Еўрапейскія карані беларускай культуры | Заря над Бугом

Еўрапейскія карані беларускай культуры

14 лістапада зала Брэсцкай абласной бібліятэкі была літаральна перапоўнена людзьмі. У гэты дзень у Брэст ужо другі за гэты год раз завітаў пісьменнік Уладзімір Арлоў. І зноў не расчараваў сабраўшыхся аматараў сучаснай беларускай літаратуры.
Што цікава, першапачаткова сустрэча мела адбыцца ў душпастырскім грэка-каталіцкім цэнтры, дзе прайшла летняя сустрэча пісьменніка з чытачамі. Але кіраўніцтва абласной бібліятэкі з уласнай ініцыятывы вырашыла запрасіць Арлова да сваіх «уладанняў». І гэта ідэя прынесла свой плён. Калі ліпеньская сустрэча засталася амаль што без увагі мясцовых СМІ, то ў сераду залу бібліятэкі запоўнілі не толькі прыхільнікі творчасці Арлова, але і шматлікія журналісты.
Нагодай для прыезду ў Брэст Уладзіміра Арлова стаў выхад яго новай кнігі «Вялікае Княства Літоўскае» — другога тома серыі «Ілюстраваная гісторыя». Выданне знаёміць чытача з, бадай што, найбольш цікавым перыядам беларускай гісторыі, калі дзяржава сягала, як кажуць летапісы, «ад мора да мора». І не проста знаёміць — на больш чым 500 старонках тома вагой амаль у 3 кілаграмы змешчана каля 2000 ілюстрацый і некалькі тысяч каментарыяў пісьменніка. Што цікава, некаторыя з малюнкаў нават вучоныя пабачаць упершыню, бо іх пісьменнік цягам доўгага часу шукаў па архівах блізкіх і далёкіх краін. Выданне, якое друкавалі ў Славакіі пры дапамозе аднаго з беларускіх банкаў, атрымалася сапраўды сур’ёзным. З аднаго боку, прывабным знешне, а з другога – па-навуковаму сур’ёзным і грунтоўным.
Асноўная мэта «Вялікага Княства Літоўскага», паводле слоў самога Уладзіміра Арлова, давесці сучасным беларусам, што наша краіна мае еўрапейскія карані, а развіццё яе заўсёды мела еўрапейскі культурны кантэкст. «Мы мелі сваё Адраджэнне і Рэфармацыю, — адзначыў пісьменнік, — з’явы, якіх далей на ўсход ад нас не назіралася. Па ўсёй нашай зямлі ўзводзіліся будынкі ва ўсіх еўрапейскіх архітэктурных стылях. Застаючыся ўсходнімі славянамі, тагачасныя беларусы, якіх тады называлі «ліцвінамі», былі сапраўдным фарпостам еўрапейскай думкі на Усходзе».
Як расказаў Сяржук Бахун, арганізатар прэзентацыі, у Брэст было прывезена 50 асобнікаў «Вялікага Княства Літоўскага». Усе яны былі раскупленыя адразу пасля выступу Уладзіміра Арлова. І гэта пры тым, што кошт кнігі такі ж сур’ёзны, як і яе змест – 350 тысяч рублёў. 40 прывезеных кніг прозы і вершаў Арлова, якія ён, дарэчы, выдаў і беларускай лацінкай, таксама ўпрыгожылі хатнія бібліятэкі брэстаўчан.
Бліжэйшым часам «Вялікае Княства Літоўскае» з’явіцца на паліцах брэсцкіх кнігарняў побач з першым томам «Краіна Беларусь».

Арцём КІР’ЯНАЎ

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!