А ў той дзень карнікі спалілі Селяхі… | Заря над Бугом
А ў той дзень карнікі спалілі Селяхі…

А ў той дзень карнікі спалілі Селяхі…

З Кацярынай Сямёнаўнай Коваль мною рэгулярна  падтрымліваецца сувязь. Адным з адвячоркаў я размаўляла з ёю па тэлефону, і былая настаўніца запрасіла мяне да сябе ў госці.

— Я жыву ў Доме ветэранаў, што знаходзіцца ў мікрараёне «Ўсход», – паведаміла яна і дала падрабязны адрас.

Быў пагодлівы дзень, і я выбралася ў вандроўку. На грамадскім транспарце заехала на край горада і знайшла патрэбны адрас. У пад’ездзе патэлефанавала ў дамафон. Перада мною адчыніліся дзверы, і ў ліфце я даехала да паверха Кацярыны Сямёнаўны. Яна чакала мяне на парозе сваёй кватэры. Я падыйшла да яе. Першае, што адразу заўважыла, гэта патухлыя вочы жанчыны…

А яны ж усё жыццё іскрыліся жывой энергіяй радасці!

На скронях кабеты прабівалася ўжо некалькі пасмаў сівізны, але настаўніца зусім не паходзіла на 80-гадовую…

— Дзень добры! — павіталася я. — А вы ўсё такая ж, як і тады, калі ўваходзілы ў наш клас. Голас ваш па-ранейшаму звонкі і малады…

Мы прайшлі да яе ў кватэру.

— Прысядзь, калі ласка! — запрасіла яна мяне за часопісны столік, а сама размясцілася насупраць. Настаўніца ўвесь час ўважліва і з цікавасцю разглядала мяне, а потым запытала:

— Валя! Гэта ты фарбуешся ў сівы колер?

— Не, Кацярына Сямёнаўна… — усміхнулася я ў адказ. — То натуральны колер маіх валасоў.

Я дастала з сумкі сшытак з самапіскай і звярнулася да гаспадыні:

— Раскажыце мне, калі ласка, што-небудзь пра сябе… Пачніце з дзяцінства.

Жанчына адвяла позірк у акно, задумалася, і праз хвіліну пачала ціха апавядаць:

— Бацька мой, Сямён Казёл — з вёскі Селяхі, што за Чэрнямі. Пры Польшчы ён працаваў чыгуначнікам у Берасці. Зарабіў грошы і пабудаваў у горадзе хату. Калі выканчыў дамок, то з усёй сям’ёй пераехаў туды жыць…

… Кацярынка нарадзілася ўжо ў горадзе. Там пачала хадзіць у пачатковую школу, у якой навучэнне вялося на польскай мове. Да вайны паспела скончыць толькі тры класы. Пасля прыходу гітлераўцаў у горадзе стала цяжка з харчамі, і бацька вярнуўся з сям’ёю ў родныя Селяхі.

— Вайну цяжка ўспамінаць… Нацярпеліся людзі розных кпінаў… — працягвала аповяд Кацярына Сямёнаўна. — Але самым памятным для мяне застаўся дзень вызвалення…

То было 28 ліпеня 1944 года.

Савецкая армія была ўжо на подступах да Селяхоў. Мы бачылі, як з боку Клімавіч рухаўся па дарозе савецкі танк.

— Нашы! – узрадаваліся ўсе.

Але танк не заехаў да нас, а прагрукацеў далей на Чэрні.

Фашысты ж пры адступленні вырашылі спаліць нашу вёску.

У той самы момант, як міма праходзіў рускі танк, з другога канца Селяхоў паказаліся тры карнікі з факеламі ў руках. Яны падыходзілі да саламяных стрэх хат і іх падпальвалі…

Было лета. Стаяла гарачыня. Сухая салома імгненна ўспыхвала, і агонь хуценька поўз па стрэхах. Перапалоханыя людзі з лямантам выскаквалі з хат. Дзецям было загадана хавацца ў схроны, выкапаныя далёка ў сядзібных садках.

Некаторыя смельчакі, убачыўшы сваю палаючую страху, пачыналі вёдрамі ліць на яе ваду і гасіць полымя. Гітлераўцы ж стралялі па іх з аўтаматаў, варочаліся назад і зноўку падпальвалі…

Жанчыны лямантавалі і клялі ворагаў… Уся вёска хутка зашугала адным вялізным вогнішчам. Драўляныя хаты згарэлі ўшчэнт. Пад вечар замест вёскі засталіся стаяць на папялішчах толькі асірацелыя печы з комінамі.

Так жыхары Селяхоў за гадзіну згубілі ўсё, што мелі! А галоўнае — дах над галавою. Ад усёй вёсачкі засталіся толькі дзве хаты, якія стаялі воддаль, як бы на хутары. А ў сяле — хата Івана…

Сямёнаўна расказвала жывую гісторыю са свайго дзяцінства, і па яе твары каціліся адна за другою горкія слёзы…

— На Іванавай страсе было буслінае гняздо! У той момант, калі карнікі падыйшлі да хаты з факеламі, з буслянкі на іх глядзелі малыя насатыя бусляняты. Фашыстам, мабыць, стала іх шкада, бо яны не падпалілі страху.

— Gut! lеben sie… Хай жывуць! – засмяўся адзін з іх, і ўсе трое пайшлі далей падпальваць спелае жыта, што расло побач за вёскай.

— Гэта мае анёлы-ахоўнікі! Яны мне хату адратавалі! — часта потым расказваў людзям гаспадар пра буслоў.

Да гэтай пары птахі жывуць у яго двары. Кожную вясну прылятаюць з выраю і выводзяць тут птушанят. Праўда, мужык даўно перанёс буслянку з хаты на хлеў…

Пасля пажару ў Селяхах не было дзе прытуліцца, і сям’я Сямёна Казла вярнулася ў вызвалены ад гітлераўцаў горад. Паступова стала наладжвацца мірнае жыццё.

Каця пайшла ў вячэрнюю школу, якая была тады ў будынку чыгуначнага тэхнікума. Пасля заканчэння яе паступіла ў настаўніцкі двухгадовы інстытут, які даваў права на абучэнне дзяцей з першага па сёмы клас.

Маладая настаўніца прыйшла працаваць у Чэрнінскую сямігадовую школу. Але гэтага было ёй недастаткова.

Кацярына Сямёнаўна не спынілася на дасягнутым і паступіла на завочнае аддзяленне хіміка-біялагічнага факультэта Брэсцкага педінстытута імя А.С. Пушкіна.

У 1959 годзе скончыла навучэнне і атрымала дыплом, пасля чаго настаўніца мела права працаваць выкладчыкам і ў старэйшых класах сярэдняй школы. Але Кацярына Сямёнаўна нікуды не пайшла шукаць другое працоўнае месца, а засталася назаўжды ў Чэрнях.

Усё настаўніцкае жыццё яна была вялікай актывісткай. У 1964 годзе ўступіла ў рады КПСС. Затым дзесяць гадоў была нязменным сакратаром партыйнай арганізацыі Чэрнінскай школы. За гады працоўнай дзейнасці Кацярына Сямёнаўна Коваль ўзнагароджана значком: «Выдатнік народнай асветы» і медалём «Ветэран працы».

У 1985 годзе пайшла на пенсію.

А тут насталі гады «перабудовы». У жыцці краіны і ў жыцці маёй настаўніцы пайшлі кардынальныя перамены. Звыклая да вірлівага жыцця, яна не магла сябе ўявіць без грамадскай дзейнасці.

З 2004 па 2007 гады Кацярына Сямёнаўна была намеснікам старшыні Савета ветэранаў. А з 2007 года яна і да гэтай пары ходзіць у старшынях.

Вось і ўсё, што расказала пра сябе мая былая настаўніца ў час майго візіту ветлівасці.

За кароткі час знаходжання ў гасцях у яе раз-пораз то званіў тэлефон, то грукалі ў дзверы. Ветэраны тэлефанавалі ёй і ішлі да яе са сваімі жыццёвымі і сямейнымі турботамі. Хто пытаў парады, а хто прасіў пагаварыць з мужам ці з жонкаю, паўплываць на іх, каб не распадалася сям’я.

«Я заўжды ў цэнтры ўвагі. Няма калі сумаваць ці марыць пра хваробы, — удакладняла для мяне Кацярына Сямёнаўна. – Дачка мне часам раіць: «Кінь! Навошта табе гэта ўсё ў 80 гадоў?!» А я ёй адказваю: «А як яны будуць без мяне?! Яны ж, як малыя дзеці. Прападуць»…

— І сапраўды так! — стала падтрымліваць я яе меркаванне. — Кацярына Сямёнаўна! Ветэраны прадоўжваюць вам жыццё! Чалавек адчувае сябе сапраўдным чалавекам да той пары, пакуль адчувае сябе патрэбным…

Валянціна КАРПЕШ,

в. Чэрні

На здымку: Кацярына Сямёнаўна КОВАЛЬ (у цэнтры) са сваімі былымі вучнямі.

 

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!