Ад гравюры да «лічбы» | Заря над Бугом

Ад гравюры да «лічбы»

Сапраўдны вернісаж адбыўся нядаўна ў выставачнай зале Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра. Загадкавае слова “біенале” прыцягнула да выставы амаль што сотню гасцей, зацікаўленых сучасным мастацтвам. У Брэст прыехалі работы польскіх студэнтаў.

7-е агульнапольскае біенале студэнцкай графікі ўзяло пачатак у 2011 годзе ў Познані, дзе мерапрыемства адкрылася на пачатку студзеня. Як расказала Агнешка Моры, доктар Познаньскага ўніверсітэта мастацтваў і арганізатар мерапрыемства, летась і сёлета выстава аб’ехала ўсе польскія гарады і, нарэшце, прыбыла ў Мінск. “У рэалізацыі праекту бралі ўдзел студэнты факультэтаў і ўніверсітэтаў мастацтваў. Консул Генеральнага консульства Анна Навакоўска даведалася, што мы прыехалі ў сталіцу Беларусі, і запрасіла нас у Брэст. Таксама хутка мы плануем ехаць у Гродна”.

Калі так і здарыцца, то Гродна вельмі пашанцуе, бо паглядзець сапраўды ёсць на што. На выставе ў Брэсце былі прадстаўлены больш за 30 найлепшых прац студэнцкай моладзі. Максімільян Скарвідар, доктар Познаньскага ўніверсітэта мастацтваў, звярнуў увагу на тое, што тут прэзентаваліся самыя розныя тэхнікі выканання малюнку: ад гравюры па метале да лічбавага друку і ўласных тэхнік, якія вынайшлі тыя ці іншыя маладыя мастакі.

Вядомы мастак, графік Леў Аліеў, сябра Расійскай акадэміі мастацтваў, адзначыў у сваёй прамове перад гасцямі выставы, што ўсе працы сведчаць: яны зроблены ўжо не студэнтамі, а сапраўднымі мастакамі. “Мяне здзіўляе тая свабода ў выбары формы, — падзяліўся ўражаннямі Аліеў, — якой вызначаюцца гэтыя палотны. Увогуле, польскія мастакі заўсёды мелі ўласны густ, па якім працы палякаў можна лёгка адрозніць ад прац з іншых краін. І мне вельмі прыемна, што брастаўчане таксама маюць магчымасць далучыцца да гэтага цудоўнага свету мастацтва”.

Пабачыць творы маладых палякаў на ўласныя вочы можна штодзённа да 10 снежня ад 10 да 18 гадзіны (акрамя панядзелкаў і аўторкаў) ў выставачнай зале Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра на вуліцы Савецкай, 54.

Арцём КІР’ЯНАЎ,

фота аўтара

 

 

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!