УЗРОСТ — 500 ГАДОЎ | Заря над Бугом

УЗРОСТ — 500 ГАДОЎ

У нядзелю 17 кастрычніка вёска Камяніца-Жыравецкая адзначыла сваё 500-годдзе

Салідная дата, якая мае свой пачатак у часах “залатога веку” Вялікага Княства Літоўскага, як прынята называць 16 стагоддзе ў гісторыі нашай краіны. У тую пару беларускія землі перажывалі палітычны, эканамічны, культурны росквіт. Гэта эпоха дала нам першую друкаваную кнігу – Біблію, Літоўскія Статуты – узор юрыдычнай думкі, новыя формы гаспадарання і нават першыя спробы меліярацыі.

Летапісы і хронікі, гаспадарчыя дакументы упершыню фіксуюць у гэты час шмат назваў населеных пунктаў. Традыцыйна першая згадка на пісьме лічыцца датаю заснавання паселішча. Так адбылося і ў дадзеным выпадку: дакументы ўпершыню згадваюць Камяніцу-Жыравецкую ў 1510 годзе як вёску ў Берасцейскім павеце Трокскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. З 1566 года, калі ў дзяржаве была праведзена адміністрацыйная рэформа, Камяніца-Жыравецкая знаходзіцца ў складзе Берасцейскага ваяводства і з’яўляецца ўласнасцю Каталіцкага Касцёла.

Аднак наймацнейшы акцэнт арганізатары свята зрабілі на перыяд з 1939 года. Нават сам юбілей праходзіў на фоне вялікай старой хаты, ў якой на працягу дзесяцігоддзяў знаходзіліся самыя розныя ўстановы. Тут былі і сельсавет, і медпункт, і школа, і магазін, пра што нагадаў у сваім выступленні старшыня Мухавецкага сельскага Савета У.В. Майсакоў.

Першым старшынём сельскага Савета, дарэчы, быў сённяшні ганаровы грамадзянін Брэста В.П.Ласковіч. На свяце Васіль Пятровіч не змог прысутнічаць з прычыны ўзросту – яму амаль 97 год.

Арганізатары і госці свята не забыліся, здаецца, ні пра каго з тых, хто ствараў і стварае гісторыю вёскі. Яе жыхароў прывіталі старшыня раённага прафсаюза работнікаў АПК М.І. Паўлюковіч (на здымку), выконваючы абавязкі дырэктара прадпрыемства “Племзавод Мухавец” В.А. Шпак, былая дырэктар школы Н.Я. Кандыба, загадчыца бібліятэкі А.М. Цыбульская, настаяцель Свята-Пакроўскай царквы а. Мікалай.

На свяце была прадстаўлена выстаўка народнай творчасці, якая найлепш сведчыла пра беражлівае захаванне традыцый мінулага сучаснай вёскай.

Віншаванні гасцей і гаспадароў чаргаваліся з мастацкімі нумарамі, з якімі выступілі работнікі Мухавецкага сельскага Дома культуры.

Алег СУБТЭЛЬНІК

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!