Чароўныя гукі даўніны | Заря над Бугом

Чароўныя гукі даўніны

Вёску Астрамечава ведаюць далёка за межамі Прыбужжа. Яна славіцца не толькі сваімі жыхарамі, але і багатай культурнай спадчынай.

На ўвесь свет Астрамечава вядома па легендарным “Полацкім сшытку”, аднак з горадам Полацкам ён, хутчэй за ўсё, не мае сувязі, і многімі навукоўцамі апошним часам завецца “астрамечаўскім”.  

Гістарычныя дакументы сведчаць, што ў бібліятэцы Ягелонскага ўніверсітэта Кракава ў вокладцы старой Бібліі, якая раней належала Астрамечаўскай уніяцкай царкве, быў знойдзены рукапіс свецкай барочнай музыкі 16-17 стагоддзяў, тэксты якога напісаны на лацінскай, стараславянскай, старабеларускай мовах. Нотныя запісы напэўна таму былі схаваны ў вокладку царкоўнай кнігі, што свяшчэнаслужыцелі ў той час адмаўлялі свецкую музыку, а музыкі прыцягваліся ў царкву толькі для напісання кананічных твораў.

Унікальны рукапіс змяшчаў каля 200 вакальных і інструментальных музычных твораў — лірычных спеваў, кантаў, інструментальных твораў і вялікую колькасць прыкладаў танцавальнай музыкі XVII стагоддзя. Амаль усе танцавальныя прыклады не маюць жанравых характарыстык, але ў іх аснове ляжаць рытмы танцаў, якія былі шырока распаўсюджаны ў той час у Беларусі, Польшчы і Заходняй Еўропе.

Як паведаміла кіраўнік раённага Дома рамёстваў Таццяна Лук’янюк, сёння кампазіцыі з “Астрамечаўскага сшытка” можна пачуць на канцэртах гурта Стары Ольса. Музыка гэтага гурта выконваецца на дакладных копіях старадаўніх інструментаў – дудзе, ліры, гуслях, свірэлі, лютні, сурме, тым самым злучае мінулае і сучаснае.

Пры Доме рамёстваў пад кіраўніцтвам Таццяны Аляксандраўны трэці год існуе гісторыка-краязнаўчае аб’яднанне, якое носіць назву “Астрамечаўскі рукапіс”.

— Астрамечаўская зямля мае багатую гісторыю, — гаворыць субяседніца, — і мясцовыя жыхары актыўна вывучаюць яе, каб захаваць і перадаць культурную спадчыну сваім дзецям і ўнукам.

Падчас нашай размовы з камп’ютара Таццяны Аляксандраўны гучалі кампазіцыі з “Астрамечаўскага сшытка”. Здавалася, час павярнуўся назад, спалучылася мінулае і сучаснае, народныя і прыдворныя матывы зліліся ў адзіную гарманічную мелодыю.

Крысціна БУДЧАНІНА

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!