ЖЫЦЦЁ, РАДАСЦЬ І БОЛЬ У ПАЭЗІІ | Заря над Бугом

ЖЫЦЦЁ, РАДАСЦЬ І БОЛЬ У ПАЭЗІІ

На мінулым тыдні ў малой зале раённага выканаўчага камітэта адбылася творчая сустрэча з паэткай, членам Саюза беларускіх пісьменнікаў — Верай Пракаповіч, прымеркаваная да Дня жанчын.

З творчасцю Веры Паўлаўны жыхары Прыбужжа знаёмы даўно, яе вершы і апавяданні нярэдка друкаваліся на старонках перыядычных выданняў. За апошнія гады яна папоўніла сучасную літаратуру трыма зборнікамі паэзіі і прозы. А ў мінулым годзе за кнігу «Дорога домой» атрымала абласную літаратурную прэмію імя У. Калесніка. Нездарма, аналізуючы творы прыбужскай паэткі, крытыкі ахарактарызавалі яе лірыку як насычаную шчырасцю пачуццяў, натуральнасцю інтанацый і любоўю.

На сустрэчы з жанчынамі райвыканкама Вера Пракаповіч прачытала свае вершы, выказала паэтычнай мовай дзіўны стан кахання. Яе паэзія дапамагае лепш зразумець сябе, пакарае сэрцы чытачоў прыгажосцю выяўленага пачуцця. Струны душы прысутных закрануў і сын паэткі Аляксандр, які выканаў пад гітару песні, напісаныя на вершы Веры Паўлаўны. У апошні час на літаратурных сустрэчах усё часцей яны выступаюць разам.

Цікавіліся слухачы і настроем паэткі ў час напісання вершаў, і нават надвор’ем, якое ўплывае на іх крыху сумны або ўзнёслы настрой.

У завяршэнне творчага вечара кіраўніцтва райвыканкама павіншавала Веру Пракаповіч і ўсіх прысутных жанчын са святам, а старшыня райвыканкама Уладзімір Мацука ўручыў паэтцы кветкі і памятны падарунак.

Крысціна БУДЧАНІНА

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!