ЧАРОЎНАЯ КАЗКА ПРЫБУЖСКАЙ СНЯГУРКІ | Заря над Бугом

ЧАРОЎНАЯ КАЗКА ПРЫБУЖСКАЙ СНЯГУРКІ

25 лістапада ў Лунінцы адбылося традыцыйнае ўзнагароджанне лаўрэатаў абласной прэміі імя Уладзіміра Калесніка. Дыпломы пераможцам уручаў намеснік старшыні аблвыканкама Леанід Цупрык. У намінацыі «Паэзія» лепшымі сталі Надзея Парчук за кнігі «Раскрыліўся бусел над хатай …» і «Зарунее жыта зноў…» ды Віктар Вабішчэвіч з Давыд-Гарадка за зборнік «Уражанне». Сярод празаікаў адзначаны Аляксандр Валковіч за кнігі «Алеся. Белавежскія сны » і «Бяроза белая. Бяроза чорная ». У намінацыі «Дзіцячая літаратура» прызнана лепшай кніга Алены Савосцінай (творчы псеўданім Зоя Гарадзецкая) «Казкі навагодняга лесу».

Прыемна, што трое з узнагароджаных наўпрост звязаныя з нашым раёнам. З творчасцю Надзеі Парчук знаёмы і нашы чытачы. На старонках газеты мы расказвалі аб таленавітай паэтцы з Вычулак, а яе вершы неаднаразова друкаваліся ў «Зары над Бугам».

Журналіст Аляксандр Валковіч, які нядаўна адзначыў свой 60-гадовы юбілей, некалькі гадоў працаваў у нашай раённай газеце. Знамянальна, што дзяцінства і юнацтва Аляксандра Міхайлавіча звязаны з гарадскім пасёлкам Дамачава, дзе тады жыла сям’я Валковічаў. Нашым чытачам ён, пэўна ж, запомніўся як аўтар публікацыі «Што могуць мадэратары?».

Аб творчай асобе: актрысе, складальніцы казак, студэнтцы (Алена вучыцца на трэцім курсе тэатральнага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў), а галоўнае — маці чатырох дзяцей — Алене Савосцінай, таксама не раз пісала наша газета. Маладая жанчына жыве ў пасёлку Мухавец. Яе кніга «Казкі навагодняга лесу», выдадзеная ў свет у снежні 2009 года выдавецтвам «Літаратура і мастацтва», разышлася накладам у 1600 асобнікаў. Добрая, вясёлая, поўная пацешных прыгодаў — яна стала сапраўдным навагоднім падарункам для многіх дзяцей, ды і дарослых. Кніга добрая тым, што казкі можна не толькі прачытаць, але і пагуляць у іх. Бо яны прадстаўлены ў жанры п’есы. Па словах Алены, плануецца выхад у свет другога выдання казак. Кніга запатрабавана, і нам вельмі прыемна, што сярод нешматлікіх аўтараў, якія працуюць сёння ў гэтым жанры, лепшая наша зямлячка.

Марына САМАСЕВІЧ

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!