МАЁ СЭРЦА Ў ХРАМЕ БОЖЫМ | Заря над Бугом

МАЁ СЭРЦА Ў ХРАМЕ БОЖЫМ

Ёсць у Брэсцкім раёне нічым не прыкметная вёска Вільямовічы. Але непрыкметнасць гэта чыста ўмоўная, бо на самым яе ўскрайку стаіць, занядбаная калісьці, царква Узнясення. Яна, з нахіленым купалам, пашкоджаным дахам, выбітымі вокнамі і паламанымі дзвярыма ўсё болей і болей, асабліва ў апошні час, прыцягвала чалавечую ўвагу. І сапраўды, як помнік архітэктурыХІХ стагоддзя мог і надалей заставацца без увагі, калі паўсюль ідзе працэс духоўнага адраджэння. Цяпер Вільямовіцкая царква Ушэсця – найвялікшы гонар мясцовых жыхароў. Яна паступова адраджаецца, прыгажэе на вачах, набывае свой першасны выгляд.

Царква была закладзена 14 верасня 1869 года. Будоўля цалкам завяршылася праз трыццаць гадоў. Прыход уключаў тры вёскі – Вільямовічы, Чыжэвічы, Рудавец. Вільямовіцкія старажылы гавораць, што на вялікія рэлігійныя святы мноства людзей сыходзілася ў царкве. З прыходам савецкага ваяўнічага атэізму на храм павесілі замок, бацюшка пераехаў у іншую мясцовасць. Абразы, укрыжаванне і некаторыя культавыя прадметы схавалі ў сябе вернікі. Хутка настаў час, калі царква пачала замінаць мясцовым уладам нават сваім існаваннем. У 1962 годзе пачалося разбурэнне храма. З гэтым, дарэчы, звязана шмат неверагодных гісторый. Гавораць, што доўга прадстаўнікі мясцовай улады не маглі зняць крыж з галоўнага купала. Калі намаганнямі людзей з гэтым не справіліся, вырашылі падключыць тэхніку. Доўгім сталёвым тросам абвязалі крыж, прычапілі трос да трактара і паспрабавалі зламаць сімвал хрысціянскай веры, але трос нечакана лопнуў і смяротна параніў аднаго з удзельнікаў руйнавання. Мясцовыя жыхары гавораць, што ніхто з удзельнікаў гэтай акцыі не памёр сваёй смерцю. Пазней былі яшчэ спробы зламаць крыж, але ён не скарыўся – так і заставаўся на царкве, як знак непераможнасці Хрысціянства.

Пасля згаданых падзей падымаць руку на Божы храм ніхто болей не адважыўся. Яго вырашана было прыстасаваць пад амбар. Але ж і гэтая ідэя не спраўдзілася – збожжа, засыпанае ў жніўні, да верасня амаль усё сапрэла.

Тады царкву проста зачынілі, і да 2004 года яна стаяла занядбанай. Толькі 14 верасня 2004 года ў ёй зноў адбылося набажэнства.

Памятаю, у дзяцінстве я марыла, гледзячы на пакрэмзаныя надпісамі сцены Вільямовіцкай царквы, на зарослы дрэвамі цвінтар, на якім валяліся бутэлькі і недакуркі, што Божанька пашле нам ласку калі-небудзь маліцца ў гэтым храме. Нам жа, каб трапіць на службу, патрэбна было дабірацца за некалькі кіламетраў у суседнюю вёску. Ужо тады маё дзіцячае сэрца, магчыма, адчувала, што гэта мара спраўдзіцца.

Зараз царква амаль адноўлена. І ўсё дзякуючы нашаму настаяцелю айцу Анатолію (Пашкевічу). Ён чалавек вельмі энергічны, ніколі не губляе надзеі на поспех запланаванай справы, з дапамогаю Усявышняга сумленна служыць Яму і людзям. Айцец Анатоль – прыклад хрысціяніна для прыхажан, ён заўсёды падтрымае, скажа цёплае слова ў патрэбны час. Ён вельмі працалюбівы, мэтанакіраваны. Пачынаючы з 2005 года, бацюшка кіруе аднаўленнем храма. Вернікі маглі бачыць а. Анатолія з сякерай ці рыдлёўкай у руках падчас расчысткі тэрыторыі, з малатком на будаўнічых рыштаваннях. Кожны дзень бацюшка рупліва працуе разам з дызайнерамі, будаўнікамі і мастакамі на аднаўленчых работах.

Я сустэлася са святаром і задала яму некалькі пытанняў.

— Айцец Анатоль, як Вы адважыліся ўзяцца за аднаўленне Вільямовіцкай царквы – вельмі адказную і цяжкую працу?

— Па блаславенню архіерэя – епіскапа Брэсцкага і Кобрынскага Іаана.

Епіскап мяне асабіста не ведаў, але абраў для гэтай адказнай справы на славу Божую. Я атрымаў прызначэнне ў Вільямовічы ў 2004 годзе, а з вясны 2005 узяўся за працу.

— Ці лёгка зараз, у час крызісу, знайсці спонсараў (фундатараў) для аднаўлення Божага храма?

— Такіх людзей і ў некрызісны час знайсці цяжка, — смяецца а. Анатоль. –Дапамагаюць у асноўным блізкія і родныя, ды яшчэ тыя, хто не абыякавы да лёсу Божага дома. А фінансавыя праблемы ўвесь час ёсць. На гэты тыдзень у мяне ёсць грошы заплаціць, а на наступны няма.

— Айцец Анатоль, раскажыце крыху пра свае планы.

— Яны ў мяне самыя маштабныя – зрабіць наш храм такім, каб душа чалавечая адчувала тут радасць. Храм, які доўга будзе служыць людзям і дапаможа ім прыйсці ў лона Царквы Божай. Царква-блізнец нашай царквы ёсць у Токіа – сталіцы Японіі, толькі тая царква Уваскрэсення, а нашая Ушэсця (Узнясення). Вось бачыш, якая яна, — бацюшка паказвае мне фота японскай царквы. – Я хачу, каб наш храм быў не горшы за той.

— Чаго б Вы хацелі пажадаць усім сваім прыхаджанам?

— Чысціні – духоўнай і цялеснай, каб людзі, гледзячы на Божы дом, радаваліся і рабілі свае дамы падабенствам храма. Не толькі вокнавым падабенствам, але і ўнутраным, таму што сям’я – гэта малая царква. Няхай Гасподзь будзе з усімі намі.

Ганна СЕНЬКАВЕЦ

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account