ПАМЯТАЙ ПРА СВАЮ БЕЛАРУСКУЮ ДУШУ | Заря над Бугом

ПАМЯТАЙ ПРА СВАЮ БЕЛАРУСКУЮ ДУШУ

Адзінаццаты год адзначаецца Дзень роднай мовы. У розных краінах, у залежнасці ад актуальнасці моўных пытанняў, адзначаецца па-рознаму адзначаецца гэты дзень.

У Беларусі гэты дзень з кожным годам набывае больш вядомасці і папулярнасці. Прычына гэтай актуальнасці відавочна: сёння беларуская мова знаходзіцца ў ліку тых, якім пагражае знікненне. Імкліва зніжаецца колькасць людзей, што карыстаюцца беларускай мовай у паўсядзённым жыцці і тых, хто лічыць яе роднай.

Ці магчыма ў сённяшніх умовах глабалізацыі калі не спыніць, то хаця б замарудзіць працэс моўнай асіміляцыі беларусаў? Што спрыяе страце нацыянальных рысаў, галоўнай сярод якіх з’яўляецца мова?

На наш розум, дапамагчы беларусам застацца беларусамі сёння могуць найперш сістэма адукацыі і сродкі масавай інфармацыі. Можа, якраз таму ў нашых школах з рускай мовай навучання праводзяцца не Дні, а Тыдні роднай мовы.

У рамках правядзення такога Тыдня ў Вістыцкай базавай школе адбылася сустрэча педагагічнага калектыва і вучняў з кандыдатам гістарычных навук, вядомым беларускім археолагам Аляксандрам Башковым і рэдактарам раённай газеты Ігарам Гетманам.

Моўная, гістарычная, археалагічная спадчына беларусаў была ў цэнтры ўвагі размовы.

Як вядома, колькасць носьбітаў беларускага слова скарачаецца таму, што старэйшае пакаленне (пераважна беларускамоўнае) адыходзіць, а маладзейшыя беларускай мовы не ведаюць. Але дзеткі ў Вістычах прыемна здзівілі гасцей: хіба за выключэннем аднаго-двух, рэшта старалася гаварыць з гасцьмі па-беларуску. У гэтым, відаць, не астатняя заслуга рупліўца беларускага слова, настаўніка, кандыдата філалагічных навук Міколы Аляксандравіча Новіка. Вялікую цікавасць выклікалі ў школьнікаў звесткі пра археалогію, якія ім у займальнай форме прадставіў Аляксандр Башкоў. Зрэшты, у тым месцы, дзе знаходзіцца школа, здаецца немагчыма не цікавіцца гісторыяй: побач школьнага будынка знаходзіцца адрэстаўраваная калона, якой у часы Рэчы Паспалітай шляхта пазначала свае ўладанні (часам такія калоны лічаць помнікамі ў гонар шляхецкіх вольнасцяў або Канстытуцыі 3 мая 1791 года) і велічны старадаўні касцёл 17 стагоддзя (сёння царква).

Цікавасць да краязнаўства, спробы гаварыць па-беларуску паказваюць нам тое, што ментальна, часам падсвядома мы ўсё роўна імкнемся не паддавацца асіміляцыі. Усё роўна стараемся захаваць сваю беларускую душу. Акрамя вістыцкага, можна прывесці і іншыя эпізоды. У другой школе Прыбужжа, у Тэльмаўскай, у час калядных святаў вучні арганізавалі выставу “Бабулін куфэрак”. Як гаварылі самі настаўнікі, актыўнасць школьнікаў, якія зрабілі сапраўднае фальклорнае свята, у якім было месца як знакам матэрыяльнай культуры, так і старадаўнім традыцыям, было вартае здзіўлення. А гэта яшчэ адно сведчанне пра тое, што ў тым або іншым выглядзе жыве самабытная народная душа, якую не можа змяніць, на якую не заўсёды ўплывае нават прысутнасць побач вялікага горада, які нівелюе, знішчае арыгінальныя нацыянальныя рысы, што традыцыйна захоўвала вёска.

У гэтым сэнсе мы па-добраму пазайздросцілі той атмасферы, што пануе ў школе пад кіраўніцтвам Алены Мельнік. А што найбольш уразіла, дык гэта тое, што проста ў калідоры мы пабачылі выстаўку сучасных, прыгожых, нятанных беларускіх выданняў, падабраных спецыяльна да Тыдня роднай мовы. Рэакцыяй на здзіўленне гасцей, што без нейкага асаблівага нагляду, абсалютна безабаронна знаходзяцца кнігі, якія, як вядома, часта робяцца ахвяраю нядобрасумленных вучняў, былі словы: “Што вы, ў каго падымецца рука на кнігу. Нашы вучні як кашалёк знойдуць, то прынясуць у настаўніцкую”.

Здавалася б, дробязь. Але яна дала надзею на тое, што гэтым дзеткам, пра якіх ішла размова, праз пэўны час будзе што пакласці ў “Бабулін куфэрак ” ужо сваім унукам. Дай Божа!

Алег Кунец.

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!