Адукацыя: вынікі і перспектывы | Заря над Бугом

Адукацыя: вынікі і перспектывы

214062-02У Беларусі ўступная кампанія прайшла зладжана, фактаў карупцыі не выяўлена.
Віцэ-прэм’ер Наталля Качанава адзначыла, што кантроль ажыццяўляўся на ўсіх этапах уступнай кампаніі: ад цэнтралізаванага тэсціравання да залічэння ва ўстановы адукацыі. Было задзейнічана ў гэтай рабоце 1 955 чалавек, з іх 203 – супрацоўнікі КДК, якім Наталля Качанава выказала асаблівую ўдзячнасць за работу па кантролі за ходам уступнай кампаніі.
Дзейнасць Дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў ва ўстановах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў 2016 го-дзе ажыццяўлялася на прынцыпах адкрытасці, галоснасці. Асаблівая ўвага ўдзялялася ўступным іспытам непасрэдна ва ўстановах адукацыі: праводзіліся такія традыцыйныя мерапрыемствы, як кантроль падрыхтоўкі і правядзення экзаменаў, удзел у шыфроўцы і дэшыфроўцы работ абітурыентаў, у разглядзе апеляцый і г.д.
У бягучым годзе ўстановы адукацыі скончылі 57,4 тыс. чалавек. ЦТ праходзілі 98,6 тыс. чалавек, уступныя іспыты ва ўстановы вышэйшай адукацыі здавалі 18,7 тыс. чалавек, у ССНУ – 14,2 тыс. юнакоў і дзяўчат.
На гарачую лінію паступіла 50 вусных і 14 пісьмовых зваротаў ад абітурыентаў і бацькоў. У асноўным яны мелі кансультацыйны характар.
«Фактаў карупцыі, як і ў мінулым годзе, выяўлена не было», – сказала Наталля Качанава, – старшыня Дзяржаўнай камісіі.
У той жа час, паводле яе слоў, былі некаторыя парушэнні, якія ў цэлым не паўплывалі на ход уступнай кампаніі.
Віцэ-прэм’ер асабліва адзначыла, што абітурыенты атрымалі 309 максімальных вынікаў – 100 балаў (у мінулым годзе было 277 найвышэйшых адзнак). Прычым тры абітурыенты па ўсіх трох тэстах атрымалі 100 балаў, з іх два – выпускнікі бабруйскай гімназіі. «Амаль 80 працэнтаў абітурыентаў, якія атрымалі 100 балаў па двух прадметах, – выпускнікі ўстаноў адукацыі, размешчаных у рэгіёнах, – з задавальненнем канстатавала Наталля Качанава. – Гэта сведчанне таго, што ўзровень ведаў вучняў даволі высокі, калі ў школе, гімназіі, ліцэі працуюць моцныя педагогі».
Цэнтралізаванае тэсціраванне праходзілі 98 тыс. 537 чалавек. Адхілены за парушэнні 15 абітурыентаў (за наяўнасць мабільных тэлефонаў і шпаргалак).
Віцэ-прэм’ер адзначыла, што асабіста знаёмілася з заданнямі тэстаў на прадмет адпаведнасці іх школьнай праграме (інфармацыю прадставіла Міністэрства адукацыі) і пераканалася ў гэтым.
У Беларусі ўдасканаляцца структуры ЦТ. Аб гэтым паведаміў на прэс-канферэнцыі міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў.
«Тэсты мы, зразумела, будзем удасканальваць. Пасля таго як добра будзе ўкаранёна профільнае навучанне, у ЦТ з’явіцца дадатковая частка С для профільных класаў», – сказаў Міхаіл Жураўкоў. Гэту трэцюю частку тэста абітурыенту будзе неабходна выканаць пры паступленнi на спецыяльнасцi, дзе вывучаемы на павышаным узроўні прадмет будзе профільным.
Паводле слоў міністра, сёння тэсты разлічаны на ўсіх абітурыентаў – і тых, хто вельмі добра ведае прадмет, і тых, хто слабейшы. У тэстах ёсць як стандартныя заданні, так і павышанай складанасці ў рамках школьнай праграмы. Калі ў ЦТ не будзе складаных заданняў, усе будуць здаваць тэсціраванне на 100 балаў, што прывядзе да вялікай колькасці пытанняў.
Міністр растлумачыў, што гэта новаўвядзенне пачне дзейнічаць пасля ўступлення ў сілу адпаведнага ўказа. «Гэта датычыцца абітурыентаў, якія ў 2017 годзе здадуць ЦТ. Іх сертыфікаты будуць сапраўдныя на працягу двух гадоў», – сказаў ён. Такія меры пашыраць магчымасці маладых людзей пры паступленні.
Яшчэ адна навацыя, якая плануецца да ўвядзення з наступнага года, – магчымасць здачы абітурыентамі пры паступленні ў ВНУ ЦТ па чатырох прадметах. Гэта аблегчыць выбар паміж блізкімі спецыяльнасцямі, пры паступленні на якія трэба здаваць розныя прадметы ў якасці другіх профільных.
Таксама віцэ-прэм’ер Наталля Качанава звярнула ўвагу на тое, што многія маладыя людзі «пасля здачы ЦТ пачынаюць шукаць, куды прайсці б са сваімі прахаднымі баламі».
Ідзе работа над аптымізацыяй сеткі ўстаноў адукацыі.
«Прыярытэты ў маладых людзей, якія паступаюць ва ўстановы вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай, прафесійна-тэхнічнай адукацыі змяняюцца, – сказала Наталля Качанава. – Хацелася б, каб прафарыентацыйная работа ў школах максімальна садзейнічала таму, каб маладыя людзі выбіралі будучую прафесію ў адпаведнасці са сваімі здольнасцямі, магчымасцямі, жаданнямі, а таксама з улікам развіцця рынку працы. Шмат чаго залежыць і ад пазіцыі бацькоў».
«Дэфіцыту кадраў няма, мы поўнасцю ўкамплектавалі ўсе школы, у тым ліку ў Мінску. Мінулыя гады найбольшы дэфіцыт у педагагічных кадрах назіраўся ў сталіцы. У бягучым годзе Мінск добра папрацаваў: набралі новых педагогаў, прыцягваюць да навучальнага працэсу студэнтаў старэйшых курсаў – гэта таксама добра, гэта своеасаблівая педагагічная практыка», – сказаў Міхаіл Жураўкоў. Усяго ў гэтым годзе ўпершыню пачнуць працаваць больш як 5 тыс. педработнікаў.
Што датычыцца дэфіцыту месцаў у школах новых мікрараёнаў, то глабальнай праблемы ў гэтым плане няма. У асноўным гэта датычыцца да-школьных устаноў. У некаторых школах ёсць крыху перапоўненыя класы. Гэта выклікана тым, што будаўніцтва сацыяльных аб’ектаў крыху адстае ад узвядзення жылых комплексаў. «Мы на гэта пастаянна ўказваем мясцовым органам улады, каб яны трымалі ў прыярытэце будаўніцтва школ, дзіцячых садоў, каб не было сацыяльнай напружанасці ў новых мікрараёнах», – адзначыў міністр адукацыі.
Міхаіл Жураўкоў таксама пракаменціраваў сітуацыю адносна аптымізацыі колькасці школ. Закрыццё ў абсалютнай большасці выпадкаў датычыцца малакамплектных устаноў адукацыі, якія знахо-дзяцца ў сельскай мясцовасці. Неабходна паказваць бацькам і іх дзецям новыя школы, дзе апошнія будуць навучацца, умовы, якія там створаны, расказваць аб педагагічным калектыве, а таксама абавязкова вырашаць такія пытанні, як падвоз дзяцей, арганізацыя іх навучання і адпачынку пасля навучальных заняткаў. Міністр адукацыі дадаў, што ў гэтым годзе вядзецца капітальны рамонт многіх сельскіх школ.
З кожным годам у беларускіх універсітэтах павялічваецца колькасць сумесных з замежнымі ВНУ адукацыйных праектаў. Акрамя таго, у бягучым годзе значна павялічана колькасць спецыяльных курсаў і праграм на ўзроўні магістратуры з навучаннем на англійскай мове. Тут будуць навучацца як замежныя студэнты, так і беларускія па іх жаданні. Навучанне будзе адбывацца альбо цалкам на англійскай мове, альбо на замежнай мове будзе чытацца частка курсаў. Для гэтага запрашаюцца прафесары з замежных універсітэтаў, у тым ліку па праграмах «Эразмус», Tempus.
«Цікавасць да беларускай мовы ўзрастае не толькі ў школах, але і ва ўніверсітэтах», – сказаў Міхаіл Жураўкоў. Ён дадаў, што цяпер на вывучэнне рускай і беларускай мовы і літаратуры ў школах выдзелена аднолькавая колькасць гадзін.
У той жа час колькасць школ і класаў з навучаннем на беларускай мове ў гэтым годзе не павялічылася. У пытанні адкрыцця такіх класаў зыходзяць з жадання бацькоў, адзначыў міністр.

БелТА.

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!