўдныя таленты.

Крысціна БУДЧАНІНА

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!