Дакрануліся сэрцам да роднага слова | Заря над Бугом

Дакрануліся сэрцам да роднага слова

Да сусветнай супольнасці, якая  адзначала 21 лютага Міжнародны дзень роднай мовы, далучыліся вучні і настаўнікі сярэдняй школы вёскі Страдзеч.

Беларускаму слову быў прысвечаны вусны часопіс  “Сэрцам роднага слова краніся”. Мы зрабілі падарожжа ў гісторыю, успомнілі, як 500 гадоў таму назад славуты сын зямлі Полацкай Францыск Скарына надрукаваў Псалтыр, даступны простаму люду. Вучні ў нацыянальных касцюмах пранікнёна, з любоўю чыталі вершы  беларускіх паэтаў Я.Купалы, Я.Коласа П.Броўкі, М. Пракаповіча, У.Дубоўкі,
С. Вярцінскага, А. Гаруна. На старонцы вуснага часопіса “Залацінкі роднай мовы” як са скарбонкі сыпаліся прыказкі і прымаўкі, мы адгадвалі загадкі, смяяліся з народных жартаў, разгадвалі шарады, паліндромы, гаварылі адзін аднаму ветлівыя словы, добрыя пажаданні. У гэты дзень вучні і настаўнікі стараліся размаўляць на роднай мове. Надзвычай важна разумець, што родная мова не проста адзін з прадметаў школьнай праграмы, а нешта нашмат большае, неабходнае для таго, каб адчуць уласную прыналежнасць да свайго народа.

А закончыць  мне хацелася б словамі з верша Леаніда Дайнекі:

Дрыжыць прастор нябёс грамовых.

У родны край ідзе вясна.

Я зноў пра мову, зноў пра мову –

Яна, як маці, у нас адна.

Каб белы свет не здаўся вузкім,

Каб годна жыць паміж людзей,

Любіце мову беларуску,

Любіце з кожным днём мацней.

Вераніка ТУРКОВА,  вучаніца 8-га класа  ДУА “СШ в.Страдзеч імя М.Е.Зайца”

 

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!