ХТО ЖЫВЕ У ПРЫБУЖЖЫ? | Заря над Бугом

ХТО ЖЫВЕ У ПРЫБУЖЖЫ?

У Брэсцкім раёне, як і ва ўсёй Беларусі, ідзе актыўная прадвыбарная работа: удакладняюцца спісы выбаршчыкаў, абсталёўваюцца належным чынам памяшканні для галасавання, прыводзяцца ў парадак месцы, дзе будуць размешчаны агітацыйныя матэрыялы ўсіх кандыдатаў на пасаду Прэзідэнта краіны.

— Колькі ж насельніцтва сёння ў нашым Прыбужжы? – звярнуліся мы да начальніка аддзела статыстыкі Брэсцкага раёна Святланы Мікалаеўны Бягезы. – І колькі прыблізна выбаршчыкаў прыме ўдзел у выбарах?

— У спіскі, якія мясцовыя выканкамы перадалі ўчастковым камісіям, занесена 27300 выбаршчыкаў. Жыццё не стаіць на месцы, лічбы могуць змяніцца, але, мяркую, нязначна. Па перапісу насельніцтва, якое праводзілася ў Беларусі з 14 да 24 кастрычніка 2009 года, колькасць жыхароў Брэсцкага раёна саставіла на першы дзень пасля перапісу 39426 чалавек.

— А колькі было дзесяць гадоў назад?

— 45287 чалавек. Рэзкае змяньшэнне колькасці насельніцтва ў параўнанні з папярэднім перапісам тлумачыцца тым, што ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 1 ліпеня 2007 года №255 “Аб некаторых пытаннях адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўпарадкавання г. Брэста і Брэсцкага раёна” 11 населеных пунктаў раёна былі ўключаны ў межы горада, і зараз у Прыбужжы іх 142.

— Канешне, людзей у кожнай вёсцы ці ў аграгарадку – рознае?

— Безумоўна. У 50 населеных пунктах раёна (35,2%) пражывае сёння меньш 50 чалавек. У шасці вёсках – Забярэззе, Клімовічы, Херма, Няневічы, Карабаны і Кацельня Баярская – колькасць жыхароў у кожнай складае меньш 5 чалавек. У той жа вёсцы Няневічы, што ў Чарнаўчыцкім сельсавеце, зусім ніхто не жыве. Але вёсачка ўнесена ў межы Амялінскага ўчастка для галасавання. Больш таго: члены гэтага выбарчага ўчастка ўжо наведалі пустуючыя Няневічы, каб яшчэ раз пераканацца, што там ніхто пакуль не жыве.

— Цікавы факт… А якія населеныя пункты найбольш мнагалюдныя?

— У вёсцы Чэрні лічыцца 2685 жыхароў, у Чарнаўчыцах – 2453, у Вялікіх Матыкалах – 2378 і ў пасёлку Мухавец – 2178 чалавек. Я называю лічбы па стану на 14 кастрычніка мінулага года, карыстаючыся сведкамі перапісу насельніцтва 2009 года.

— Якая ўзроставая структура насельніцтва раёна?

— Людзі працоўназдольнага ўзросту складаюць 59,5%, старэйшыя – 22,3%. Астатнія 18,2% прыходзіцца на ўзрост маладзей працоўназдольнага. Звернем увагу на тое, што ў раёне наглядаецца працэс старэння насельніцтва: доля жыхароў старэйшага пакалення перавышае колькасць дзяцей.

— Сумна, канешне. Але будзем спадзявацца, што некалі ж карціна зменіцца?

— Пэўна… Хачу яшчэ сказаць, што згодна перапісу насельніцтва 2009 года доля жанчын у раёне склала 52,2% ад агульнай колькасці жыхароў. І яшчэ: ў сярэднім на кожных 100 нараджаных за год дзяўчынак у нас прыходзіцца 105-106 хлопчыкаў.

— І ўсе з народжаных – беларусы?

— Чаму толькі беларусы? На тэрыторыі раёна пражываюць прадстаўнікі 37 нацыянальнасцей і народнасцей. Дарэчы, у час перапісу насельніцтва ў спісы ўносілася нацыянальнасць, якую называў сам апытваны. Нацыянальнасць дзетак вызначалася бацькамі.

— Не скажаце, хто ж жыве ў Прыбужжы?

— Большасць жыхароў (83%) аднеслі сябе да карэннай нацыянальнасці – беларусы. 8,2% — рускія, 6,9% — палякі. Нязначную частку насельніцтва складаюць прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей і народнасцей. Я маю магчымасць назваць усіх. Гэта ўкраінцы, армяне, немцы, татары, малдаване, яўрэі, азербаджанцы, грузіны, літоўцы, латышы, эстонцы, казахі, таджыкі, туркмены, узбекі, аварцы, башкіры, кабардзінцы, комі, лакцы, лезгіны, марыйцы, мардва, асеціны, удмурты, чувашы, хакасы, комі-пермякі, гагаўзы, балгары, грэкі, карэйцы, румыны і фіны.

— А на якой жа мове гаворыць наш прыбужскі інтэрнацыянал?

— Пытанне распаўсюджання моваў вывучалася ў комплексе. Насельніцтву прапанавалася адказаць на тры пытанні: родная мова, мова, на якой звычайна размаўляюць дома, іншыя мовы, якімі свабодна валодаюць. Роднай назвалі мову сваёй нацыянальнасці 50,7% насельніцтва (па Брэсцкай вобласці – 60,1%). Дарэчы, пры перапісу 1999 года роднай мовай сваёй нацыянальнасці назвалі 82,6% апытаных (па вобласці – 84,1%).

— Вялікі дзякуй, Святлана Мікалаеўна, за цікавую і, думаю, карысную размову. Спадзяюся, што мы яшчэ не раз пачуем ад Вас шмат чаго новага і незвычайнага. Поспехаў Вам у працы!

Гутарыў Сямён ІВАНЕНКА

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!