ІМЯ, ІМЯ….ТЫ ВЕРШЫШ ЛЁС | Заря над Бугом

ІМЯ, ІМЯ….ТЫ ВЕРШЫШ ЛЁС

Усе людзі не падобныя адзін на другога. Адрозненняў вельмі многа: характаралагічных, каштоўнасных, фізіялагічных. У кожнага з нас адрозныя знешнасці, унутраныя ўстаноўкі, здольнасці, прыярытэты. Але найперш мы адрозніваецца імем. Здавалася, ну што там імя! Аднак рэчаіснасць паказвае, колькі круціцца вакол імені інтрыг: у некаторых два імені, нехта змяняе імя на працягу жыцця неаднойчы, хтосьці пакутуе з-за таго, што імя, якім яго назвалі, не даспадобы. Ёсць людзі, якія надта вераць у моц імені, тлумачаць ім асаблівасці характару, некаторыя нават сваю долю прывязваюць да яго.

Хочам мы гэтага альбо не, але па-першае, імя нам даецца старэйшымі, па-другое, выбар імені не ў апошнюю чаргу залежыць ад моды. Учора ў павазе былі Антосі, Марусі, Фёдары і Васілі, сёння пальма першынства належыць Палінам, Настассям, Мікітам і Максімам. Дарэчы, першы рад імёнаў прайшоў сур’ёзнае выпрабаванне часам. Раней таксама ў метрыках пісалася Антаніна, але ў жывым вымаўленні ўсе вясковыя жанчыны называліся ніяк па-іншаму, як Антося, Антоська, калі жанчына звалася Антанінаю, Еўфрасіння была ў народзе Проська, а Еўдакію называлі Яўдося. Сённяшняя вёска паціху асучасніваецца… на жаль. Разам з тым, мы – беларусы, як народ, страчваем тое, што характэрна нам адным у свеце. Пры ўсім пры гэтым мы не задумваемся над тым, што адметная форма імені – таксама складнік нацыянальнай самабытнасці, як мова, менталітэт, вера. Знікаюць складнікі – знікае народ. Знікае не ў сэнсе вымірае, а ў сэнсе раствараецца ў іншым народзе. І зніклы ў такім выпадку народ трэба прызнаць народам са слабым нацыяльным імунітэтам. Бо кожны здаровы народ, як і кожны асобны прадстаўнік гэтага народа, павінен жыць інстынктам самазахавання. Менавіта ён павінен рухаць народ да подзвігу ў імя абароны сваёй самасці, сваёй ідэнтычнасці, сваёй, у рэшце рэшт, прышласці.

Кожны з нас выбірае для сваіх дзяцей імёны. Не трэба пытацца ў супрацоўнікаў ЗАГСа, якія зараз самыя распаўсюджаныя жаночыя імёны. Варта толькі ўзгадаць, якія імёны далі сваім немаўлятам вашыя знаёмыя, родныя, сябры. Хутчэй за ўсё дзяўчатак назвалі Марыяй, Анастасіяй, Палінай, Дар’яй. Хлопчыкаў, напэўна, Арсенамі, Максімамі, Мікітамі, Кірыламі, Даніламі. Выхавацельніца дзіцячага садка аднаго з правінцыйных гарадоў Беларусі скардзілася на тое, што ў групах трэць Дашачак. Не ведаюць як назваць, каб дзіця зразумела, каго ж на самай справе клічуць – Дашу Клімавец, скажам, ці, Закрэўскую? Нічога супраць гэтага імені я не маю. Аднак сітуацыя, калі ў краіне амаль з дзесяцімільённым насельніцтвам адно ці некалькі імёнаў прэтэндуюць на верхавенства, прымушае задумацца: няўжо іншыя імёны такія ўжо нягеглыя? І ў той жа час разумееш, што дадзенае пытанне амаль рытарычнае – імёнаў ж процьма! Адпаведна, прычына зусім не ў колькасці ўласных імёнаў. Прычына куды больш сур’ёзная. А менавіта – думаючы пра дабрабыт, кар’еру, поспех людзі перасталі марыць, разважаць, думаць самі за сябе.

Меркантыльнасць, як злаякасная пухліна, перакрыла сучасніку каналы для фантазіі, палёту думкі, натхнення і рамантыкі.

Алена Мечная

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!