Даследчык Палесся і пісьменнік з вёскі Шчытнікі | Заря над Бугом
Даследчык Палесся і пісьменнік з вёскі Шчытнікі

Даследчык Палесся і пісьменнік з вёскі Шчытнікі

Веліч Берасцейшчыны ствараюць яе ўраджэнцы і жыхары, якія здабылі заслужаную павагу да сябе на сваёй радзіме або па-за яе межамі ў грамадскай ці гаспадарчай дзейнасці, навуцы ці ў сферы культуры. Адным з тых, чыё імя сярод ураджэнцаў берасцейскага Палесся, плённа працаваўшых дзеля нацыянальнага адраджэння і развіцця навуковых ведаў, быў Барыс Юльянавіч Альхоўскі (1906-1944), ураджэнец вёскі Шчытнікі.

Нажаль, па розных прычынах іншы раз здараецца так, што імёны, якія заслугоўваюць таго, каб быць своеасаблівым арыентырам для нашчадкаў, губляюцца недзе ў мінулым. Нажаль, таму што страта ж гістарычнай памяці аб іх, безумоўна, збядняе нас. Імя Барыса Альхоўскага – пісьменніка, патрыёта і даследчыка Палесся — таксама было незаслужана забыта. І для шырокага кола чытачоў яно было толькі нядаўна адкрыта вядомым даследчыкам-краязнаўцам Аляксандрам Ільіным. Яго кніга “Барыс Альхоўскі – пісьменнік-эсэіст, спявак і даследчык Палесся” выйшла ў Пінску ў 2017 г. першым выпускам новай серыі “Палеская бібліятэчка часопіса “Гістарычная брама”. Даследаванне Аляксандра Ільіна грунтуецца на невядомых дагэтуль фактах з архіўных дакументаў, а таксама асабістых нататках, штодзённіку і лістах пісьменніка да сябраў, выяўленых даследчыкам у Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве ў Львове. Унікальныя дакументы, упершыню ўведзеныя аўтарам выдання ў навуковы зварот, дазволілі яму не толькі рэканструяваць факты жыццядзейнасці Барыса Альхоўскага, але і стварыць суцэльны малюнак інтэлектуальнага асяроддзя і атмасферы, у якой праходзіла творчае жыццё публіцыста, даследчыка і грамадскага дзеяча.

Жыццё продкаў Барыса Альхоўскага па бацькоўскай лініі было звязана з сучасным Брэсцкім раёнам. Як паведамляе Аляксандр Ільін, дзед пісьменніка – праваслаўны святар Пётр Іванавіч Альхоўскі быў адным з тых, каго пасля задушэння паўстання 1863 — 1864 гг. накіроўвалі для русіфікацыі палешукоў. З 1880 г. ён служыў святаром у Матыкальскай царкве, а з 1903 да 1915 г. – святаром у сяле Вельямовічы. Сын Пятра Іванавіча Альхоўскага – Юльян Пятровіч Альхоўскі, народжаны ў сяле Матыкалы, таксама быў праваслаўным святаром: з 1904 г. і амаль да пачатку Першай сусветнай вайны ён быў настаяцелям Шчытнікаўскай царквы. У 1906 г. у сям’і Юльяна Пятровіча Альхоўскага нарадзіўся сын Барыс. Пасля пачатку Першай сусветнай вайны ў 1915 г. па распараджэнню расійскіх вайсковых уладаў сям’я святара, як і большасць мясцовых жыхароў, вымушана была пакінуць вёску і выехаць у глыб Расійскай імперыі “у бежанцы”. Пасля заканчэння вайны ў вёску Шчытнікі яны больш не вярнуліся – святар Юльян Пятровіч Альхоўскі атрымаў прыход у м. Антопаль Драгічынскага павета.

Барыс Альхоўскі навучаўся ў Брэсцкай рускай гімназіі, пасля заканчэння якой працягваў адукацыю на юрыдычным факультэце Віленскага універсітэта ім. Стэфана Баторыя, а ў далейшым – на філасоўскім факультэце Варшаўскага ўніверсітэта ім. Юзефа Пілсудскага. Ужо ў студэнцкія гады, калі Барыс Альхоўскі пачаў друкаваць свае першыя артыкулы ў розных перыядычных выданнях, яскрава выявіўся яго талент публіцыста.

Вялікім захапленнем Барыса Альхоўскага стала вывучэнне Палесскага краю. З пачатку 1930-х гадоў ён быў супрацоўнікам Архіву гісторыі ўніі 1596 г., створанага ў Львове Мітрапалітам Галіцкім і Арцыбіскупам Львоўскім, прадстаяцелям Украінскай грэка-каталіцкай царквы Андрэям Шаптыцкім, з мэтай збору матэрыялаў па гісторыі праваслаўнай і грэка-каталіцкай цэркваў і захавання помнікаў мінулага беларускіх і ўкраінскіх зямель. Для папаўнення фондаў архіва яго супрацоўнікі накіроўваліся ў экспедыцыі па ўкраінскіх і беларускіх землях у пошуках рознага архіўна-гістарычнага матэрыялу – прадметаў даўніны, дакументаў па царкоўнай гісторыі, твораў мастацтва, абразоў, старажытных кніг. У падарожжа па Палессю і Валыні быў накіраваны і Барыс Альхоўскі.

Падчас адной з такіх вандровак, якая адбылася летам 1931 г., яго шлях пралягаў па тэрыторыі сучаснага Драгічынскага раёна – даследчык пабыва у Хомску, Здзітава  і ваколіцах. У 1933 г. ён падарожнічаў па Століншчыне, пабываў у г. Высоцк (сёння сяло на тэрыторыі Дубровіцкага раёна Роўненскай вобласці Украіны) і с. Церабежоў, дзе наведваў мясцовыя царквы і сустракаўся з іх настаяцелямі.

Наталля ДЗЯДЗІЧКІНА, 

кандыдат гістарычных навук

(Заканчэнне ў наступным нумары)

 

 

 

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!