ГАЛАСУЕМ ЗА БЕЛАРУСЬ! | Заря над Бугом

ГАЛАСУЕМ ЗА БЕЛАРУСЬ!

Старшыня Тэльмінскай участковай камісіі №17 па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ганна Антонаўна Леонена адзначыла ў гутарцы з карэспандэнтам раённай газеты, што ў спісы для галасавання на ўчастку ўнесена 2239 выбаршчыкаў, якія пражываюць у вёсках Тэльмы-1, Тэльмы-2, Малыя Косічы, Кошалева, Буякі, Очкі, Хабы, Лідымо, Смолін, Ямна, Шчэбрын, Булькова. Калі ўдакладнялі ў спісах прозвішчы, то многія выбаршчыкі, асабліва пажылога ўзросту, пыталіся, ці нельга будзе прагаласаваць датэрмінова.

Людзі праяўляюць вялікую цікавасць да выбараў, — гаворыць і сакратар камісіі Таццяна Аляксееўна Дзяцел. — Сёння толькі пачаўся трэці дзень датэрміновага галасавання, але бачыце ж, да нас ужо завітала амаль десяць чалавек.

Нашу бяседу перарывае жыхарка Тэльмаў Раіса Уладзіміраўна Селівонік. Яшчэ з парога яна вітае дзяжурных членаў камісіі:

Добрай раніцы! Хацела яшчэ ўчора прагаласаваць, ды не атрымалася.

Заўважыўшы карэспандэнтаў, Раіса Уладзіміраўна звярнулася да жанчын:

— Учора вас па тэлевізары паказвалі, а сёння, мусіць, і ў газетах напішуць?

Сапраўды, у вячэрніх навінах Брэсцкая тэлестудыя паказала рэпартаж з Тэльмінскага ўчастка для галасавання. Я не ведаю, аб чым ішла рэч. Калі пра выбарчы ўчастак, дык трэба сказаць, што ў цяперашнюю камісію ўвайшло аж 10 чалавек з адзінаццаці, якія працавалі гэтай вясной пад час выбараў дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў ХХIV склікання.

Добрая, працавітая каманда падабралася, — не нахваліцца старшыня камісіі Ганна Антонаўна . – Вельмі адказныя людзі, перажываюць за агульныя справы, як за свае.

Дарэчы, і старшыня камісіі, і сакратар таксама маюць вялікі вопыт работы ў выбарчых кампаніях:

Тых, хто жыве ў вёсцы, агітаваць ісці на выбары не трэба, — у адзін голас кажуць жанчыны.

І маюць рацыю. Увогуле лічыцца, што ў датэрміновым галасаванні найбольш актыўныя пажылыя людзі. Але ж і моладзі нямала. Дарэчы, хто на ўчастку галасуе ўпершыню?

— Больш за 20 чалавек, — адказвае старшыня камісіі. – Учора прыходзіла самая маладзенькая выбаршчыца. — Анастасія Іванаўна Ільютчык, якая нарадзіласа 8-га кастрычніка 1992 года. Канешне, мы павіншавалі Насцю – першыя ў жыцці выбары, ды адразу – Прэзідэнта краіны!

— Якія водгукі ад выбаршчыкаў даводзіцца слухаць у гэтыя дні?

— І вясною, і зараз былі званкі аб арганізацыі выязднога галасавання. Мы тлумачым людзям, што калі па стане здароўя яны не змогуць самі прыйсці на ўчастак для галасавання, то члены камісіі абавязкова прыедуць да іх. Але толькі ў нядзелю, 19 снежня, у асноўны дзень выбараў.

— Хто прадастаўляе транспарт?

— Саўгас “Брэсцкі” і цяплічны камбінат “Бярэсце”. Усе пытанні наконт гэтага вырашаны з кіраўніцтвам сельвыканкама і гаспадарак. Мікалай Іосіфавіч Палешка, Уладзімір Уладзіміравіч Казлякоўскі, Мікалай Мікалаевіч Долбік сабраліся разам, запрасілі і нас таксама, — расказвае Ганна Антонаўна. – Абмеркавалі ўсё канкрэтна, нават прозвішчы шафёраў і іх тэлефоны ў нас ёсць. Можна нават сказаць, што сістэма падрыхтоўкі і правядзення любых выбараў у нас ужо адпрацавана да дробязей.

Побач з кабінамі для галасавання ўстаноўлена і вясёла ззяе агеньчыкамі новагодняя ялінка. На яе адразу звярнуў увагу Глеб Хмарук, якога ўзялі з сабою бацькі, каб прагаласаваць ўсёй сям’ёю. Алена Раманаўна і Сяргей Дзмітрыевіч з сынам прыйшлі з вёскі Тэльмы-2.

У гэтым годзе было многа памятных падзей, — адзначыла выбаршчыца Ніна Рыгораўна Кушнерук. – Юбілей раёна, Вялікай Перамогі, выбары дэпутатаў і Усебеларускі народны сход. А яшчэ на завяршэнні пяцігодкі выбіраем Прэзідэнта, чакаем прыходу Каляд і Новага году… Толькі жыві, працуй і радуйся.

Галасуем за Беларусь, — не згаворваючыся, адказалі на наша пытанне і Андрэй Паўлавіч Асташаў, і Вольга Сцяпанаўна Салавей, якія таксама прыйшлі на датэрміновае галасаванне.

У добры час!

Сямён ІВАНЕНКА

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!