«ВЯРНУЦЦА Ж МНЕ ДАЙ ДА АЙЧЫНЫ…» | Заря над Бугом

«ВЯРНУЦЦА Ж МНЕ ДАЙ ДА АЙЧЫНЫ…»

Род Нямцэвiчаў мае старажытную і слаўную гісторыю.У Прыбужжы яны вядомы з другой паловы XVII ст., калі віцебскі стольнік Андрэй Нямцэвіч стаў ўладальнікам вёсак Нэплі і Клейнікі. Яго сын — Аляксандар, мечнік Берасцейскага ваяводства, далучыў да ўладанняў Скокі, дзе 16 студзеня 1758 года народзіцца Юльян Урсын Нямцэвіч – вядомы пiсьменнiк, ад’ютант Тадэвуша Касьцюшкі, адзін з аўтараў Канстытуцыi Рэчы Паспалітай- першай у Еўропе.

Марцэль Нямцэвiч, бацька Юльяна, некалі перанёс сваю рэзiдэнцыю з Клейнiкаў у суседнiя Скокi , дзе і збудаваў ў пачатку 1770-х гадоў новы мураваны палац. Тады яго блiзкi сябар берасцейскi стараста Ян Флемiнг рэканструяваў па еўрапейскiм ўзоры горад-спадарожнiк Брэста Тэрэспаль (цяпер на тэрыторыі Польшчы) i запрасіў для гэтай справы нямецкіх і галандскіх спецыялістаў. Яны і сталі кансультантамі Нямцэвіча. Кожны са спадкаемцаў Марцэля уносiў нешта новае ў выгляд палаца, але кардынальна яго архітэктуры не мяняў.

Нашчадкаў апошнiх гаспадароў палаца раскідала па свеце віхура войн і рэвалюцый-сёння яны жывуць у Польшчы, Францыi і Канадзе. Сёння яны дапамагаюць адраджэнню сядзібы сваіх продкаў матэрыяламi з сямейных i публiчных архiваў. А ў 2002 годзе Скокі разам са сваякамi наведала Тэрэза Верыха, якая нарадзiлася ў палацы ў 1925 годзе.

У Скоках любіў гасцяваць Касцюшка.Тут 15 снежня 1917 года адбылася важная гістарычная падзея — падпісанне замірэння памiж кайзераўскай Германiяй і яе саюзнiкамi i бальшавiцкай Расiяй, якое фактычна спынiла Першую сусветную вайну на Усходзе. Палац Нямцэвiчаў з восенi 1916 года некалькі месяцаў выконваў ролю стаўкі камандуючага ўсходнiм германскiм фронтам генерала-фельдмаршала прынца Баварскага Леапольда .

Пры адступленнi нямецкiя салдаты ўшчэнт разрабавалi палац, другі раз за яго гісторыю. Першае рабаванне ўчынілі войскі расійскага генерала Дэльферда пасля паражэння паўстання Касцюшкі 1794 года. А некалі сцены палаца ўпрыгожвалі карціны вялікіх мастакоў- ван Дэйка й Тэрнэрса.

Праўнук першага скокаўскага гаспадара Ян — маршалак шляхты Гродзенскай губернi— быў асабіста знаёмы з iмператарамi Аляксандрам I i Аляксандрам III. Апошнi падчас прыезду ў Брэст-Лiтоўск на ваенныя манеўры спынiўся не ў iмператарскай рэзiдэнцыi, а ў Нямцэвiчаў у Скоках.

У тыя часы скокаўскi палац праславiўся на ўсю Расійскую iмперыю сваiм конезаводам. Конную справу бацькi працягваў яго сын, таксама Янонцы якога Соф’i мы ўдзячныя ратаваннем палаца ад руйнавання. У 1915 годзе, падчас адступлення, расійскае камандаванне загадала ўзарваць палац. Але Соф’я адмовiлася пакiнуць сцены свайго дома, і генерал , уражаны мужнасцю жанчыны, адмяніў загад. У 1935 годзе Нямцэвiчы пакiнулi Скокі назаўсёды.

За савецкім часам гэты будынак стаў школай.Сёння палац рэстаўруецца, на яго аднаўленне з раённага і абласнога бюджэтаў ужо пералічана і засвоена 2 млрд.рублёў. Калі спецыялісты “Брэстрэстаўрацыяпраекта”чысцілі сутарэнні палаца, там знайшлі вялікую колькасць чарнільніц- школьную “спадчыну” мінулых часоў.Адрадзіць сядзібу было вырашана ў першапачатковым выглядзе – з бакавымі вежамі, якіх мы не бачым ўжо на гравюры Напалеона Орды сярэдзіны ХІХ ст.У адпаведнасці з планам, цалкам завяршыць рэстаўрацыю планeцца да канца года, на гэта з раённага бюджэту ў 2011 годзе выдзяляецца 240 млн.рублёў.Складаная задача – гэта распрацоўка канцэпцыі афармлення інтэр’ераў.Рэстаўратары імкнуцца аднавіць выгляд палаца, максімальна набліжаны да гістарычнага, але ж і сама сядзіба на працягу стагоддзяў мяняла свой выгляд у адпаведнасці з архітэктурнай модай і густам чарговага гаспадара.

Рэстаўрацыя- гэта руплівая праца, і мітусня тут толькі нашкодзіць. Але ўжо сёння палац набывае рысы былой велічы. Адноўлены бакавыя вежы, фасад з боку парку, ідзе добраўпарадкаванне навакольнай тэрыторыі.

Брэсцкі райвыканкам прыняў рашэнне пасля завяршэння аднаўленчых прац адкрыць тут гісторыка- мемарыяльны музей ”Палац Нямцэвічаў”, для будучай экспазіцыі якога ўжо вядзецца актыўная навуковая праца па падборы матэрыялаў.Адна з заляў будучага музея будзе прысвечана гісторыі Брэсцкага раёна.

Гэта будзе сімвалічнае вяртанне дадому славутага роду , які быў вымушаны пакінуць Бацькаўшчыну.

Дзмітрый ПІСКУР

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!