А гармонік заліваецца і музыка так стараецца… | Заря над Бугом

А гармонік заліваецца і музыка так стараецца…

На мінулым тыдні ў Тэльмы з’ехаліся таленавітыя людзі на музычнае свята “Берасцейскі гармонік” з розных куточкаў нашай вобласці, а таксама з Расіі.

Распачаў святочную праграму народны ансамбль песні “Спадчына”, мастацкім кіраўніком якого з’яўляецца Уладзімір Літвінчук. Пасля іх на сцэну выйшаў ансамбль народных інструментаў “Сябрына” пад кіраўніцтвам Віктара Дземянюка.

Захапленне гледачоў выклікала выступленне Валерыя Болатава, які прыехаў з Расіі, з горада Істра. Дарэчы, ён з’яўляецца кіраўніком клуба гарманістаў “Муравушка”, удзельнікам праграмы “Іграй, гармонь”, а таксама арганізатарам фестываляў гармоніка. А яшчэ гэты таленавіты чалавек папулярызуе гармонь на сваім канале ў “Ютубе”, дзе знаёміць шматлікіх гледачоў з творчасцю здольных людзей.

Між іншым, на Брэстчыне ёсць і таленавітыя жанчыны, якія віртуозна валодаюць гармонікам. Напрыклад, Вольга Драпун з дзяцінства іграе на музычным інструменце і ўдзельнічае ў народным ансамблі “Сузор’е”. Працуе будаўніком-тэхнолагам. Яна на мерапрыемстве ўзняла настрой публіцы, выканаўшы прыпеўкі.

Зала таксама атрымала асалоду ад выступу з жартаўлівымі прыпеўкамі гурта “Лучына” з вёскі Скокі.

Не пакінула абыякавым нікога з прысутных майстэрскае валоданне інструментам Івана Ляўчука з вёскі Балата, што ў Кобрынскім раёне.

Яшчэ адзін творчы чалавек — Станіслаў Салаўёў — ўсё паспявае: і працаваць на вытворчасці, і вершы пісаць, і песні, і ў фестывалях гарманістаў у Гомелі, Мінску, ды ў Маскве паўдзельнічаць. Вялікі аматар гармоніка, менавіта ён — ініцыятар і галоўны арганізатар цудоўнага мерапрыемства.

Выступленне Аляксея Мядзведзева, які прыехаў з горада Мурама і з’яўляецца гарманістам залатой дзясяткі Расіі, стала яркім фіналам свята.

— З упэўненасцю магу сказать, што музыка у маім жыцці мае вялікае значэнне, — паведаміў карэспандэнту гарманіст. — Хацеў бы пажадаць усім прысутным не абыякавым да гармоніка людзям, каб яны працягвалі і далей любіць гэтую справу, таму што народны музычны інструмент аб’ядноўвае людзей, лечыць іх душы, дазваляе жыць з добрым настроем.

Свае словы падзякі ўдзельнікам свята выказалі намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага райвыканкама Эла Марозава і старшыня Брэсцкага райкама прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Галіна Крысанава. Яны адзначылі, што, безумоўна, усім прысутным на мерапрыемстве артысты змаглі падарыць незабыўныя ўражанні. Сведчаннем гэтаму сталі шчырыя і адкрытыя ўсмешкі, кожная выкананая кампазіцыя завяршалася гучнымі апладысментамі. Усе ўдзельнікі  музыкальнага свята атрымалі дыпломы і сувеніры.

Святлана САЎЧУК

Фота аўтара

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!