ТАКІ ДЗІВОСНЫ НОВЫ ГОД | Заря над Бугом

ТАКІ ДЗІВОСНЫ НОВЫ ГОД

Традыцыі святкавання Новага года ва ўсіх народаў свету маюць багатую культурна-гістарычную аснову, і наша краіна тут не з’яўляецца выключэннем. Калі ж адзначаўся Новы год у Беларусі? Земляробчыя святкаванні Новага года вядомы вясной, летам, восенню і зімой.Такі дзень звычайна адпавядаў пэўнаму становішчу на небе свяцілаў: сонца, месяца, некаторых зорак. Найчасцей гэта было”пасля поўні”, у першы маладзік пасля веснавога раўнадзенства (20-21 сакавіка), летняга сонцастаяння (21-22 чэрвеня), восеньскага раўнадзенства (22-23 верасня) і зімовага сонцастаяння (21-22 снежня).

У народным календары найбліжэй да названых дзён стаяць і адпавядаюць навагодняй традыцыі наступныя святы: увесну-Вялікдзень (Пасха); Казімір у католікаў (4 сакавіка); Благавешчанне (Звеставанне) (7 красавіка/25 сакавіка, свята прылёту буслаў, абрад “гукання вясны”); улетку-Купалле; увосень-Багач, Другая Прачыстая; узімку-Каляды і Варвары.

Старажытныя славяне-язычнікі ,прыняўшы Хрысціянства ,перайшлі на юліянскі каляндар, які атрымаў сваю назву ў гонар Юлія Цэзара, ініцыятара рэформы летазлічэння. Адпаведна гэтай рэформе, Новы год пачалі святкаваць з 1 студзеня, а працягласць года стала складаць 365,25 сутак.

У VIII ст. была прынята новая эра-ад Дня нараджэння Ісуса Хрыста, 25 снежня . Год нараджэння Сына Божага стаў лічыцца нулявым.

Але нават стаўшы хрысціянамі, славяне працягвалі святкаваць Новы год не з 1 верасня, як у Візантыі, адкуль і прыйшло да нас Хрысціянства, і не з 1 студзеня, як у Рыме, а па сваёй старажытнай традыцыі- увесну, 1 сакавіка.

Дні адраджэння прыроды, першых палявых работ лічыліся вялікімі, бо , як кажа прыказка, год корміць.У гэты перыяд народы, асноўным сродкам існавання якіх было земляробства, сустракалі надыход новага года свайго жыцця. У славянскай назве свята Вялікдзень (у палякаў і чэхаў “вялікая ноч”) — падкрэслівалася яго значнасць і працягласць.

Пунктам адліку для яго звычайна было веснавое раўнадзенства ці першы веснавы маладзік.

Новы год традыцыйна суправаджаўся ачышчальнымі абрадамі, мэтай якіх было развітанне чалавека з усім кепскім, што павінна было застацца ў мінулым годзе.

Найбольш важным у плане ачышчэння лічыўся дзень, назва якога замацуецца пазней у царкоўнай традыцыі як “чысты чацвер”. Асаблівую увагу надавалі вадзе, якая давала сілу, абараняла ад ліха. Нашы продкі, мыючыся ў гэты дзень вадой, верылі, што будуць здаровымі ўвесь год.Таксама ў вясновыя святы славяне разгойдваліся на арэлях, што лічылася ачышчэннем ветрам. Вельмі важным было і правядзенне абрадаў у полі, што давала надзею на добры ўраджай.

Гісторыя змен у календары, звязаных з перанясеннем даты Новага года, не простая.Рэформы нярэдка выклікалі супраціўленне народа, які шанаваў традыцыі мінулага і падазрона ставіўся да новаўвядзенняў. Адчуваецца, што больш старажытныя вясновыя і зімовыя традыцыі супраціўляліся новай рэлігійнай абраднасці ў сялянскім побыце.

У ХVI ст. адбываецца пераход да новага грыгарыянскага календара.Справа ў тым, што папярэдні юліянскі адставаў ад астранамічнага года. За 128 гадоў набіраліся цэлыя суткі адставання. Таму ў 1582 годзе Рымскі Папа Грыгорый ХII правёў рэформу, у выніку якой каляндар стаў больш дакладным і разыходзіўся з астранамічным у адны суткі ўжо не за 128, а за 3323 гады.

Хутка гэта рэформа прыйшла і ў Беларусь — 9 студзеня 1584 года ў Вялікім княстве Літоўскім выйшла спецыяльная грамата, якая прадпісвала адзначаць святы па новым стылі. Але раптоўны пераход прывёў да блытаніны і нават трагедый.Як адзначае летапіс,”на тот же час было великое замешание промеж панами и промеж людми духовными, также и люди простыми было плачу великаго, нарекання силнаго, похвалки, посварки, забуйство, грабежи, заклинания, видячи яко новые свята установили…” Прынцыпова доўга карысталася старым календаром уніяцкая царква. У сваю чаргу сінод Рэчы Паспалітай неаднаразова вызначаў меры пакарання тым, хто карыстаўся старым летазлічэннем.

У Расіі ж яшчэ доўгі час карысталіся юліянскім календаром ,які прадпісваў адзначаць новы год вясной, затым — восенню. Толькі ў 1700 годзе выйшаў указ цара Пятра I аб святкаванні Новага года”Генваря съ 1 числа”, у якім між іншым прадпісвалася “учинить некоторыя украшенія отъ древъ и ветвей сосновыхъ,елевыхъ и можжевелевыхъ”. Ад гэтага часу,хутчэй за ўсё, і бярэ пачатак выкарыстанне навагодніх ялінак у Расіі.У Беларусі ж пакланенне дрэвам існавала і раней.З краін Заходняй Еўропы,у прыватнасці з Германіі,былі запазычаны жыхарамі нашых гарадоў,а на мяжы XIX i XX ст. атрымалі шырокую папулярнасць такія персанажы навагодніх святаў як Дзед Мароз і Снягурка.У беларускім вясковым побыце яны з’явіліся ўжо ў савецкі час, стаўшы часткай новай традыцыі.Правобразам Дзеда Мароза лічыцца святы Мікалай-адзін з найбольш шанаваных святых ва ўсім хрысціянскім свеце. Прыходу гэтага святога чакалі на Каляды і Новы год.Дзеткі загадзя рыхтавалі валёнкі, чаравічкі або шкарпэткі, куды св.Мікалай клаў святочныя падарункі, але толькі для тых малых , што былі паслухмянымі на працягу года. Падобная традыцыя характэрна і для некаторых рэгіёнаў Заходняй Беларусі (вядома ў некалькіх раёнах Гродзеншчыны і на Пружаншчыне).

Яшчэ да рэвалюцыі неаднаразова ставілася пытанне аб рэформе календара.Вымушана была вярнуцца да юліянскага летазлічэння і Беларусь ,далучаная да Расійскай імперыі ў канцы ХVIII ст.

У 1918 годзе ўжо савецкім урадам быў падпісаны дэкрэт аб пераходзе на грыгарыянскі каляндар. Адпаведна дэкрэту, датай, што ішла за 31 студзеня,у тым годзе стала не 1, а адразу 14 лютага.

Святы народнага календара ў Беларусі ў праваслаўных замацаваліся па старым стылі, а ў католікаў – па новым. Таму афіцыйна грамадзянскі Новы год адзначаецца па новым – з 31 снежня на 1 студзеня, а на большай тэрыторыі Беларусі Каляды – з 7 па 19 студзеня. Яшчэ і ў наш час шмат хто з беларусаў святкуе і так званы стары Новы год, які прыпадае на 14 студзеня.

Падрыхтаваў Дзмітрый Піскур

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!