«КАМАРОЎКА» ПАЧАЛА СЯЎБУ ЯРАВЫХ | Заря над Бугом

«КАМАРОЎКА» ПАЧАЛА СЯЎБУ ЯРАВЫХ

Зранку ў чацвер мы пазванілі галоўнаму аграному ААТ “Камароўка” Сяргею Віктаравічу Чарэпку: “Ну, як справы?”

— Прыязджайце, хлопцы. Праз гадзіну чакаю вас у Барысах.

А справа ў тым, што гаспадарка прыступіла да сяўбы яравых. Першай, здаецца, ў рэспубліцы. Хацелася з гэтай нагоды даць падрабязны рэпартаж, аднак газетнай плошчай вельмі абмежавалі, таму паведамім пра самае галоўнае.

— Напішыце, калі ласка, пра нашы дарогі, — папрасіў нас, павітаўшыся, Сяргей Віктаравіч. – Колькі разоў званілі ў ДРБУ-138: падраўняйце грэйдэрам дарогу Дамачава-Чэрск-Дубок, а рэакцыі ніякай. Вось праедзем – пабачыце самі…

Праехалі. Убачылі. Адчулі. “Ніва” агранома скрыпела, хісталася, узлятала, як лёгкая каравела на акіянскіх хвалях, але ж упарта ішла наперад. А цяпер уявіце, як “трасе” сельгастэхніку на такіх дарогах. Аддаем такія грошы за сучасныя трактары-сеялкі, а прасцейшага – падрыхтаваць пераезды-дарогі – ніяк не навучыліся. Ці не хочам? (Гэта пытанне мы адрасуем нашым дарожнікам!)

За рулём Сяргей Віктаравіч вельмі ўважлівы. На пытанні адказвае коратка, ясна, канкрэтна. Тлумачыць: на ўчастку Барысы палявыя работы пачаліся на гэтым тыдні, але зроблена ўжо шмат чаго. Штодня выходзіць 6 культыватараў. Сёння адна сеялка працуе тут, другая на ўчастку Камароўка. Пачынаем сеяць авёс і адналетнія травы. Уключана ў работу мехзвяно — пагрузчык і чатыры угнаеннераскідвальнікі. За трактарамі пускаем дыскавыя баронкі. На ўсіх аперацыях работа арганізавана ў дзве змены. З сённяшняга дня ўсім, хто працуе ў полі, прывозяць гарачыя абеды. Пакуль што ў спісе-заяўцы 30 чалавек. Сяўбу яравых, запэўніў Сяргей Віктаравіч, гаспадарка закончыць да канца сакавіка.

На азімым полі паблізу вёскі Чэрск механізатар Аляксандр Іванавіч Мазарук працаваў на самаходным апырсквальніку “BERTHOUD”. Размах штангі – 24 метры! За светлавы дзень машына апрацоўвае каля 100 га. Трактарысту ў рабоце дапамагае бартавы навігатар – электроннае прыстасаванне, якое сочыць за хуткасцю і дакладнасцю руху машыны, контурам поля і станам мясцовасці, кантралюе ўвесь рабочы працэс. У адным звяне з Мазаруком працуе Васіль Васільевіч Пятроўскі. Сёння ў яго – дзень нараджэння. З 35-гадовым юбілеем павіншавалі механізатара і мы, пажадалі здароўя, шчасця і, вядома, добрага ўраджаю.

Пачатак сяўбы – падзея адметная нават для тых, хто кожны дзень працуе на ўраджай. На 38-гектарнае поле каля вёскі Барысы, дзе пачаў сеяць авёс малады, але ўжо вопытны механізатар Вадзім Здышчук, прыехалі начальнік участка Любоў Аляксееўна Кірычук і аграном Ігар Леанідавіч Нікалайчук. Не ўцярпеў, прышыбаваў на сваёй легкавушцы і зменшчык Сяргей Нікалайчук. Калі магутны “Джон Дзір” зрабіў першы круг і спыніўся, людзі не стрымаліся, пайшлі да сеялкі і ўважліва, нават прыдзірліва, агледзелі апарат, праверылі якасць сяўбы. Задаволеныя вярнуліся на “назіральны” пункт” – насыпную палявую дарогу. У адрозненне ад той, па якой мы дабіраліся ў Чэрск, гэта была роўненькая, як нацягнутая струна.

Мікалай ПАЎЛЮКОВІЧ, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК;

Сямён ІВАНЕНКА, кар. “Зари над Бугом”

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!