"Тут карані нашай настаўніцкай дынастыі" | Заря над Бугом

“Тут карані нашай настаўніцкай дынастыі”

Словы «жыццё» і «школа» для мяне сінонімы. Так распарадзіўся лёс, што амаль усё, што адбылося са мной тым ці іншым бокам, звязана са школай. Нават першыя дзіцячыя ўспаміны: папа нешта піша, а я сяджу ў яго на каленях, гарыць лямпа, мама правярае сшыткі. З першага класа была ўпэўнена: як і бацькі, буду працаваць толькі ў школе, таму што для мяне гэта было настолькі звычайным, як неабходнасць дыхаць.

А пачыналася ўсё так. Мая мама, Анастасія Пятроўна Купчанка, пасля вызвалення Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў працавала настаўніцай Вішанскай пачатковай школы. Загадам Міністэрства адукацыі ў 1946 годзе была пераведзена ў раён, які знаходзіўся  на тэрыторыі былой Заходняй Беларусі. Месцам яе працы стала Астрамечаўская школа, дзе да 1984 года Анастасія Пятроўна выкладала беларускую мову і літаратуру. Мая мама дасканала валодала роднай мовай, размаўляла на ёй не толькі на працы, але і ў побыту, умела перадаць свае веды і захопленасць беларускім словам вучням, якія да цяперашняга часу ўспамінаюць сваю настаўніцу з любоўю, павагай і ўдзячнасцю.

Анастасія Пятроўна Вакуліч

У 1951 годзе Анастасія Пятроўна ўступіла ў шлюб з Уладзімірам Цімафеевічам Вакулічам, які на той час працаваў настаўнікам пачатковых класаў Астрамечаўскай сярэдняй школы. Да гэтага былі служба ў радах Савецкай Арміі, вучоба ў Брэсцкім  педагагічным вучылішчы і праца у Дывінскім РАНА. У 1953 годзе ён, як і мая матуля, скончыў Брэсцкі дзяржаўны  настаўніцкі інстытут імя А.С. Пушкіна. У 1956 годзе бацька атрымаў спецыяльнасць гісторыка ў Магілёўскім дзяржаўным педагагічным інстытуце. З гэтага часу і да выхаду на пенсію ён выкладаў гісторыю ў Астрамечаўскай школе, дзесяць год быў намеснікам  дырэктара па навучальнай працы. Уладзімір Цімафеевіч на працягу ўсяго жыцця быў улюблёны ў родныя мясціны: у Астрамечава пабудаваў дом, стварыў сям’ю, выхаваў дзяцей. Гэтую любоў ён імкнуўся перадаць сваім вучням, дзецям, унакам. І калі цяпер я чытаю кніжкі вядомага брэсцкага краязнаўцы Івана Панасюка, то думаю, у яго поспехах ёсць вялікая заслуга яго класнага кіраўніка – настаўніка гісторыі Уладзіміра Цімафеевіча.

У сям’і Вакулічаў нарадзілася двое дзяцей. Старэйшы сын Віталій па спецыяльнасці інжынер-механік будаўнічых машын, у складзе першага беларускага атрада будаваў БАМ, быў галоўным механікам на домабудаўнічым камбінаце Брэста. А вось я – малодшая дачка Анастасіі Пятроўны і Уладзіміра Цімафеевіча – працягнула настаўніцкія традыцыі бацькоў.

…У пятым класе з’явіўся новы прадмет – нямецкая мова. З першага ўрока, які правёў Леанід Мікітавіч Кузаўка, я канчаткова, як гэта можа быць у такім узросце, вырашыла быць настаўніцай нямецкай мовы. Сёння, адпрацаваўшы ў школе амаль сорак гадоў, магу з упэўненасцю сказаць, што гэты настаўнік па сваіх метадычных прыёмах праводзіў урокі, якія маглі быць сучаснымі ў нашы дні: індывідуальныя формы адукацыі, разнабаковы раздатачны і дыдактычны матэрыял, групавая форма работы. Яго вучні былі пастаяннымі пераможцамі раённых і прызёрамі абласных алімпіяд. Астрамечаўская сярэдняя школа дала мне такія веды, такую загартоўку, такіх настаўнікаў, сяброў і аднадумцаў, што ўдзячна ёй на ўсё жыццё.

Уладзімір Цімафеевіч Вакуліч

У 1970 годзе я скончыла Мінскі дзяржаўны інстытут іншаземных моў і ўзяла размеркаванне (была такая магчымасць) у Брэсцкую вобласць. Сваю педагагічную дзейнасць пачала ў Якаўчыцкай сярэдняй школе Жабінкаўскага раёна настаўніцай французскай мовы, а пазней выкладала нямецкую і англійскую мовы ў Ленінскай сярэдняй школе Жабінкаўскага раёна.

На прыканцы 70-х гадоў у нашу настаўніцкую сям’ю ўвайшоў яшчэ адзін спецыяліст – мой муж, выкладчык біялогіі і геаграфіі. Васіль Рыгоравіч Поўх скончыў Брэсцкі педагагічны інстытут імя А.С. Пушкіна і ў працоўнай кніжцы мае толькі адзін запіс.

Цяпер гонарам і дастойным працягам нашай педагагічнай дынастыі з’яляюцца мае дачкі, якія ўслед за бацькам, бабуляй і дзядуляй у якасці ўстановы вышэйшай адукацыі выбралі альма-матэр брэсцкіх настаўнікаў.

Старэйшая Ірына выкладае англійскую мову ў БрДУ імя А.С. Пушкіна, скончыла аспірантуру, кандыдат філалагічных навук.

Меншая Марыя атрымала спецыяльнасць выкладчыка геаграфіі, працавала настаўніцай у Старасельскай школе Жабінкаўскага раёна, а цяпер яна мая калега. Мы разам працуем у Ленінскай сярэдняй школе. Мне вельмі прыемна бачыць, як на маіх вачах вырастае моцны, таленавіты педагог, майстар сваёй справы.

Мае бацькі перадалі любоў да педагагічнай прафесіі і сваім пляменнікам. Валерый Георгіевіч Купчанка выкладае беларускую мову і літаратуру ў горадзе Пружаны, а Таццяна Сяргееўна Вакуліч працуе ў адной з мінскіх школ.

Цяпер мы з Васілём Рыгоравічам дапамагаем гадаваць унука і ўнучку. І калі мне дасць Бог дажыць да таго часу, калі яны прыйдуць і скажуць: “Бабуля, мы скончылі педагагічны універсітэт і накіраваны працаваць ў школу”, буду шчаслівая. Бо ніколі за амаль сорак гадоў сваёй працы ў школе не пашкадавала аб гэтым і ўдзячна сваім бацькам, што яны далі мне магчымасць здзейсніць усё, падараванае мне лёсам.

Ларыса ПОЎХ, здымкі з сямейнага альбома

 

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!