САКАВІК. ВЫХОДЗІМ У ПОЛЕ | Заря над Бугом

САКАВІК. ВЫХОДЗІМ У ПОЛЕ

Сёлетняя вясна здзіўляе перш за ўсё імклівасцю. Яшчэ на ўскрайку леса ляжаць гурбы счарнелага снегу, а побач, непадалёку ад шумнай аўтатрасы Брэст-Ковель, ужо снуе МТЗ-1221, які счэплены з “amazone-5500”, і ўносіць мінеральныя ўгнаенні пад шматгадовыя травы.

— Падкормліванне раслін мы пачалі ў сераду, 9 сакавіка, — тлумачыць кіраўнік паляводчай брыгады Юрый Аляксандравіч Ахрамчук. – Кожны дзень што-небудзь рабілі, асцярожна, павольна, памаленьку. А ўжо ўчора, у нядзельку, размахнуліся як мае быць – 137 гектараў апрацавалі.

— Някепска, — згаджаецца і дырэктар гаспадаркі Віталій Анатольевіч Шпак. – Хацелася б, каб былі азначаны ў “раёнцы” трактарысты Мікалай Якаўлевіч Пастушык, Вадзім Юр’евіч Барысюк, Валерый Міхайлавіч Гардзееў, вадзіцель Васіль Віктаравіч Замкавец, паляводы Юлія Міхайлаўна Карпук і Анатоль Віктаравіч Трафімук. Выхадны дзень быў, лічыце, а яны шчыравалі…

На дырэктарскім усюдыходзе без прыгод дабраліся да поля, на якім з самага ранку працуе Вадзім Барысюк. Хлопцу ўсяго толькі 21 год. Адслужыў ва Узброенных Сілах. Пытаемся, кім быў у войску.

— Сапёрам, — адказаў механізатар.

Што ні кажыце, а нам здалося, што свой блакітны МТЗ Вадзім Юр’евіч водзіць занадта ўжо акуратна.

— Хутчэй проста нельга, бачыце – вада блішчыць?!

У кожнай канаве, у кожнай лужыны – адбіткі сонца. Толькі напачатку вясны адчуваеш, як чакае цяпла зямелька. Яшчэ не чутна птушак, яшчэ нідзе не сустрэнеш першацветаў – аднак усёю істотаю адчуваеш хуткія змены ў прыродзе.

— У горад не цягне? – дапытваемся ў маладога хлопца.

— Пакуль што не, — адказвае Вадзім.

Пытанні нашыя яго не бянтэжаць, адказвае стала, разважліва, памяркоўна. І ў горадзе проста так зарплату не атрымаеш, трэба працаваць. А дома, у Мухаўцы, чым пагана? Усе тут знаёмыя, усё ведаеш, работы – толькі спраўляйся. Пакуль малады, то што енчыць?

637 гектараў сенакосаў і адгоннай пашы, на якіх працавалі ў гэтыя дні механізатары – толькі “рэпетыцыя” разгорнутых вяснова-палявых работ у гаспадарцы. Для брыгадзіра Юрыя Ахрамчука наступаючая вясна – толькі другая ў працоўнай біяграфіі. Два гады назад ён закончыў Пружанскі коледж і быў накіраваны ў “Мухавец”. І людзі, і гаспадарка, і праца ўвогуле спадабаліся маладому спецыялісту, Юрый Аляксандравіч не збіраеца вяратацца на радзіму. Як толькі прыехаў і ўладкаваўся на працу, падаў у адміністрацыю прадпрыемства заяву на кватэру. Самі чулі, як дырэктар паабяцаў брыгадзіру:

— Як толькі пабудуем 18-ці кватэрны дом – абавязкова выдзелім, не хвалюйся. Спецыялісты нам патрэбны!

Захаваць кадры на сяле – першачарговая задача кіраўнікоў гаспадаркі і прафсаюза. Тым больш, што і для жонкі маладога брыгадзіра, пэўна, знойдзецца работа: яна заканчвае ўжо Мазырскі дзяржаўны ўніверсітэт.

Вось такія жыццёвыя справы. Мусім дадаць яшчэ, што заўважаны рух не толькі на палетках. Самі бачылі, як дружненька выйшлі жанчынкі з мётламі, венікамі і граблямі на ўборку тэрыторыі вакол збожжасховішча, як мітусіліся на мехдвары людзі, рыхтуючыся да генеральнага дзяржаўнага тэхагляду тэхнікі.

Галоўны аграном гаспадаркі Андрэй Мікалаевіч Балкоўскі і аграном-аграхімік Анатоль Васільевіч Савіцкі добра валодаюць інфармацыяй. Галоўнае цяпер, кажуць яны, не ўпусціць час, каб падкарміць азімыя. Уважліва сочаць спецыялісты гаспадаркі за апошнімі навінамі: якое надвор’е будзе ноччу? Каб з самага досвітку паслаць патрэбную тэхніку і людзей у пэўнае ўрочышча.

Сямён ІВАНЕНКА

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!