Даследчык Палесся і пісьменнік з вёскі Шчытнікі | Заря над Бугом
Даследчык Палесся і пісьменнік з вёскі Шчытнікі

Даследчык Палесся і пісьменнік з вёскі Шчытнікі

 (Пачатак>>>)

Цікавыя нататкі Барыса Альхоўскага аб гэтай экспедыцыі змешчаны ў кнізе Аляксандра Ільіна. У зборы каштоўнага гістарычнага матэрыялу даследчыку неаднойчы дапамагалі мясцовыя святары і простыя сяляне. Вынікам шматлікіх вандровак па Палес-каму краю і Валыні былі дасланыя ў Львоў багатыя пасылкі з сабранымі архіваліямі – старадаўнімі кнігамі (царкоўнымі служэбнікамі і інш.), абразамі, сотнямі адзінак дакументаў, што тычыліся гісторыі цэркваў (царкоўныя метрыкі, царкоўныя кнігі прыходаў і расходаў, вопісы цэркваў), дакументамі з сямейных архіваў, рознымі старымі рэчамі і археалагічным матэрыялам (знойдзенымі фрагментамі старажытнай керамікі, крэмніям і інш.), фотаздымкамі цэркваў і рэчаў, якія мелі гістарычную вартасць (іканастасы, абразы).

Як распавядае Аляксандр Ільін, у 1933 г. з сяла Чэрск, што знаходзіцца на паўднёвым захадзе сучаснага Брэсцкага раёна (Дамачаўскі сельсавет), у Архіў гісторыі ўніі Барыс Альхоўскі прывёз старадаўні палесскі абраз “Распяцце з прадстаячым”, які датаваны першай паловай XV стагоддзя. Хутчэй за ўсё, многае з таго, што было знойдзена тады супрацоўнікамі архіву, з цягам часу было б папросту знішчана і не дайшло б да нашых дзён, калі б не трапіла ў рукі тых, хто дакладна ведаў вартасць гэтакіх рэчаў. Не трэба нават і тлумачыць, якую каштоўнасць уяўляе такі гістарычны матэрыял у якасці крыніцы для вывучэння Палескага рэгіёну. Сёння калекцыя былога Архіву гісторыі ўніі захоўваецца ў Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве Украіны ў Львове.

Яшчэ адным з вынікаў вандровак Барыса Юльянавіча па Палессю былі яго цікавыя рэпартажы, змешчаныя ў розных перыядычных выданнях. У гэтых рэпартажах аўтар выявіў сябе і як выдатны краязнаўца, які адкрываў чытачам сувязь паміж сучаснасцю і мінулым, і як выдатны публіцыст, валодаючы бліскучым журналісцкім стылем. Безумоўна, даследчыцкая і пісьменніцкая праца, звязаная з вывучэннем і зборам помнікаў палескай даўніны, спрыяла творчаму станаўленню Б. Альхоўскага.

Перабраўшыся з Львова на жыццё ў Варшаву, Б. Альхоўскі працягваў актыўную творчую, пісьменніцкую дзейнасць. Акрамя таго, браў актыўны ўдзел у грамадскім і культурным жыцці варшаўскіх украінцаў. Свой лёс з украінскім нацыянальным рухам Б. Альхоўскі звязаў яшчэ ў юнацтве, калі падчас навучання ў гімназіі спрычыніўся да дзейнасці ўкраінскага таварыства “Просвіта на Палессі”, якое разгарнула актыўную дзейнасць у Брэсце над Бугам у міжваенны час. З дакументаў, выяўленых Аляксандрам Ільіным, бачна, што ў шэрагі ўкраінскага нацыянальнага руху Б. Альхоўскага прывялі “уласнае маральнае абурэнне ад таго, што бачыў на Палессі і Валыні” і перакананне, што палепшыць становішча можа толькі ўласная дзяржава. “Паляпшэнні без Дзяржавы – утопія” – лічыў ён. Адзначым, аднак, што стоячы на грунце стварэння ўкраінскай дзяржаўнасці, Б. Альхоўскі не мог не мець адпаведнага стаўлення і да ідэі беларускай дзяржаўнасці. Доказам таму з’яўляецца адзін з надрукаваных ім артыкулаў, які прысвечаўся памяці выдатнага беларускага грамадскага дзеяча, публіцыста, піянера беларускага нацыянальнага руху, аднаго з заснавальнікаў першай беларускай палітычнай партыі, а таксама першай беларускай газеты “Наша Доля”, а потым і “Наша Ніва”, вакол якіх гуртаваліся дзеячы беларускага нацыянальнага руху, Івана Луцкевіча.

У Варшаве Б. Альхоўскі прымкнуў да літаратурнай групы ўкраінскіх пісьменнікаў і стаў супрацоўнікам літаратурнага часопіса “Мы”, адным са стваральнікаў якога і рэдактарам быў яго сябра з юнацтва, з якім калісьці разам вучыўся ў брэсцкай гімназіі, пісьменнік-празаік і журналіст Андрэй Крыжаноўскі. У часопісе “Мы”, дзе друкаваліся творы літаратараў і публіцыстаў (аповесці, раманы, літаратурныя рэцэнзіі і інш.), Б. Альхоўскі надрукаваў сваю гісторыка-палітычныю працу “Вольны народ”, а таксама твор “Вецер у нетрах” і вялікую колькасць артыкулаў, у т.л. рэцэнзій на творы розных пісьменнікаў. Будучы чалавекам бліскучага таленту і вялікай эрудыцыі, Б. Альхоўскі зарабіў сябе вялікую павагу сярод супрацоўнікаў часопіса. Таму не выпадкова, што менавіта ён, як лідэр, вакол якога гуртаваліся аднадумцы, у 1938 г. стаў сурэдактарам  часопіса, застаючыся на гэтай пасадзе аж да самога пачатку Другой сусветнай вайны. Акрамя таго, Б. Альхоўскі супрацоўнічаў з рэдакцыямі іншых, у т.л. замежных перыядычных выданняў: быў рэдактарам украінскай газеты “Трыбуна маладых”,  якая выдавалася ў Парыжы, а таксама супрацоўнікам львоўскага часопісу “Насустрач” і польскамоўнага журнала “Польска-Украінскі інфармацыйны бюлетэнь”. У гэтых перыядычных выданнях Б. Альхоўскім было надрукавана багата артыкулаў, у т.л. эсэ і рэцензій, у якіх ён закранаў тагачасныя палітычныя і культурныя працэсы, асвятляў розныя пытанні культурнага жыцця і духоўнай культуры ўкраінскага народа, а таксама польскай нацыянальнай палітыкі, палемізаваў з палітычнымі апанентамі, разглядаў сучасныя яму грамадска-палітычныя праблемы ў кантэксце гістарычнага развіцця. Высокую адзнаку сучаснікаў атрымаў надрукаваны ім у журнале “Польска-Украінскі інфармацыйны бюлетэнь” артыкул “Ленін аб Украіне”. Бліскучыя публікацыі стварылі яму ў тагачасным творчым асяроддзі заслужаны аўтарытэт выдатнага пісьменніка, даследчыка-гісторыка і палеміста.

Акрамя журналісцкай працы, пісьменнік супрацоўнічаў з шэрагам польскіх навуковых устаноў, выступаў з лекцыямі і прамовамі. Працуючы ў Украінскім навуковым інстытуце ў Варшаве, ён займаўся вывучэннем эканомікі і культуры савецкай Украіны. Пражываючы ў Варшаве, Б. Альхоўскі працягваў нязменнае супрацоўніцтва з Нацыянальным музеем і Архівам гісторыі ўніі ў Львове, займаючыся па дамоўленасці з гэтымі ўстановамі пошукам старажытных украінскіх твораў мастацтва, абразоў, дакументаў і кніг. І ён не толькі збіраў старадаўнія творы мастацтва і карты Украіны, але і вывучаў іх. Як адзначае Аляксандр Ільін, Б. Альхоўскі быў сапраўдным знаўцам украінскай гравюры XVII — XVIII ст.

Памёр Б. Альхоўскі ў маладым узросце, пражыўшы ўсяго толькі 38 гадоў. Але дзякуючы моцнаму таленту за даволі кароткі тэрмін, адведзены яму для жыцця, змог стварыць і пакінуць нашчадкам багатую творчую спадчыну. Цікавасць сучаснікаў выклікае і непасрэдна жыццё гэтага чалавека, яго сэнсажыццёвыя імператывы. Бо ў аглядзе жыццядзейнасці асобнага чалавека, нават, калі і не заўсёды пагаджацца з нейкімі асобнымі светапогляднымі ўяўленнямі іх носьбіта, грамадства заўсёды можа знайсці для сябе нейкі павучальны сэнс.

Наталля ДЗЯДЗІЧКІНА, 

кандыдат гістарычных навук

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!