Общественно-политическая газета Брестского района
З 1 верасня уводзяцца змены ў беларускі правапіс. Аўтары іх настойваюць на тым, каб у адносінах да падзеі не ўжывалася словазлучэнне “рэформа правапісу”, таму што прапанаваныя змены, на іх думку, проста ўдакладняюць існуючы правапіс.
Беларускі правапіс мае ўвогуле непрацяглую гісторыю. Першы яго агульнабеларускі варыянт з’явіўся ў 1918 годзе, з выхадам кнігі “Беларуская граматыка для школ” аўтарства Браніслава Тарашкевіча.
У сённяшняй Беларусі для абазначэння гэтага варыянту правапісу існуе азначэнне “тарашкевіца”. Спроба Тарашкевіча унармаваць правілы беларускага правапісу была даволі ўдалай, хаця і не без заганаў. З мэтаю паляпшэння і ўдасканальвання “тарашкевіцы” ў 1926 годзе ў Мінску была склікана Акадэмічная канферэнцыя. Аўтар першай граматыкі, які ў той час жыў у Заходняй Беларусі, на канферэнцыю не трапіў: польскія ўлады не далі яму візы.
У хуткім часе, на мяжы 1920-х – 1930-х, значная частка беларускай гуманітарнай інтэлігенцыі была знішчана. Рэфома беларускага правапісу, якая была праведзена ў 1933 годзе, была здзейснена без уліку меркавання многіх аўтарытэтных мовазнаўцаў. Змены праводзіліся дырэктыўна, без іх шырокага абмеркавання.
Праз усяго восем год, у 1941-м, у Беларусь вярнуўся варыянт правапісу аўтарства Тарашкевіча. На гэты раз адбылося яшчэ прасцей. Як было растлумачана ў прадмове да падручніка мовы, які выйшаў у час нямецкай акупацыі, “у сувязі з бясслаўным канцом бальшавіцкага панаваньня адпала і патрэба ў бальшавіцкім правапісе”.
У пасляваенны час у існуючыя нормы 1933 года ўносіліся невялікія змены. Сёння надыйшоў час новых пераўтварэнняў. Ад папярэдніх іх адрознівала магчымасць грамадскага абмеркавання і адсутнасць палітычнай афарбоўкі пытання.
Якія гэта будуць змены? Засяродзімся на некаторых з іх.
1.1. Пашыраецца прынцып акання.
У ненаціскных фіналях -эр, -эль запазычаных слоў раней пісалася: бартэр, містэр, шніцэль. Зараз: бартар, містар, шніцаль.
Замацоўваецца аканне ў старых савецкіх абрэвіятурах і іншых запазычаных скарачэннях. Раней было: лінкор, райвыканком, інтэрпол, Газпром. Цяпер: лінкар, райвыканкам, інтэрпал, Газпрам.
Пашыраецца аканне ў канцы запазычаных слоў. Было: Ватэрлоо, Токіо, сальфеджыо. Стала: Ватэрлоа, Токіа, сальфеджыа.
2.2. Пашыраецца прынцып якання ў лічэбніках і запазычаных словах.
Было: дзевяты, дзесяты, семнаццаць, васемнаццаць, пяцьдзесят, аўдыёкасета, плеяда. Стала: дзявяты, дзясяты, сямнаццаць, васямнаццаць, пяцьдзясят, аўдыякасета, пляяда.
3.3. Змены ў напісанні ненаціскнога пачатковага у пасля галосных у запазычаных словах.
Пісалася: ва універсітэце, для уніята. Цяпер: ва ўніверсітэце, для ўніята.
4.4. Адбудуцца змены ў напісанні у ў спалучэнні галосных у запазычаных словах.
Было нескарочанае напісанне: раунд, сауна, фауна. Будзе: раўнд, саўна, фаўна.
Адбудуцца змены ў напісанні вялікай літары.
1.1. З вялікай будуць пісацца сакральныя імёны: Бог, Святая Тройца, Божая Маці.
2. 2. Прыметнікі, утвораныя ад слова Бог: Божы суд, Божы храм, Божая ласка.
З малой літары слова бог будзе пісацца ва ўстойлівых выразах, незвязаных са зваротам да Бога: збаў божа, ратуй божа, хай бог крые.
3. 3. З вялікай літары будуць пісацца ўсе словы ў найменнях вышэйшых органаў заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады Рэспублікі Беларусь і іншых краін: Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь.
4. 4. З вялікай літары будуць пісацца словы або спалучэнні слоў, якія з’яўляюцца афіцыйнымі назвамі вышэйшых дзяржаўных і рэлігійных пасад: Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, Мітрапаліт Мінкі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, Папа Рымскі.
5.5. З вялікай літары будуць пісацца аднаслоўныя і першае слова у састаўных назвах дзяржаўных, традыцыйных і рэлігійных святаў: Свята працы, Вялікдзень, Ушэсце, Каляды, Купалле, Вялікая субота.
6.6. Асобная змена датычна напісання назвы старабеларускай дзяржавы. Было: Вялікае княства Літоўскае. Цяпер: Вялікае Княства Літоўскае.
Гэта не ўсе змены ў правапісе. Больш падрабязна пра іх шукайце ў спецыялізаваных выданнях.
Ігар Гетман.