«Ад прадзедаў спакон вякоў мне засталася спадчына…» | Заря над Бугом

«Ад прадзедаў спакон вякоў мне засталася спадчына…»

Наваколле вёскі Астрамечава ўнесла значны ўклад у агульную гісторыка-культурную спадчыну Берасцейшчыны. Сярод аб’ектаў, якімі ганарацца астрамечаўцы, – россып курганных насыпаў ХІ-ХІІІ стагоддзя, старажытны артэфакт – язычніцкі ідал, клад са срэбнымі дынарыямі I-II ст. н. э. і, канешне, апошняе адкрыцце – помнік беларускай музычнай культуры 1640-1670 гадоў, раней вядомы як “Полацкі сшытак”. На самой справе гістарычна апраўданай неабходна лічыць назву “Астрамечаўскі рукапіс”. Але аб усім па парадку.

АВЕЯНАЯ ЛЕГЕНДАМI

Існуе дзве легенды аб паходжанні назвы вёскі Астрамечава. Першая паведамляе, што прыкладна ў 1516 годзе на гэтай тэрыторыі прайшла вялікая бітва паміж рускімі і шведамі. Перамогу атрымалі рускія, у якіх былі вострыя мячы, выкаваныя мясцовымі кавалямі. Дзякуючы вострым мячам была атрымана перамога. Пасля гэтай бойні людзей, якія тут жылі, пачалі зваць “астрамечаўцы”, а само паселішча – Астрамечава.

Па другому паданню – назва вёскі пайшла ад прозвішча Астрамеч, якое меў каралеўскі кухар, які надта смачна гатаваў ежу. Кароль яго вельмі шанаваў, а калі той састарэў, адпусціў на адпачынак, а замест Астрамеча пакінуў кухарыць яго сына. Застаўся стары з дачкой. Аднойчы яму не спалася, і ён вырашыў прагуляцца па начным парку. Зайшоў Астрамеч у самы далёкі куток, толькі сеў на пень, як пачуў цікавую гутарку. Незнаёмцы размаўлялі пра каштоўнасці, якія схаваны ў курганах насупраць касцёла, які раней ўзвышаўся на тым месцы, дзе зараз знаходзіцца Астрамечава. Праз тыдзень яны дамовіліся ісці да курганоў, схавалі паперу з планам у дупле і зніклі. Астрамеч украў гэтую паперу і ўцёк. Назаўтра ён прыйшоў да караля і пачаў прасіць, каб яго пасялілі ў мясцовасці, што была на плане. Кароль згадзіўся пасяліць свайго любімага слугу на гэтым месцы. Пасяліўся Астрамеч са сваёй дачкой у закінутай старой хаце. Днём дачка заставалася дома, а Астрамеч кудысьці знікаў. Хутка ён стаў прыносіць многа золата. Адбудаваўся, жывёлы стала шмат ў яго. Адным словам, разбагацеў, не стаў спраўляцца з гаспадаркай і наняў чатырох парабкаў (гэта былі тыя бандыты, што размаўлялі ў парку). Аднойчы ноччу парабкі ўварваліся ў хату і сталі пытаць старога, дзе скарб. Але Астрамеч нічога не сказаў. Тады бандыты забілі яго, а дачку згвалтавалі і павесілі. Спалілі і знішчылі ўсё, толькі чуткі аб гэтай гісторыі і засталіся. Адсюль і пайшла назва Астрамечава.

КУРГАННЫ МОГІЛЬНІК ХІ – ХІІІ СТ.

Да нашага часу ў ваколіцах Астрамечава, каля вёсак Малыя Шчытнікі, Малыя Зводы, Уладычыцы і хутара Гуркі захаваўся курганны могільнік перыяду ранняга сярэднявечча, які датуецца XI-XIII ст. Вядома, што ён належаў дрыгавічам.

Гэты могільнік — самы вялікі па колькасці курганных насыпаў у Брэсцкай вобласці і налічвае 173 насыпы. Знаходзіцца ён на поўдні ад хутара Гуркі, 0,2 кіламетра на левы бок ад дарогі Відамля – Высокае.

З 25 вывучаных курганоў пахаванні выяўлены толькі ў 12 насыпах. Курганы без пахаванняў насыпаны з улікам усіх бакоў тагачаснага пахавальнага абраду. У некаторых з іх, апрача кавалкаў ганчарнага посуду, знойдзены вуголле, попел. А ў адным з такіх курганоў была расчышчана куча апаленых жалудоў, якія ляжалі асобна ад кучы вуголля. Можна меркаваць, што яны з’яўляліся своеасаблівым сімвалам пры пахаванні.

Упершыню гэтыя могільнікі абследаваны ў 1937 годзе К. Салевічам, потым у 1959 і у 1960 гг. І.В. Бірулей, у 1980, 1985 і 1986, 1990 гг. – Т.М. Каробушкінай. Матэрыалы раскопак знаходзяцца ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі і ў Брэсцкім краязнаўчым музеі.

КАМЕННЫ ІДАЛ

У 1955 годзе жыхар вёскі Астрамечава А. Мацвеюк паблізу праўлення калгаса на глыбіні каля 60 см знайшоў галаву каменнага ідала. Шляпка, прамы, шырокі нос, глыбока пасаджаныя вочы рабілі знаходку падобнай на грыб. Пры вывучэнні гістарычнага помніка высветлілася, што ён датуецца Х-ХІ ст.

Раней месца, дзе быў знойдзены ідал, называлася “Дубовы Грудок”, што сведчыць аб існаванні там у мінулым таямнічай пляцоўкі для ажыццяўлення сакральных абрадаў. Верагодна, што ў цэнтры стаяў ідал, а вакол яго адбываліся нейкія абрадавыя дзеянні.

Дакладна сказаць, якому язычніцкаму богу адпавядаў астрамечаўскі ідал, немагчыма. Аднак ён мог і не быць выявай якога-небудзь бога, бо ў нашых продкаў ідалаў-куміраў рабілі таксама ў гонар памерлых старэйшын і герояў. Адпраўленне культаў рабілася менавіта жрацамі, але ёсць меркаванні, што ідальская служба здяйснялася таксама і князямі, племяннымі і родавымі старэйшынамі.

У цяперашні час ідал захоўваецца сярод экспанатаў Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

СКАРБ ПЕРЫЯДА РЫМСКАЙ ІМПЕРЫІ

Сярод іншых калекцый, што зберагаюцца ў Брэсцкім краязнаўчым музеі, асаблівую ўвагу наведвальнікаў прыцягвае нумізматычная калекцыя, якая ўтрымлівае ўнікальныя срэбныя дынарыі I—II стст. н. э. У 1974 годзе жыхар Лышчыцкага сельскага Савета, вучань 7-га класа Леанід Рышчук знайшоў у ваколіцах Лышчыцкага торфазавода скарб. Першымі на месца знаходкі прыбылі навукоўцы з Акадэміі навук Беларускай ССР, якія выявілі пры раскопках звыш 400 антычных манет, чаканеных пры рымскіх імператарах Нероне, Веспасіяне, Траяне і іншых. Вядомы беларускі археолаг, доктар гістарычных навук Леанід Побаль дапускаў, што гэта была абшчынная каса.

Знаходка такога скарба на тэрыторыі сучаснага Лычшыцкага сельскага Савета сведчыць аб даўняй абжытасці гэтых мясцін і добрых гандлёвых сувязях мясцовага насельніцтва з продкамі жыхароў сучаснай Італіі.

АСТРАМЕЧАЎСКІ РУКАПІС ХVІІ СТ.

“Астрамечаўскі рукапіс” — гэта помнік беларускай музычнай культуры, вядомы таксама як “Ягелонскі рукапіс”, што, відавочна, звязана з выяўленнем і захаваннем яго ў бібліятэцы Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве. Менавіта там у пачатку 1960-х гадоў з дапамогай і ўдзелам вядомага даследчыка беларускай літаратуры Адама Мальдзіса гэты сшытак быў знойдзены ў вокладцы ўніяцкага трэбніка. Рукапіс быў вывучаны і выйшаў асобным выданнем у 1970 годзе.

Сшытак мае 64 лісты. У ім сабраны кірылічныя песні, канты, інструментальныя творы і велізарная колькасць прыкладаў танцавальнай музыкі XVII стагоддзя заходне- і ўсходнееўрапейскага паходжання. Усе творы ў ім ананімныя, за выключэннем аднаго – інструментальнага “Fantazio”, над якім значыцца “Pioro Zelenbowski” (пяро Зелямбоўскага).

Вядомы польскі музыказнаўца Ежы Голас у выніку даследванняў прыйшоў да высновы, што рукапіс з’явіўся на свет у перыяд паміж 1633 і 1670 гг. Аднак асобныя нумары, што сустракаюцца ў іншых рукапісных сшытках, датуюцца нават 1591 годам. Некаторыя з песняў маюць назвы, вядомыя па літаратурных крыніцах таго ж часу. Амаль усе танцавальныя прыклады пазбаўлены жанравых характарыстык, але ў іх аснове ляжаць рытмы танцаў, шырока распаўсюджаных як у Заходняй Еўропе, так і ў Польшчы, і ў Беларусі.

Спачатку некаторы час лічылася, што рукапіс паходзіць з Полаччыны, таму яго называлі “Полацкі сшытак”. Аднак гэта назва з’явілася ў выніку яго першаснага вывучэння і ў далейшым замацавалася па традыцыі. Акрамя таго, назва “Полацкі сшытак” была выкарыстана музычным калектывам “Кантабіле”, а ў далейшым іншымі творчымі аб’яднаннямі з рэкламнымі мэтамі.

У далейшым, у выніку даследаванняў доктара філалагічных навук, прафесара Адама Мальдзіса, доктара мастацтвазнаўства, даследчыцы беларускай музычнай культуры В. Дадзіёмавай, польскага музыказнаўцы Ежы Голаса высветлілася берасцейскае паходжанне сшытка — вёска Астрамечава.

Такім чынам, “Астрамечаўскі рукапіс” – больш дакладная назва дадзенага помніка культуры, якая мае навуковае абгрунтаванне.

Па матэрыялах Брэсцкай раённай цэнтральнай бібліятэкі

 

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!