Дуда можа ўсё | Заря над Бугом

Дуда можа ўсё

Калі мы гаворым “дуда”, наша ўяўленне звычайна малюе бравых шатландцаў ў клетчатых спадніцах-кілтах, і не ўсе ведаюць, што дуды-валынкі былі распаўсюджаны на вялікіх абшарах ад Індыі да Іспаніі, уключаючы Беларусь. У залежнасці ад краіны, яны мелі сваю арыгінальную канструкцыю і спецыфічны тэмбр. Беларускі тып дуды характэрны таксама для Літвы і Латвіі.

 Дуда можа зайграць ўсё — ад кракавяка і полькі да рок-мелодый, пры чым гучаць сучасна і актуальна. Сведкамі гэтаму сталі каля трохсот меламанаў, што наведалі ў мінулую пятніцу канцэрт “Свята дуды” беларускіх гуртоў старажытнай музыкі “Стары Ольса” і “Тэстаментум Тэрэ”, які прайшоў у Брэсцкім грамадска-культурным цэнтры.

Першымі гралі “Тэстаментум Тэрэ” (“Запавет зямлі” – у перакладзе з лаціны). Музыкі прадставілі свой альбом “Слаўны паніч”, у які ўвайшлі творы часоў Вялікага княства Літоўскага – мелодыі беларускіх танцаў і абрадаў, балады і вайсковыя песні, папулярныя еўрапейскія мелодыі Сярэднявечча, а таксама некалькі аўтарскіх стылізацый. Гурт выкарыстоўвае копіі інструментаў XV-XVIII стагоддзяў – лютню, шалмеі, жалейкі, скрыпку, бубны і ўласна дуду. Асаблівую рэакцыю публікі выклікала арыгінальнае выкананне мелодыі з кінафільма Квенціна Таранціна.

Да моманту выхаду на сцэну “Старога Ольсы” (назва гурта – ад ручая на Магілёўшчыне) публіка была ўжо добра разагрэтая музыкай, а найбольш уражаныя танчылі “кола” перад сцэнай.

« Ехаў літвін дый па Сініх Водах тры дні, тры начы,

Тры дні, тры начы, меч крывавячы…” – заспяваў вакаліст “Старога Ольсы” першую песню.

Лідар гурта Зміцер Сасноўскі са сцэны паведаміў, што калектыў мае гонар прадставіць канцэртную праграму, аснову якой складаюць барочныя мелодыі са славутага “Полацкага сшытка” (які яшчэ называюць “Астрамечаўскім”).

“Стары Ольса” – найбольш вядомы беларускі гурт старажытнай музыкі, які грае (апроч дуды) на ліры, гуслях, свірэлях, сурме, лютні, цыстры, шалмеі, рэбеку і іншых інструментах.

Як кажуць самі музыкі, мэта дзейнасці гурта – рэканструкцыя музычных традыцый старажытнай Беларусі, папулярызацыя культурнай спадчыны нашай краіны.

“Стары Ольса” мае ў сваёй скарбонцы шэсць студыйных альбомаў, апошні з якіх – “Дрыгула” (гэта назва танца) і прысвечаны “Полацкаму сшытку”, які, па словах Зміцера Сасноўскага, мог бы стаць крыніцай музычнага матэрыялу не для аднаго гурта і на доўгі час. “Уся сучасная музыка мае свае карані ў старажытнасці”, — заявіў музыка.

Напрыканцы выступлення “Ольса” выканаў рок-гімн “Дым над вадой” дегендарных “Дып Папл”, тым самым падкрэсліўшы сувязь даўніх традыцый з сучаснасцю. Публіка апаладзіравала стоячы.

 Дзмітрый ПІСКУР

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!