"Па-іншаму паглядзець на работу ў школах" | Заря над Бугом

“Па-іншаму паглядзець на работу ў школах”

Вырашаючы задачу ўстойлівага развіцця сістэмы адукацыі рэгіёна, неабходна больш увагі ўдзяляць пытанням якасці адукацыі. Такую думку выказаў 19 жніўня на пасяджэнні абласнога выканаўчага камітэта старшыня Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін Сумар.

Абмеркаванне праблематыкі гатоўнасці школ вобласці да новага навучальнага года выйшла далёка за рамкі матэрыяльнага боку пытання. Напрамак і тон размове на пасяджэнні выканкама задаў губернатар. «Гаворачы аб гатоўнасці школ, мы традыцыйна звяртаем увагу толькі на матэрыяльна-тэхнічную базу ўстаноў адукацыі. А наколькі эфектыўна мы выкарыстоўваем гэту базу? Думаю, будзе правільна, калі мы дадзім ацэнку рабоце нашых метадычных кабінетаў, інстытута развіцця адукацыі. Я хацеў бы, каб вы выказалі свае думкі аб профільнай адукацыі, рэпетытарстве, па пытаннях даплат таленавітым педагогам, наколькі мы забяспечаны падручнікамі напярэдадні навучальнага года, як будзем скарачаць дакументаабарот, які захліснуў навучальныя ўстановы. Іншым часам мы стараемся адысці, не заўважаць многіх праблем. А гэтыя пытанні, магчыма, у некалькі разоў важнейшыя, чым матэрыяльна-тэхнічная база. Нам трэба па-іншаму паглядзець на работу ў школах», — рэзюмаваў Канстанцін Сумар.

У новым навучальным годзе ў школах вобласці будзе адкрыта 200 профільных класаў для паглыбленага вывучэння прадметаў па чатырох напрамках. У Брэсце такіх класаў будзе каля 20. У абласным цэнтры таксама плануюць адкрыць 15 рэсурсных цэнтраў для падрыхтоўкі навучэнцаў да прадметных школьных алімпіяд. У Баранавічах ад стварэння профільных класаў пакуль што вырашылі ўстрымацца. На думку кіраўнікоў гарадскога аддзела народнай адукацыі, сетка існуючых устаноў новага тыпу цалкам спраўляецца з ускладзенай на іх місіяй: даваць навучэнцам паглыбленыя веды па выбраных прадметах. Акрамя таго, для гэтага існуюць і факультатыўныя заняткі.

Гімназіі ў гарадах Іванава, Кобрын, Пружаны, Камянец не вытрымліваюць канкурэнцыі са звычайнымі школамі ў гэтых райцэнтрах. Як паказала практыка, дзеці выбіраюць настаўніка, а не шыльду на будынку. Ці трэба ў такім выпадку ствараць гэтыя ўстановы адукацыі новага тыпу, не забяспечыўшы іх высокапрафесійным калектывам педагогаў, задаецца пытаннем губернатар. «Не трэба гнацца за модай. Самае галоўнае — якасць навучання, прафарыентацыя навучэнцаў. Гэтымі новаўвядзеннямі мы ў хуткім часе паложым нашу адукацыю на лапаткі. Думаю, не трэба слепа кіравацца рэгламентамі, якія спараджае Міністэрства адукацыі. Там таксама шмат штампаў у рабоце ёсць. Чаму, напрыклад, профільныя класы павінны быць толькі па чатырох напрамках, а не больш і не менш? Творчы падыход патрэбны ў любой справе», — адзначыў Канстанцін Сумар.

У цэлым было адзначана, што гаррайвыканкамы забяспечваюць гатоўнасць да новага навучальнага года ўсіх устаноў адукацыі. Цяпер з 541 школы вобласці 91 працэнт маюць пашпарты гатоўнасці. Рашэннямі органаў мясцовай улады на Брэстчыне закрыта 25 малакамлектных школ і 14 рэарганізавана. Спынілі работу па 2 установы дашкольнай і дадатковай адукацыі, 3 вячэрнія школы, 9 міжшкольных вучэбна-вытворчых камбінатаў.

Для арганізацыі падвозу дзяцей да месц навучання ёсць 256 школьных аўтобусаў. У 2013 годзе плануецца набыць яшчэ 16 новых аўтобусаў — за кошт сродкаў абласнога бюджэту і па дагавору бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі ААТ «Банк развіцця Рэспублікі Беларусь». У той жа час замены патрабуюць 50 аўтобусаў, якія эксплуатуюцца больш як 10 гадоў.

Усяго ў новым навучальным годзе за парты школ, ліцэяў і гімназій у Брэсцкай вобласці сядуць 157 тыс. 610 навучэнцаў, што на 1 тыс. 825 вучняў больш, чым у 2012-м.

Размову на злабадзённыя тэмы вырашана прадоўжыць на традыцыйнай жнівеньскай нарадзе. Кіраўнік вобласці чакае ад педагогаў добрых, цікавых прапаноў па паляпшэнню работы сістэмы адукацыі рэгіёна.

БЕЛТА

 

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!