«Ганаруся, што ў мяне такi прадзед!» | Заря над Бугом

«Ганаруся, што ў мяне такi прадзед!»

Стаяў сонечны жнівеньскі дзень. Аўтобус з турыстамі, якія ехалі на адпачынак у Грэцыю, рухаўся па тэрыторыі Чэхіі. Я з захапленнем разглядала незнаёмыя краявіды і вельмі здзіўлялася, што дзядуля не раздзяляе майго настрою, а толькі задумліва, моўчкі глядзіць у акно.

I толькi калi мы прыехалi ў чэшскi горад Брно, дзе спынiлiся на начлег, ён сказаў: «Мой бацька калiсьцi пралiваў кроў за гэты горад».

Я не магла пакiнуць гэтыя словы без увагi i настойлiва папрасiла дзядулю расказаць мне пра яго бацьку. Мой дзядуля Мiкалай Цiмафеевiч рос дапытлiвым хлапчуком, ён уважлiва слухаў аповеды свайго бацькi пра вайну. Таму на наступны дзень ён падрабязна расказаў мне ўсё, што запомнiў ад бацькi.

Мой прадзед Цiмафей Мiхайлавiч Салтанюк (злева на здымку) нарадзiўся 6 чэрвеня 1913 года ў Камянецкiм раёне ў вёсцы Бабiчы. Калi пачалася Вялiкая Айчынная вайна, пайшоў у партызаны. Яны грамiлi нямецкiя гарнiзоны, узрывалi масты, пускалi пад адхон цягнiкi. Дрэнна было зiмой: спалi ў прамёрзлых акопах, елi адзiн раз у дзень, бывала, што не елi зусiм. Удзень капалi акопы, адстрэльвалiся, перабягалi на другое месца. Потым зноў капалi акопы i адстрэльвалiся, кулi свiсталi над галавой. Спачатку было вельмi страшна, потым звыклiся.

Калi Чырвоная армiя вызвалiла Беларусь, ён пайшоў з фронтам на Захад. У складзе 2-га Украiнскага фронту прымаў удзел у баях у Польшчы, вызваляў ад немцаў чэшскi горад Брно.

Перад байцамi была пастаўлена задача – авалодаць гэтым горадам. Брно з’яўляўся важным вузлом дарог i буйным прамысловым цэнтрам, у якiм размяшчалiся ваенныя прадпрыемствы, а таксама мелiся вялiкiя запасы ваеннай маёмасцi i боепрыпасаў. А галоўнае, з авалоданнем гэтага горада нямецкае камандаванне вылучыла для яго абароны буйныя сiлы. На подступах да горада разгарэлiся лютыя баi, якiя не сцiхалi нi днём нi ноччу. Пераадольваючы ўпартае супрацiўленне i адбiваючы моцныя контратакi, у красавiку нашы салдаты падышлi да Брно.

На наступны дзень фронт працягнуў наступ. Баi разгарэлiся з новай сiлай.

Было выразна вiдаць, як рушылi да варожых пазiцый танкi. З нарастаючай сiлай зараўлi ў паветры самалёты. Вялiкiмi групамi iшлi бамбавiкi i штурмавiкi. Поле, якое да гэтага здавалася мёртвым, прыйшло ў рух. Пярэднi край ворага быў змяты. Але ў глыбiнi яго абароны то тут, то там зазiхацелi агнявыя кропкi працiўнiка.

Баi не спынялiся i ноччу. Аднак ворагу не ўдалося адбiць нi адной занятай нашымi войскамi пазiцыi. Паспяхова развiвала наступ на Брно наша пяхота, упарта абыходзячы варожыя доты, прыцэльна выбiваючы ворага.

На працягу дня на вулiцах горада iшлi жорсткiя баi, i да вечара ён быў цалкам ачышчаны ад нямецкiх войскаў.

Ледзь сцiхлi апошнiя стрэлы, як на вулiцах з’явiлiся натоўпы людзей. Яны выйшлi з падвалаў i бамбасховiшчаў. Душэўнай цеплынёй, усмешкамi i кветкамi жыхары сустракалi нашых салдат-вызваліцелей. Пры вызваленнi горада Брно ад фашысцкiх войскаў загiнула каля 17-цi тысяч савецкiх салдат.

…Пасля адпачынку мы з бабуляй і дзядулем працягнулі знаёмства з гэтым горадам. Можаце сабе ўявiць, што я ўспрымала яго зусiм па-iншаму. Мне давялося ўбачыць велiчны помнiк воiнам-вызвалiцелям – скульптуру савецкага салдата, якi сваiм жэстам спыняе баi за Брно. Помнiк быў усталяваны ў 1955 годзе да дзесяцiгоддзя вызвалення горада ад фашыстаў. Таксама я бачыла на вяршынi гары Шпiльберг аднайменную крэпасць, у сценах якой падчас вайны падвяргалiся катаванням фашыстаў ваеннапалонныя.

За самаадданасць i адвагу мой прадзед Цiмафей Мiхайлавiч Салтанюк узнагароджаны медалямi i шматлiкiмi ордэнамi, удзельнiчаў у Парадзе Перамогi.

Прадзед быў адукаваным чалавекам. Ён скончыў польскую школу майстроў каўбасных вырабаў. Яго вырабы вельмi цанiлiся. На Выставе дасягненняў народнай гаспадаркi (ВДНГ) ў горадзе Маскве ён атрымаў дыплом першай ступенi. Пасля вайны прадзед займаўся любiмай справай.

Калi нарадзiўся мой бацька, Цiмафей Мiхайлавiч сказаў, каб хлопчыка назвалi Мiхаiлам. Так працягваецца летапiс нашай сям’i.

Прадзеда я ведаю толькi па фатаздымках i аповедах дзядулi, але ганаруся, што ў мяне такi прадзед. Цiмафей Мiхайлавiч пражыў сумленнае, годнае жыццё, выгадаваў i выхаваў двух сыноў. Мы яго помнiм i даглядаем яго магiлку у Брэсце.

Я вельмi ўдзячная прадзеду i ўсiм тым, хто прайшоў гэтую страшную вайну на фронце i ў тыле. Калi б яны тады не змаглi выстаяць, то, магчыма, нас бы зараз не было б на свеце… Мы б не бачылi кветак, не ўдыхалi б свежае паветра, не жмурылiся ад яркага сонейка.

Хоць вайна з кожным днём усё далей, памяць будзе вяртацца ў далёкiя саракавыя. Для нас Вялiкая Айчынная вайна – гэта кнiгi i ўспамiны, гэта гiсторыя нашай краiны. Вайна – самае горшае, што можа быць на зямлi. Вайна – гэта гора i голад, гэта боль i слёзы. Што мы можам зрабiць, каб яна нiколi не паўтарылася? Помнiць…

Маргарыта САЛТАНЮК,

вучаніца 9-га класа сярэдняй школы в. Вялікія Матыкалы

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!