Адпавядаць здароваму сэнсу | Заря над Бугом

Адпавядаць здароваму сэнсу

Гэтыя словы не аднойчы гучалі падчас жнівеньскай нарады педагагічных работнікаў Берасцейшчыны, якая прайшла 29 жніўня ў Жабінцы

У яе рабоце прынялі ўдзел намеснік Прэм’ер-міністра Анатоль Тозік, старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар, міністр адукацыі Сяргей Маскевіч, старшыні гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў, кіраўнікі аддзелаў адукацыі, прадстаўнікі дырэктарскага корпусу і настаўніцтва вобласці.

Пачалася работа нарады з азнаямлення са школай № 1 Жабінкі. Гэтым летам у школе з’явіліся  мультымедыйныя комплексы, інтэрактыўныя дошкі, інфакіёскі, мабільны камп’ютарны клас. Усяго ў інвентар, мэблю, рамонт, добраўпарадкаванне школы з рэспубліканскага, абласнога і раённага бюджэтаў было ўкладзена больш за 1,5 млрд. рублёў.

Кіраўнік вобласці адзначыў, што сёння такое поўнае тэхнічнае ўзбраенне мае на Брэстчыне толькі гэта школа, якая з’яўляецца тым эталонам, да якога павінны імкнуцца астатнія.

Гэты эталон, хутчэй за ўсё, не доўга будзе заставацца ў адзіноце, хаця б з тае прычыны, што сёння на адукацыю выдаткоўваецца каля 30% бюджэту вобласці. У гэтым годзе фінансаванне галіны, як адзначыў у сваім выступленні кіраўнік абласнога ўпраўлення адукацыі Міхаіл Ціханчук, склала 3,9 трлн. рублёў. Сродкі накіроўваюцца найперш на будоўлю і мадэрнізацыю ўстаноў адукацыі. Так, за астатнія тры гады ў вобласці пабудавана сем і рэканструявана чатыры школы на паўтары тысячы вучнёўскіх месц, а таксама дзевяць устаноў дашкольнай адукацыі на 975 месц. На названыя аб’екты затрачана каля 400 млрд. рублёў. У 2013 годзе на будаўніцтва аб’ектаў сферы адукацыі ў абласным бюджэце прадугледжана 193 млрд. рублёў, на рамонт – 263 мільярды.

На злабадзённых для адукацыі вобласці пытаннях засяродзіў увагу старшыня аблвыканкама. Гаворачы пра дзяржаўную палітыку ў сферы адукацыі, Канстанцін Сумар запэўніў прысутных у тым, што будзе працягнута практыка забеспячэння даступнасці адукацыі, умацавання і развіцця матэрыяльнай базы.

Асобна кіраўнік вобласці спыніўся на аказанні дапамогі шматдзетным і малазабяспечаным сем’ям, колькасць дзяцей у якіх складае 29,5 тысяч. Аблвыканкам прыняў рашэнне пра дадатковую дапамогу такім дзецям у памеры 300 тыс. рублёў на падрыхтоўку да школы. Усе дзеці, незалежна ад прыбытку сям’і, павінны быць апранутымі, забяспечанымі падручнікамі, пры неабходнасці падвезеныя да месца вучобы і назад.

Таксама ўвага была засяроджана на такім актуальным пытанні, як заробкі ў адукацыйнай сферы. Задача складаная. Сёння фонд аплаты працы складае 67% ад сродкаў, што выдзяляюцца на адукацыю.

— У нас 18,5 тысяч настаўнікаў, вось і лічыце, колькі трэба адшукаць у бюджэце сродкаў, напрыклад, на пяцідзесяціпрацэнтнае павышэнне заработнай платы, — адзначыў старшыня аблвыканкама.

Аднак  задача будзе вырашацца, у тым ліку і коштам аптымізацыі сферы. Так, змяншэнне за год колькасці класаў на 250 дазволіць вызваліць 1,5 млрд. рублёў. А гэта ўжо забяспечыць пэўнае павелічэнне заробку.

Пры гэтым быў бы апраўданым «кропкавы» падыход, калі ўзровень заробку будзе залежыць ад дасягнення педагогам канкрэтных вынікаў: «Думаю, што пераход да індывідуальнага памеру аплаты працы стане моцным стымулам для павышэння якасці работы педагогаў, будзе садзейнічаць умацаванню прэстыжа настаўніцкай прафесіі», — сказаў Канстанцін Сумар.

Такі падыход да аплаты працы наспеў найперш, напэўна, таму, што сёння існуюць сур’ёзныя прэтэнзіі да якасці работы настаўнікаў цэлых раёнаў вобласці. Так, калі сярэднеабласны бал цэнтралізаванага тэсціравання вагаецца ад 40 да 59, то ў чатырох раёнах ён складае 18 – 30. Гэта Пінскі, Столінскі, Лунінецкі і Брэсцкі раёны. У той жа час заўважна вышэй за сярэднеабласны ўзровень выйшлі гарады Брэст і Баранавічы, Пружанскі раён.

Сваё бачанне праблем сферы адукацыі Анатоль Тозік падмацоўваў яркімі прыкладамі. Гаворачы пра неабходнасць аптымізацыі колькасці настаўніцтва, было агучана некалькі лічбаў. У 1990 годзе на 1 млн. 512 тыс. вучняў у Беларусі было 123 тысячы настаўнікаў, сёння – на 900 тысяч вучняў – 132 тысячы педагогаў. У мінулым годзе ў краіне існавала 400 класаў з адным вучнем.

— Якая краіна можа сабе гэта дазволіць? Яшчэ можна зразумець, калі гэта першакласнікі. Але калі да старшакласніка ездзяць 6 — 7 настаўнікаў у дзень? —  абазначыў праблему віцэ-прэм’ер.

Гаворачы пра невысокія заробкі работнікаў дзіцячых садоў, пра неабходнасць іх павышэння, Анатоль Афанасьевіч звярнуў увагу на той нюанс,  пра які часта не думаюць, а то і не ведаюць бацькі малых дзяцей: утрыманне аднаго дзіцяці ў садзе абыходзіцца ў сярэднім па краіне ў 1 млн. 300 тыс. рублёў. Пры гэтым бацькі плацяць за сад… 180 тысяч.  Таму, магчыма, было б справядліва, каб бацькі хаця б цалкам аплачвалі харчаванне, а грошы ішлі б  на выплату заробку работнікам садкоў.

Яшчэ ў выступленні Анатоля Тозіка была закранута праблема дапамогі выпускнікам у вызначэнні правільных арыенціраў ўласнай будучыні. Выпуснік павінен рэальна ацэньваць ўласныя здольнасці і зацікаўленні, усведамляць, што ў сённяшнім свеце запатрабаваная спецыяльнасць не заўсёды патрабуе атрымання вышэйшай адукацыі. І тут дапамогу і выпускніку, і настаўніку павінны аказаць ідэалагічныя структуры і сродкі масавай інфармацыі. У кантэксце гэтай праблемы варта ўспомніць яшчэ адну нядаўнюю ідэю – адраджэння лагероў працы і адпачынку, таму што відавочна, што сённяшняе пакаленне не мае ўжо таго культу фізічнай працы, які традыцыйна вызначаў беларусаў як народ выключнага працалюбства. Таксама варта прыслухацца да перасцярогі віцэ-прэм’ера ад празмернага захаплення гульнявымі і забаўляльнымі элементамі ў навучальным працэсе: «Вучоба – не забаўка і не гульня. Гэта тая ж работа. Іначай зайграемся і можам выпусціць у жыццё абсалютна нежыццяздольнае пакаленне».

Арыенцірам павінен быць здаровы сэнс. Калі зробім усё згодна з ім – то і заробкі паднімем, і мужчын у школы вернем, і якасць адукацыі палепшым – такая думка праходзіла праз усю сустрэчу.

Алег Кунец

 

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!