ВАБІЦЬ МАЛАЯ РАДЗІМА | Заря над Бугом

ВАБІЦЬ МАЛАЯ РАДЗІМА

Апошні месяц зімы, як вядома, багаты на значныя падзеі. Вучні і педагогі сярэдняй школы вёскі Скокі ў лютым рыхтуюцца яшчэ і да сваіх агульнашкольных святаў. Па традыцыі, кожны год тут праходзяць мерапрыемствы, прысвечаныя чарговай гадавіне з дня нараджэння пісьменніка Юльяна Нямцэвіча — ураджэнца Скокаў. Дзякуючы сваёй грамадска-палітычнай дзейнасці і публіцыстыцы Юльян Урсын Нямцэвіч уславіў вёску далёка за межамі Прыбужжа. Вядомы ён як кіраўнік Варшаўскага таварыства сяброў навукі і удзельнік паўстання 1830-1831 гадоў. Нямцэвіч таксама заснаваў Польскую бібліятэку ў Парыжы, якой і завяшчаў рукапісы сваіх твораў. Пяру пісьменніка належыць палітычная камедыя “Вяртанне пасла”, зборнікі “Літоўскія пісьмы” і “Гістарычныя песні” і іншыя творы.

Доўгі час Скокаўская школа размяшчалася ў сядзібе Нямцэвічаў, і толькі ў 1986 годзе перамясцілася на цяперашняе месца. Зараз размяшчэнне школы побач з культурна-гістарычным помнікам архітэктуры, безумоўна, спрыяе патрыятычнаму выхаванню дзяцей. Школьная піянерская дружына носіць імя Юльяна Нямцэвіча.

Прымеркаваны да гадавіны з дня нараджэння вядомага земляка, у школе праходзіць тыдзень гісторыі. Вучні загадзя рыхтуюць выставу матэрыялаў, звязаных з жыццём і творчасцю Нямцэвіча, інсцэніроўку яго п’ес на беларускай мове. Гасцей і ўдзельнікаў мерапрыемства чакае таксама мультымедыйная прэзентацыя.

— Нашы вучні сапраўды цікавяцца гісторыяй сваёй малой радзімы, — гаворыць завуч па выхаваўчай працы Галіна Георгіеўна Скавародка. — Пра гэта сведчыць штогадовы ўдзел нашых школьнікаў у гісторыка-краязнаўчых раённых і абласных конкурсах. Радуе і той факт, што многія выпускнікі Скокаўскай школы сёння студэнты гістарычнага факультэта. А часта, атрымаўшы вышэйшую адукацыю, былыя вучні вяртаюцца ў сваю школу настаўнікамі.

Доўгі час адміністрацыя школы супрацоўнічае з палякамі — сваякамі і даследчыкамі спадчыны Нямцэвіча. Часам яго замежныя нашчадкі наведваюцца ў Скокі – не губляюць сувязі з беларускай зямлёй.

Каларытным абсталяваннем прываблівае кабінет гісторыі Скокаўскай сярэдняй школы, дзе беражліва захоўваюцца працы і даследаванні вучняў аб жыццёвым шляху Юльяна Нямцэвіча. Сабраны тут і фотаздымкі мінулых гадоў. Дзякуючы настаўніцы гісторыі Людміле Аляксееўне Пальм, урокі гісторыі сапраўды нагадваюць падарожжа ў мінулае.

Пазакласныя мерапрыемствы таксама спрыяюць выхаванню ў вучнях павагі і любові да сваёй малой Радзімы, да яе гістарычнай спадчыны, знаёмяць навучэнцаў з месцамі, якія прадстаўляюць інтарэс у сферы культуры, гісторыі і турызму.

Крысціна БУДЧАНІНА

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!