БЕЛАРУСЬ І КАЗАХСТАН: БЕЗ ЗАЛІШНІХ АМБІЦЫЙ | Заря над Бугом

БЕЛАРУСЬ І КАЗАХСТАН: БЕЗ ЗАЛІШНІХ АМБІЦЫЙ

Што мы ведаем пра Казахстан? Па вялікім рахунку, нічога. Нават людзі старэйшага і сярэдняга веку, што жылі з казахамі ў адной дзяржаве і вывучалі гісторыю СССР, наўрад ці ўспомняць які-кольвек адметны факт казахскай гісторыі.хіба тыя, хто сам ствараў гісторыю Казахстана, едучы ў свой час на цаліну.

А між тым сёння Казахстан – дзявятая ў свеце па займанай плошчы дзяржава з шаснаццаццю мільёнамі жыхароў. Эканоміка краіны паспяхова ліквідуе наступствы сусветнага крызісу. Узначальвае Казахстан стары, вопытны палітык, імя якога вядомае яшчэ з часоў СССР – Нурсултан Назарбаеў. Якраз з гэтым імем асацыюецца стварэнне моцнага сучаснага Казахстана – пачынаючы ад назвы краіны і яе нацыянальных сімвалаў, якіх, дарэчы, не было на момант першых прэзідэнцкіх выбараў. Таму мясцовыя жартаўнікі ў час той кампаніі склалі слоган: “Хочаш сцяг для Казахстана – галасуй за Нурсултана”.

І яшчэ. Зямля Казахстана ўтрымлівае 99 са 105 элементаў табліцы Мендзялеева, 3% сусветных запасаў нафты і каля 2% сусветных запасаў прыроднага газу. У краіне сёння вядома 433 радовішчы. Экспарт прыродных багаццяў з’яўляецца сёння адной з асноўных устойлівасці сацыяльна-эканамічнай мадэлі Рэспублікі Казахстан.

Казахстан, як і Беларусь, не належыць да ліку дзяржаў, якія ставяць глабальныя мэты. Гэта дзяржавы рэгіянальных інтарэсаў, што рэальна ацэньваюць сваё месца ў сучасным свеце, не перабольшваюць сваіх магчымасцяў і не маюць перабольшаных геапалітычных амбіцый.

Супрацоўніцтву паміж нашымі краінамі не адзін дзень, і жыццё патрабуе далейшага збліжэння паміж імі. Гэтай мэце і быў прысвечаны візіт у Казахстан Кіраўніка беларускай дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі напрыканцы мая.

У часе перамоў з казахскім бокам былі закрануты пытанні функцыянавання Мытнага саюза і будучай Адзінай эканамічнай прасторы. Прэзідэнт Беларусі адзначыў, у чым заключаецца зацікаўленасць Беларусі і Казахстана ў названым аб’яднанні: «Калі не будуць вырашаны пытанні роўнага доступу да магістралей, нафтаправодаў, роўнай для ўсіх тарыфнай палітыкі, тады і АЭП не патрэбна…

Для Казахстана — гэта акно ва ўвесь свет. Таму што прыкладна на працягу 2-3 гадоў вы вырабіце ў два разы больш нафты, а куды падзець? Трубы ж ёсць праз Расію, але Расія ўстанавіла квоты на прапампоўку. А мы можам перапрацаваць 22 млн. т. І мы хацелі б, каб Расія і Казахстан канкурыравалі паміж сабой. Хто лепшыя ўмовы прапануе — з тым і будзем супрацоўнічаць».

Далей Кіраўнік Беларусі адзначыў: «Мы пайшлі б на акцыяніраванне нашых прадпрыемстваў з Казахстанам, прыватызацыю нашых нафтаперапрацоўчых і нафтахімічных комплексаў. У Казахстана да гэтага вялікая цікавасць. Але, зноў жа, інтарэсы нашага вялікага брата тут перасякаюцца. І мы вырашылі ў АЭП гэтыя пытанні ўрэгуляваць. Мы рухаемся ў гэтым напрамку, спадзяёмся, што гэтыя пытанні будуць вырашаны».

Вынікам афіцыйнага візіту кіраўніка беларускай дзяржавы стала дасягненне канкрэтных дамоўленасцей аб развіцці супрацоўніцтва з Казахстанам, у тым ліку ў такіх сферах, як нафтаперапрацоўка і пастаўкі вуглевадародаў, стварэнне сумесных вытворчасцей і пашырэнне спектра сумеснай прадукцыі, сельская гаспадарка, інвестыцыі, навука і адукацыя, гандаль.

У Астане ў час візіту таксама прайшлі сустрэчы кіраўнікоў беларускіх міністэрстваў і ведамстваў з казахстанскімі калегамі, на якіх абмяркоўваліся асобныя напрамкі развіцця партнёрскіх сувязей.

Алег Субтэльнік.

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!