600 год пасля Грунвальда. | Заря над Бугом

600 год пасля Грунвальда.

Для тых, хто цікавіцца гісторыяй, не трэба нагадваць пра тое, што гэта была за бітва. Але ж у грамадстве не ўсе гісторыкі. Таму варта нагадаць пра падзею.

Грунвальдская бітва – гэта складовая частка Вялікай вайны 1409 – 1411 гадоў паміж Польскім каралеўствам і Вялікім Княствам Літоўскім з аднаго боку і Нямецкім (Тэўтонскім) Ордэнам з другога – дзяржавай рыцараў ва Усходняй Прусіі. Дзве славянскія краіны – Польшча і Літва (у тую пару пад Літвою разумелі сённяшнюю Беларусь) доўгі час цярпелі ад разбойніцкіх нападаў прускіх рыцараў. Нездарма, калі мы глянем на карту Вялікага княства тае пары, то пабачым, што найбольш замкаў будавалася на тэрыторыі сённяшняй Віленшчыны і Гарадзеншчыны – Крэва, Гродна, Наваградак, Меднікі. Гэтыя замкі павінны былі служыць адной мэце – абароне краю ад рыцараў-крыжакоў.

Часам гэта ўдавалася, часам не. Рыцары былі частымі гасцьмі ў тагачаснай Беларусі. Напады свае рабілі пераважна зімою, калі замярзалі непралазныя балоты і рэкі і можна было адносна няблага прабірацца ўглыб славянскіх земляў.

Такое суіснаванне рабіла немагчымым нармальнае развіццё славянскіх краін. Канфлікт пачаў набываць яшчэ большую вастрыню пасля прыходу да ўлады новага магістра Ордэна Ульрыха фон Юнгінгена.

Вайна пачалася летам 1409 года, калі паўстала акупаваная нямецкімі рыцарамі Жамойць (сёння на тэрыторыі Літоўскай Рэспублікі).

Вясною наступнага 1410 года адбылося некалькі спроб забойства Вітаўта з мэтаю разбурыць ваенны саюз Польшчы і Вялікага княства Літоўскага.

Апошні з такіх замахаў адбыўся на тэрыторыі Славакіі. Пасля гэтага Вітаўт меў сустрэчу з Ягайлам і спешна падаўся на Бацькаўшчыну. Ужо на чацверты дзень князь быў у Брэсце, дзе аддаў загад усім землям рыхтавацца да вайны з Ордэнам.

Рашучая бітва адбылася 15 ліпеня 1410 года каля вёскі Грунвальд. У бітве удзельнічалі 40 харугваў (палкоў) Вялікага княства Літоўскага. Пад Грунвальдам біліся наступныя беларускія харугвы: берасцейская, віленская, віцебская, ваўкавыская, гарадзенская, друцкая, крэўская, лідская, медніцкая, мінская, магілёўская, мсціслаўская, наваградская, аршанская, пінская, полацкая, слонімская, слуцкая.

Палякі выставілі 50 палкоў, з іх 7 – украінскіх. Украінскія харугвы былі таксама і ў складзе арміі Вітаўта: луцкая, уладзімірская, ратненская.

Немцы пад кіраўніцтвам вялікага магістра фон Юнгінгена мелі 66 палкоў добраўзброеных рыцараў з розных краін Заходняй Еўропы. У бітве ўдзельнічала каля 30-40 тысяч чалавек з кожнага боку. Невялікая перавага саюзнага войска кампенсавалася наяўнасцю ў крыжакоў артылерыі.

Армія Тэўтонскага ордэна вызначалася большай дысцыплінаванасцю і арганізацыяй, чым іншыя заходнееўрапейскія войскі. Для рыцараў вайна была работай. Але і беларускае рыцарства, якое складала аснову войска Вітаўта, знаходзілася на вельмі высокім узроўні.

Асноўныя падзеі разгарнуліся паміж паселішчамі Грунвальд і Таненберг. Магістр, дакладна вылічыўшы маршрут ворага, першы прыбыў сюды з войскам і ўмацаваў пазіцыі. Былі выкапаныя ямы-пасткі, расстаўлены гарматы і арбалетчыкі.

Зранку 15 ліпеня ад ордэнскага войска да Ягайлы і Вітаўта прыбылі два герольды. Яны прынеслі два аголеныя мячы – для караля і вялікага князя – і на словах перадалі выклік да бітвы. Дзёрзкі выклік меў на мэце падштурхнуць саюзнікаў першымі пайсці ў атаку. Так і здарылася.

Першыя шэрагі атакуючых сталі ахвярамі нямецкіх пастак, але ў цэлым страты аказаліся невялікімі. Гарматы паспелі даць толькі па два залпы, пасля чаго шэрагі сышліся.

Праз гадзіну пад націскам крыжацкіх войскаў частка ліцьвінскага войска адступіла. Пра тое, што гэта было – уцёкі або тактычны манеўр – гісторыкі спрачаюцца да сённяшняга дня. На карысць таго, што ўсё такі манеўр сведчыць нядаўна знойдзены дакумент крыжацкага паходжання, дзе яго аўтар гаворыць пра неабходнасць быць гатовым у будучым да падманнага адступлення, з якім нямецкія рыцары сутыкнуліся ў час Грунвальдскай бітвы.

Бітва працягвалася некалькі гадзін без перапынку. Быў момант, калі перавага хілілася на бок Ордэну, але ў гэты час вярнулася тая частка войска Вітаўта, якая раней адступіла. Ударная група крыжацкага войска была акружана і разбіта. Тыя тэўтонскія рыцары, якія пазбеглі акружэння, паспрабавалі ўмацавацца ў абозе, але таксама былі знішчаныя.

Героем бітвы стаў Сямён Мсціслаўскі, які ўзначаліў смаленскі, мсціслаўскі і аршанскі палкі, якія вытрымалі самы цяжкі ўдар крыжакоў.

Бітва працягвалася ад 12 да 19 гадзін. Да ночы працягвалася пагоня за ўцекачамі. У захопленым абозе пераможцы знайшлі вялікі запас кайданаў і вяровак для палонных і бочкі з віном для пераможцаў.

Галоўным вынікам Грунвальдскай перамогі стаў той, што за адзін дзень была знішчана моц магутнай дзяржавы – Тэўтонскага Ордэна. Вялікае княства Літоўскае забяспечыла сабе самастойную ўнутраную і знешнюю палітыку, час пасля бітвы стаў перыядам росквіту гэтай старабеларускай дзяржавы. Пасля Грунвальда галоўнага героя той вайны сталі зваць “Вітаўтам Вялікім”.

У гэтыя дні грунвальдскія ўрачыстасці праходзяць у некалькіх краінах. У Беларусі прайшлі святы ў Наваградку і Камянцы. З Вільні ўрачыста адправілі Вітаўта (пераапранутага афіцэра літоўскай арміі) на Грунвальскі бой. Расія ў рэпартажах гаворыць, што лёс бітвы вырашылі “три смоленских полка” (залічваючы ў іх лік аршанскі і мсціслаўскі).

Але галоўныя ўрачыстасці пройдуць у Польшчы, дзе праз тыдзень адбудзецца рэканструкцыя бітвы. Рэпартаж з Грунвальда праз 600 год – чытайце ў адным з бліжэйшых нумароў.

Алег Субтэльнік.

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!