«МЫ, БЕЛАРУСЫ…» | Заря над Бугом

«МЫ, БЕЛАРУСЫ…»

Матэрыял, які сёння я прапаноўваю ўвазе чытача, не ставіць на мэце дэтальны і ўсеабдымны аналіз таго, што было сказана і прынята на Чацвёртым Усебеларускім сходзе 6 – 7 снежня. Гэта хутчэй суб’ектыўныя запіскі аднаго з удзельнікаў, напісаныя на аснове уражанняў ад падзеі.

Дзесяць год за тры гадзіны.

Асноўная частка першага дня работы – выступленне Кіраўніка краіны, які ў першых словах звярнуўся да гісторыі і патрыятычных каштоўнасцяў народа, згадаў Полацк і Тураў як крыніцы нашай дзяржаўнасці і дэмакратызму.

У больш чым трох гадзінах прамовы Аляксандр Лукашэнка абмаляваў 10 год жыцця Беларусі – пяць з іх мінула, яшчэ пяць – наперадзе.

Значная частка даклада была прысвечана беларускай сельскай гаспадарцы, Праграме адраджэння і развіцця вёскі, якая паставіла на мэце, па словах Кіраўніка Беларусі, выратаванне “асновы і душы народа”.

Адзін з вынікаў Праграмы той, што сёння 63 краіны свету купляюць прадукцыю сельскай гаспадаркі Беларусі на суму больш як 2 мільярды даляраў. Мэта наступных 5 год – выйсці на лічбу экпарту сельскагаспадарчай вытворчасці ў 7 мільярдаў – гэта столькі, колькі дае нам экспарт калійных угнаенняў.

Другая палова дня – час работы делегатаў у секцыях. У адной з іх працавалі работнікі культуры, аховы здароўя, журналісты. Праходзіла пасяджэнне ў Нацыянальнай бібліятэцы.

Традыцыйнасць мерапрыемства парушыла яркае выступленне кіраўніка Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча. Кіраўнік Касцёла нагадаў прысутным словы Папы Яна Паўла Другога, які параўнаў Праваслаўе і Каталіцызм з двума паловамі лёгкага, якімі дыхае Еўропа. Па словах Тадэвуша Кандрусевіча, Беларусь можа і павінна дыхаць на поўныя грудзі дзякуючы таму, што якраз на нашай зямлі сходзяцца дзве Апостальскія Царквы – Праваслаўная і Каталіцкая.

Увечары – канцэрт “Беларусь незалежная” на “Мінск-арэне”. Сярод больш як дзесяці тысяч гледачоў – і дэлегаты Сходу. Цудоўнае відовішча з удзелам “Песняроў”, Мікалая Скорыкава, Анатоля Ярмоленкі, Анжалікі Агурбаш, Ірыны Дарафеевай і іншых беларускіх выканаўцаў стала дастойным фіналам першага дня работы.

“Я нарадзіўся ў вёсцы Камароўка”

Другі дзень работы пачаўся з выступленняў дэлегатаў.

Адным з найбольш запамінальных стала выступленне Пятра Клімука, якое ён пачаў словамі “Я нарадзіўся ў вёсцы Камароўка Брэсцкай вобласці”.

Да Камароўкі ў сваім выступленні Клімук звярнуўся яшчэ раз, расказваючы пра тое, як вазіў у Брэст дэлегацыю з Кітая. Здавалася б, хіба можна здзівіць прадстаўнікоў краіны, якая сама сёння здзіўляе свет? Аказваецца, можна. Ад убачанага ў Брэсцкім раёне замежныя госці, па словах Пятра Ілліча, прыйшлі ў стан эйфарыі: новыя дамы, сучасная школа, цудоўны рэстаран, птушкафабрыка і шмат іншага. Вывад з убачанага быў адпаведны: “У вас выдатна працуюць людзі і ў вас сапраўдны Кіраўнік краіны”.

Доўга трымаў экзамен кіраўнік будаўнічага трэста №8 Міхаіл Водчыц – больш 20 хвілін. У выніку – пахвала Прэзідэнтам брэсцкіх будаўнікоў і прызнанне Аляксандра Рыгоравіча: “Я люблю Брэст. Гэта горад маёй маладосці”.

Пад завяршэнне размовы на трыбуне яшчэ адзін ураджэнец Прыбужжа – рэктар Брэсцкага тэхнічнага універсітэта, кіраўнік абласной арганізацыі аб’яднання “Белая Русь”, давераная асоба кандыдата ў Прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі Пётр Пойта. Пётр Сцяпанавіч спыніўся найперш на пытанні забеспячэння вышэйшымі навучальнымі установамі краіны прыярытэтных кірункаў эканомікі Беларусі.

Апошняй выступала прадстаўніца беларусаў Эстоніі, Ніна Савінава. Ярка, эмацыйна дала ацэнку сучаснай Беларусі, параўнаўшы яе з “краінай жорсткага капіталізму”, якой сёння з’яўляецца Эстонія. Нагадала, што ў Беларусі не толькі мільёны яе дзяцей, што жывуць на Бацькаўшчыне, але і тры мільёны раскіданых па свеце. Адзінае пажаданне яе было – каб Пяты Сход беларускага народу гаварыў больш па-беларуску. Кіраўнік дзяржавы адрэагаваў імгненна, перайшоўшы на беларускую мову: “Мы чакаем вас. Прыязджайце, вас тут не хапае”.

Зыходзячы са сказанага вышэй.

Які ж галоўны вывад з гэтых двух дзён? Ён адзін – Беларусь адбылася як дзяржава. Дзяржава сучасная, стабільная і упэўненая ў сабе. Дзяржава, якая была створана народам, што на працягу пакаленняў не меў вопыту незалежнага існавання. Сёння мы ведаем, што абазначаюць паняцці нацыянальная еднасць, нацыяльны гонар, агульная гістарычная доля. Мы ведаем, якім павінен быць сапраўдны лідэр, бацька нацыі, каб гэта нацыя і надалей упэўнена прабівала сабе шлях, займаючы належнае ёй месца ў Еўропе і свеце.

Аляксандар Лукашэнка даў людзям упэўненасць і веру ў заўтрашні дзень. Гістарычны вопыт паказвае, што якраз такі кіраўнік неабходны краіне ў час станаўлення дзяржаўнасці. Кіраўнік моцны, які можа прымаць рашэнні і браць адказнасць на сябе. Праз такі перыяд праходзілі ўсе дзяржавы ў час іх нараджэння. Моцнай рукой у даваенны час кіраваліся Польшча, Літва, Латвія. Моцнай рукой кіруюцца шмат якія краіны былога Савецкага Саюза, якія, як і мы, не мелі вопыту самастойнага існавання.

Мы бачылі, як гэты непісаны закон спрабавала ігнараваць Україна, якая сёння парадкуе сваю палітычную сістэму, стаміўшыся ад спалучэння замежных узораў “дэмакратыі” і не лепшых традыцый казацкай вольніцы.

Памятаеце адну з ключавых фраз Станіслава Шушкевіча, калі да яго звярталіся па тым ці іншым пытанні: “ У мяне няма паўнамоцтваў”. На момант прыходу да ўлады іх не было і ў Лукашэнкі. Але ён іх узяў. Узяў са згоды народа праз волевыяўленне грамадзян сваёй краіны на выбарах і рэферэндумах.

Сёння гэта вопытнейшы палітык, ужо старажыл па палітычных мерках. Ён і сёння захоўвае сваю харызму, ўменне пераканаць у сваёй рацыі наш народ.

Так было і на гэты раз. Папера не перадасць тую асаблівую атмасферу, якая панавала ў зале Палаца Рэспублікі ў час выступлення Кіраўніка Адроджанай Бацькаўшчыны. Гэта была атмасфера нацыянальнай згоды і жадання далейшага руху наперад, якая аб’яднала ў адно цэлае міністраў, кіраўнікоў абласцей, сялян, рабочых, ветэранаў, моладзь, праваслаўных, каталікоў, дыяспару без кожнага з іх беларускі народ быў бы няпоўным.

Мы доўгі час былі народам плебейскім, пазбаўленым ўласнай эліты. Тыя людзі, што павінны былі б рабіць на карысць уласнай Бацькаўшчыны, рабіліся здабыткам іншых народаў і краін. Фармаванне ўласна беларускай эліты пачалося ў савецкі час і працягваецца сёння. Гэты працэс яшчэ не завершаны, але ён ідзе. Ідзе працэс не проста разбудовы дзяржаўнасці. Ідзе пазнанне самых сябе, сваіх этнічных і гістарычных каранёў. Гэтым словам я знайшоў пацверджанне на самым сходзе, паназіраўшы за кніжным гандлем, што ішоў да пачатку пасяджэнняў у сценах Палаца Рэспублікі. Найлепш разыходзіліся кніга Роя Мядзведзева, прысвечаная Аляксандру Лукашэнку, “Залатыя правілы народнай культуры” Янкі Крука і Аксаны Катовіч і кнігі Міхаіла Галдзянкова “Русь. Другая история” і “Утраченная Русь”, якія ўяўляюць арыгінальны погляд аўтара на шмат якія падзеі гісторыі і дачыненняў Беларусі, Расіі, Украіны.

Калі я апамятаўся і схацеў купіць кнігу апошняга з названых аўтараў (астатнія з пералічаных чытаў), яе ўжо не было, расхапалі. Але гаспадары імправізаванай кніжнай крамы за час першай часткі пасяджэння давезлі дэфіцытны тавар і кніжны голад скончыўся. Яшчэ на другі дзень нехта на суседнім з дэлегацыяй нашага раёна радзе прынёс перад пачаткам работы кніжкі Галдзянкова і Крука-Катовіч (астатняя амаль адразу павандравала на наш рад, у рукі Аляксея Сцяпанавіча Скакуна).

Харошы паказнік. Мы застаемся народам, у якога можа быць дэфіцыт кнігі.

Ігар Гетман.

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!