ЧАРОЎНЫ СВЕТ КАЛЯДНЫХ СВЯТАЎ | Заря над Бугом

ЧАРОЎНЫ СВЕТ КАЛЯДНЫХ СВЯТАЎ

Вось і прайшлі цудоўныя калядныя дні. Мы заўсёды чакаем ад іх нейкага  асаблівага настрою, марым аб здзяйсненні жаданняў ды недзе ў душы ўсё ж такі верым у цуд

Нашыя продкі таксама з нецярпеннем рыхтавалiся да Калядаў і спадзяваліся на лепшае, як і мы зараз. Толькі вось традыцыі святкавання былі крыху іншымі, чым сёння. Давайце разам зробім экскурс ў гісторыю і пабачым, як раней ў Беларусi праводзілі гэтыя калядныя дні.

Каляды наўпрост звязаны з Сонцам. У нашых продкаў-язычнікаў сонейка ўвогуле ўшаноўвалася як адно з галоўных бостваў. Чаму? Разлік быў просты: ад яго сапраўды залежыла жыццё чалавека. Калі ночы станавіліся даўжэйшыя за дні, старадаўні чалавек пачынаў хвалявацца – а ці вернецца тое лета яшчэ раз? Таму перыяду зімовага сонцастаяння надавалася вельмі важнае значэнне. Старажытныя людзi лiчылi, што ў гэты час пачынае адраджацца на новы віток жыцця Бог-Сонца. I сапраўды, пачынае імгненна  павялічвацца дзень, сонейка з кожным днём усё вышэй падымаецца над гарызонтам, набліжаючы вясенняе цяпло і адраджэнне зямной прыроды. Нам у век электрычнасці гэта ўсё мала зразумела, але раней у гонар адраджэння Бога-Сонца ў народзе праводзіліся шматлікія ўрачыстасці і святкаванні, якія ў славян замацаваліся пад агульнаю назвай – Каляды.

На Беларусі па афіцыйным календары ў залежнасці ад веравызнання яны святкуюцца ў розныя даты: у католікаў – з 24 снежня па 6 студзеня, а ў праваслаўных вернікаў – з 6 па 21 студзеня. Але ж язычніцкія Каляды не мелі дачынення ані да католікаў, ані да праваслаўных.   Падобнае разыходжанне ў датах святкавання звязана з гісторыяй рэлігіі ў нашым краі. З надыходам хрысціянства паганства выцяснялася са свядомасці. Аднак як свята Каляды працягвалі функцыянаваць у народным асяродку і паступова зліліся са святам хрысціянскіх канфесій, у якіх на дні зімовага сонцастаяння прыпадае нараджэнне Ісуса Хрыста.

Старадаўнія калядныя святкаванні добра захаваліся сёння. Відаць, невыпадкова, бо Каляды былі аднымі з самых вялікіх святаў нашых продкаў. Традыцыі святкавання перадаваліся з пакалення ў пакаленне, пакуль не дайшлі да нас.   Ужо мала каго здзіўляюць калядоўшчыкі на вуліцах сучасных гарадоў i вёсак. Але менавіта яны былі ледзь ці не галоўнымі дзеючымі асобамі калядных святаў.

Калядаваць пачыналі 25 снежня ці 7 студзеня ўвечары. Хадзілі з казой, мядзведзем ці нават буслом. У гэтых жывёл пераапранаўся найбольш вёрткі ды гаваркі хлопец з кампаніі. Бо роля ж надта адказная! Разам з жывой “казой” маглі насіць і яе чучала з саломы. Хаджэнню калядоўшчыкаў у народзе надавалася магічнае значэнне. Такім чынам заручаліся падтрымкай багоў ці Бога на наступны год. Таму гаспадары імкнуліся вельмі шчодра адарыць гасцей, каб нікога не пакрыўдзіць. “Надышлі  Калядкі, бліны ды аладкі”, – кажуць у народзе.

Што тычыцца святочнага стала, дык тут былі свае правілы. Язычніцкія традыцыі ў гэтыя дні вельмі шчыльна перамешаны з хрысціянскімі. Таму куццю – па сваёй сутнасці язычніцкую страву – можна і зараз убачыць на калядным стале.   Куццёй называлі і ўласна ўвесь стол, што накрывалі тры разы за Каляды. Дзве куцці былі постныя – “бедныя”, а адна – “багатая” з каўбасамі і рознымі смачнымі стравамі з мяса. Святочныя застоллі праходзілі ці то ў вузкім сямейным коле, ці то запрашалі ў госці сваякоў. Свята лічылася сямейным. Кожны імкнуўся гэтыя вечары правесці ў атачэнні родных і блізкіх. Здаецца, за столькі часу нічога не змянілася.   Традыцыйна калядны стол выкладалі сенам. Потым засцілалі белым абрусам. І ўжо тады выкладалі на яго стравы.

Вось і з сенам звязана цікавая традыцыя: пасля таго, як першы раз пад’елі куццёй, саджалі дзяцей вакол стала, і яны цягнулі тое сена. “Як сена доўгае, то, кажуць, лён зродзіць”, – успамінаюць у вёсках.   Пасля “багатай» куцці, той, якая з мяснымі стравамі, пачыналі варажыць дзяўчаты. Варажба – неад’емная частка Калядаў. Дзяўчаты гадалі аб будучым замужжы і сваёй долі.   Гадалі па-рознаму. Напрыклад, шмат варажбы звязана з аладкамі, яшчэ адной традыцыйнай стравай на калядным стале. Аладкі ці галадкі, які іх называюць у некаторых мясцовасцях нашага рэгіёна, кідалі сабаку. Чыю аладку сабака першай з’есць, той і пашанцуе першай сярод сябровак выйсці замуж. Аладкі кідалі курам і самі елі, пры гэтым слухалі, адкуль будзе брахаць сабака. У той бок, лічылі, і пойдзе замуж.

Калядныя святы праходзілі шумна ды весела. Не абыходзілася без традыцыйных святочных вячорак, на якія збіралася моладзь з усёй акругі. Тут і танчылі, і вадзілі карагоды, гралі ў розныя гульні, варажылі. Карацей, усё як зараз, толькі пры адсутнасці тэлевізараў ды інтэрнэту. Апошнюю куццю, постную, называлі “нішчымнай”. У гэты дзень, 5 ці 18 студзеня, клікалі на вячэру мароз. Гаспадар выходзіў на двор і крычаў: “Мароз, мароз, хадзі куццю есці”. Усе сядалі за стол, кожны стараўся дагадзіць марозу, каб зіма была несцюдзёнай, вясна – цёплай, а ўраджай – багатым. Калі на наступны дзень цяплела, то лічылася, што марозу спадабалася ў гасцях.   На раніцу наступнага дня гаспадыня пякла бліны, а гаспадар з першым спечаным бліном ішоў “адпісвацца” Каляды – своеасаблівы абрад развітання. Над парогам хаты, над варотамі, над дзвярыма хлявоў і іншых памяшканняў ён маляваў крэйдай крыжыкі.   Калядныя святкаванні канчаліся, застаючыся ў памяці сапраўды яркай, маляўнічай кропкай. Беларусы і тады ўмелі весяліцца! Наперадзе ж былі цяжкія дні працы, барацьба за жыццё, праблемы, збор ураджаю, вячоркі. Колаварот жыцця бясконцы: і наступныя Каляды чакалі з нецярпеннем і салодкім пачуццём набліжэння святаў.

У вёсцы Клейнiкi праводзiцца адпаведная праца па захаванню народных традыцый і святаў, у тым лiку каляднага абрада. У калядны шчодры вечар, 13 студзеня, работнікі мясцовага  Дома культуры з удзельнікамі мастацкай самадзейнасці, пераапранутыя  ў казачных персанажаў, вясёлай грамадой  завітвалі ў хаты аднавяскоўцаў, каб праславіць гаспадароў у гэты святочны вечар. Калядоўшчыкі падаравалi людзям тэатралiзаванае прадстаўленне з  каляднымі песнямі, вершамi, гульнямi. Галоўным персанажам гэтага відовішча стала Каза – сімвал урадлівасці і дабрабыту. У кожнай хаце яна  танчыла з гаспадарамі, таму што лічыцца: хто з Казою патанцуе, таму ўвесь год шанцаваць будзе. Звычайна кожны гаспадар імкнуўся  як мага лепей абдарыць калядоўшчыкаў, бо чым больш шчодрыя дары даць ім, тым больш шчодры і багаты будзе надыходзячы год.

А завяршыўся калядны цыкл у Клейнiках святкамі напярэдадні Хрышчэня – 18 студзеня. У Доме культуры прайшла імпрэза, на якой дзяўчынкi – яе ўдзельнiцы – змаглi паваражыць на су-джанага, як гэта некалi рабiлi iх бабулi i прабабулi, а заадно папоўнiць свой багаж ведаў аб калядных святах, дакрануцца да жыватворнай крынiцы народнай мудрасцi.

Cвятлана КУЗЬМIЧ,

дырэктар Клейнiкаўскага СДК

 

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!