АД ЗВЫЧАЯЎ ДА ЮБІЛЕЯЎ – усе грані культуры ў "Астрамечаўскім рукапісе" | Заря над Бугом

АД ЗВЫЧАЯЎ ДА ЮБІЛЕЯЎ – усе грані культуры ў “Астрамечаўскім рукапісе”

img_0760Чарговы нумар “Астрамечаўскага рукапісу” і на гэты раз прысвечаны самабытнай культуры Прыбужжа. Ён адкрываецца маляўнічай карцінай збору яблыкаў Вольгі Сіманавай.

Тэма дажынак, збору ўраджаю чырвонай ніткай аб’ядноўвае старонкі выпуску. Ёй прысвечаны рэпартаж “Яблычным выдаўся Спас”, фотанарыс “ААТ “Астрамечава: ад зажынак да дажынак”, песні, загадкі, прыказкі. “У жніўні сярпы грэюць, вада халадзіць”, “Не той хлеб, што на полі – а той, што ў гумне”, “Хлеб усяму галава” – казалі ў народзе. Пра тое, як адзначалі дажынкі ў вёсцы Дубок, якія песні спявалі на гэтае свята, можна даведацца з аповяду жыхаркі вёскі Наталлі Адамаўны Сухаверхай. Шмат у рэпертуары жанчыны  і лірычных кампазіцый пра каханне. Пазнаёміцца з імі можна ў традыцыйнай рубрыцы альманаха “Чароўныя спевы i паданнi спадчыны”. Тут жа сваёй песеннай творчасцю з чытачамі дзеляцца Валянціна Максімаўна Маісеева з Астрамечава і Марыя Паўлаўна Кавалевіч са Знаменкі. А Лідзія Васільеўна Маразюк і яе дачка Тамара з в. Забалацце  апісваюць вясельныя традыцыі роднай вёскі: як хадзілі ў сваты, пяклі каравай, якія песні спявалі, як жартавалі…  Без трапятання ў сэрцы нельга чытаць аповед Ганны Міхайлаўны Хавхун з Чэрска пра нямецкі палон, які прайшла жанчына ў гады вайны.

Новыя старонкі культурнай спадчыны нашых зямлякоў адкрывае рубрыка «Народныя святы і звычаі Берасцейшчыны». Асаблівую цікавасць выклікаюць матэрыялы, прысвечаныя Спасу і Галавасеку: іх гісторыя, традыцыі, адметнасці святкавання і іншыя асаблівасці. Напрыклад, у сваім артыкуле пра Усекнавенне галавы Іаана Прадцечы, або Галавасек па-народнаму, прафесар БрДУ імя А.С. Пушкіна Іна Швед прыводзіць вераванні жыхароў Брэстчыны наконт гэтага свята, у тым ліку і Прыбужжа: “На Головосека ек будзеш грушы, яблука есці, то будуць чыракі”; “Ныможна на Головосіка (Івана Предтечі) йстэ яблык, гарбузов. Ны можна братэ сокіру, косу, шоб ны було сумашэствія в роді” (Прыбарава Брэсцкага р-на). А ў Чэрнях забаранялася таксама на Галавасек “што-небудзь з поля несці”.

Так павялося, што ў кожным нумары “Астрамечаўскага рукапісу” адбываецца знаёмства з маладымі і дасведчанымі прадстаўнікамі народнай творчасці ў розных напрамках: дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, вакал, танец, літаратура. Не стаў выключэннем і гэты выпуск. У рубрыках “Скарбнiца народных талентаў”, “Маладое дрэва”, “Літаратурная сядзіба” прадстаўлена творчасть вышывальшчыцы з  Астрамечава Яўгеніі Васільеўны Пачанчук, акадэмічнага харавога калектыву БрДТУ “Белая Вежа”, юных зорачак Астрамечаўскай ДШМ, пачынаючых паэтаў і пісьменнікаў – удзельнікаў берасцейскіх гурткоў “У дзясятачку” і “Арзамаз-2”, а таксама прызнаных майстроў слова Прыбужжа і горада над Бугам.  Сярод навінак, якія чытачу прапануе яшчэ адна літаратурная рубрыка рукапісу “Кніжная зала”, – зборнікі “Шляхі буслінага краю” і “Несостоявшийся полет на дельтаплане” Ціны Хутаранкі, “Кліч” і “Неполное собрание признаний” Уладзіміра Ясковіча. Калі “Кліч” – гэта “голас жыцця з усімі яго складанасцямі, роднай зямлі з яе хараством і болем, вечнага Неба з ягонай спагадай і любоўю да чалавека”, то другая кніга Ясковіча прысвечана галоўным тэмам, якія заўсёды хвалявалі і ніколі не перастануць гучаць у сэрцах людзей. Гэта любоў, надзея і вера.

Гісторыі Прыбужжа, яе архітэктурным і культурным помнікам прысвечана рубрыка “Карані”. На гэты раз героямі яе старонак сталі царква вёскі Чэрні і помнік музычнай культуры XVII стагоддзя “Астрамечаўскі рукапіс”, аб таямніцах якога даведваемся ў інтэрв’ю з старшынёй Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, прафесарам Адамам Восіпавічам Мальдзісам.

Як заўсёды, насычаным на падзеі выдаўся “Калаўрот культурнага жыцця”. Большасць змешчаных у ім матэрыялаў мае інтэрнацыянальны характар. “Бібліятэкі Брэста і Варшавы падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве. Две ўстановы культуры маюць намер прадставіць сумесны праект электроннага рэсурсу па матэрыялах, што тычацца Юліяна Нямцэвіча”. “ZARYA” ў Францыі: брэстаўчанка заснавала асацыяцыю, якая заклікана падтрымліваць культурныя кантакты і зносіны паміж беларусамі і французамі”. “У Скокаўскім палацы Нямцэвічаў адбылося падпісанне Пагаднення аб устанаўленні партнёрскіх адносін паміж Брэсцкім раёнам і павятам Владава, а таксама гмінай горада Владава”.

Апошні раздел рукапісу “У дапамогу ўстановам культуры” знаёміць з дыялектнымі словамі жыхароў в. Астрамечава XІX–XX стагоддзяў. Дыялектызмы роднай вёскі сабраў і выдаў асобным зборнікам вядомы ў нашых мясцінах краязнаўца Іван Панасюк. Вось некаторыя з іх: андуляцыя – завіўка валасоў; амба – дрэннае сканчэнне нейкай справы; баюра — вялікая лужына; бахарка – пусты кансервавы слоік; заплытко – занадта дробнае (заплытко посадылы картопли); зафундуваты — загадзя, авансам аддзячыць; збуя – велізарны нязграбны чалавек ці жывёла. Поўны спіс лексічных адзінак прыведзены ў кнізе Івана Панасюка “Наша ридна остромыцька мова”. Дарэчы, у ім знайшлі адлюстраванне каля  двух тысяч слоў, прыказак, прымавак на местачковой мове.

Гаворачы аб чарговым выпуске альманаха, нельга не заўважыць, што ён не абышоў бокам важныя для беларускай культуры юбілейныя даты.Сёлета наша грамадства справіла ў ліку іншых 220 гадоў з дня нараджэння Яна Чачота і 140 гадоў – Алаізы Пашкевіч (Цёткі). Пра гэта і многае іншае чытайце ў 3 (15) нумары “Астрамечаўскага рукапісу”, які можна знайсці ў сельскіх бібліятэках. Электронную версію выдання шукайце на інтэрнэт-партале раённай бібліятэчнай сеткі http://brest-railib.by.

Алеся ПАШКЕВІЧ

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!