Без іх няма грамадзяніна і няма дзяржавы | Заря над Бугом
Без іх няма грамадзяніна і няма дзяржавы

Без іх няма грамадзяніна і няма дзяржавы

Мерапрыемства, прысвечанае аднаму з самых значных свят краіны – Дню Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь, адбылося ў нядзелю ў раёне.

У цырымоніі ўшанавання галоўных атрыбутаў нашай дзяржаўнасці і сімвалаў суверэнітэту ўдзельнічалі кіраўніцтва Прыбужжа, вучні і супрацоўнікі школ, творчыя калектывы. На пляцоўцы Дома культуры ў вёсцы Чэрні адбыўся ўрачысты канцэрт у гонар гэтай падзеі.

Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь уяўляе сабой зялёны контур краіны, накладзены на залатыя промні ўзыходзячага над зямным шарам сонца. Вышэй контуру змешчана пяціканцовая чырвоная зорка. Герб апраўлены вянком з залатых жытніх каласоў, пераплеценых справа кветкамі канюшыны, а злева — лёну. Каласы абвіты чырвона-зялёнай стужкай, на якой унізе змешчаны надпіс золатам “Рэспубліка Беларусь”.

Герб нашай краіны раскрывае сябе як яркая і запамінальная кніга пра беларускі народ. Яго мастацкія элементы яскрава выяўляюць мірныя і стваральныя памкненні Беларусі. Сімвалізуючы дзяржаўную волю народа, з’яўляючыся візітнай карткай дзяржавы, наш герб выразна характарызуе нацыянальныя асаблівасці і ўклад жыцця беларусаў, іх лепшыя якасці: працавітасць, добразычлівасць, талерантнасць.

Што тычыцца нашага штандара, то дзяржаўны чырвона-зялёны сцяг з нацыянальным арнаментам нясе пажаданне дабра, поспеху і росквіту ўсім грамадзянам краіны.

Чырвоны колер са старажытных часоў з’яўляецца знакам сонца, сімвалізуе братэрства, барацьбу за правую справу. Менавіта пад чырвоным сцягам нашы бацькі і дзяды змагаліся за Перамогу ў імя светлай будучыні. Адначасова гэта знак шчасця, жыцця.

Зялёны колер — знак надзеі, вясны і адраджэння. Гэта колер нашых ніў і лясоў, якія здаўна займаюць асноўную частку тэрыторыі краіны.

Белая аснова арнаменту сцяга нясе сваё сімвалічнае пасланне: спрадвеку белы колер злучаўся са святлом паўдзённага сонца, сімвалізаваў чысціню, бязгрэшнасць, гасціннасць, згоду, волю. Ён пераклікаецца і з назвай нашай краіны – “Белая Русь”.

Святочнае мерапрыемства адкрыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Хвацік.

“Сённяшнее свята мы адзначаем у абвешчаны Прэзідэнтам краіны Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнка Год малой радзімы. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь — прыгожая і добраўпарадкаваная краіна з чыстымі ўтульнымі гарадамі, дагледжанымі сельгасугоддзямі, багатай прыродай. Асабісты ўдзел кожнага ў гэтым працэсе будзе для новых пакаленняў прыкладам сапраўднага патрыятызму, калі прыгожыя лозунгі і словы падмацоўваюцца канкрэтнымі справамі і ўчынкамі.

Таксама патрыятызм кожнага з нас непарыўна звязаны з усхваляваным, паважлівым стаўленнем да сцяга, герба і гімна сваёй краіны. Мы іх шануем,  як роднае слова, родны дом, родную культуру і звычкі. Яны  сімвалізуюць, увасабляюць  для   кожнага з нас нашу Радзіму – Рэспубліку Беларусь.

У Дзяржаўным гербе адлюстраваны асноўныя нацыянальныя і духоўныя каштоўнасці беларусаў: грамадзянскае адзінства, праца, імкненне да ўдасканалення сваёй асобы і ўсяго грамадства, міралюбства і адначасова гатоўнасць пастаяць за сваю свабоду і суверэнітэт.

Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь — сімвал патрыятычнай еднасці грамадзян, імкнення народа, які пазнаў усе жахі вайны, жыць у міры і згодзе, дастойнай працай ствараючы аснову дабрабыту дзяржавы.

Дзяржаўнаму сцягу, як святыні, аддаюцца адпаведныя ўшанаванні: ён знаходзіцца над будынкам, у якім працуе Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, над будынкамі важнейшых дзяржаўных органаў, дыпламатычных прадстаўніцтв і консульскіх устаноў.

Беларускі Дзяржаўны сцяг падымаецца ў час спартыўных спаборніцтваў у Рэспубліцы Беларусь і за яе межамі, у замежных дзяржавах, калі беларускія спартсмены займаюць прызавыя месцы. Ніводнае свята не абходзіцца без дзяржаўных сцягаў. Яны напаўняюць сэрцы грамадзян упэўненасцю і гордасцю за свой гераічны працоўны народ, рашучасцю адстойваць гонар і змагацца за інтарэсы роднай краіны. І ў час суровых выпрабаванняў сцяг Айчыны заставаўся сімвалам мужнасці і непахіснасці волі народа да перамогі над ворагам.

Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь — урачысты музычны твор, які аб’ядноўвае, натхняе ўсю нацыю, услаўляе краіну, заклікае да добразычлівых адносін да іншых народаў”, – адзначыў Уладзімір Міхайлавіч.

Ганаровае права падняць сцяг Рэспублікі Беларусь прадставілі старшыні раённага савета ветэранаў Пятру Брузгіну і вучням Чэрнінскай сярэдняй школы: пераможцу рэспубліканскай алімпіяды Ліане Мірашнічэнка і пераможцу абласнога фестывалю інструментальной музыкі Давіду Такарчуку. У гэты час зводныя дзіцячыя хары ДзШМ аграгарадкоў Чэрні і Мухавца праспявалі Гімн Рэспублікі Беларусь.

На працягу цырымоніі гучалі патрыятычныя песні ў выкананні Маргарыты Капусцюк, Вікторыі Андрыевіч, Ксеніі Трахімук, Соф’і Дзядзюк, Ксеніі Львовай, Соф’і Плевака, Ліліі Асіпук і Сяргея Ручкіна. Выступілі навучэнцы харэаграфічнага аддзялення Матыкальскай дзіцячай школы мастацтваў, дзіцячыя танцавальныя калектывы Прыбужжа, а таксама ўзорная цыркавая студыя “Ілюзія”.

З упэўненасцю можна сказаць, што герб і сцяг сталі нашымі духоўнымі святынямі, якія адлюстроўваюць нашы векавыя традыцыі і каштоўнасці, лепшыя якасці і рысы характару беларусаў. 

Дзень святкавання дзяржаўных сімвалаў аб’ядноўвае ўсе пакаленні грамадзян, надае магчымасць кожнаму з нас з асаблівым пачуццём гонару і адказнасці ўсвядоміць сваю прыналежнасць да роднай Беларусі.

Павел БОГУШ

Фота аўтара

 

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!