ГЭТА НАША СПЯВАЕ ЗЯМЛЯ | Заря над Бугом
ГЭТА НАША СПЯВАЕ ЗЯМЛЯ

ГЭТА НАША СПЯВАЕ ЗЯМЛЯ

Раённае свята традыцыйнай культуры «Пяро жар-птушкі» прайшло ў мінулую пятніцу ў г.п. Дамачава. У нашым раёне яно  праводзіцца адзін раз у два гады і ўвесь час прыцягвае да сябе ўсе новыя творчыя калектывы.

На летняй пляцоўцы пасялковага парку стаяла святочна ўпрыгожаная сцэна, якая была аформлена ў народным стылі. Юнак і дзяўчына, апранутыя ў традыцыйныя беларускія касцюмы, віталі ўдзельнікаў конкурсу. А іх у гэты дзень было нямала. Больш дзесятка калектываў з усіх куткоў Прыбужжа дарылі свае творчыя таленты гасцям свята.

Дамачаўская пляцоўка сабрала не толькі землякоў, але і сяброў-пабрацімаў з Германіі — кіраўніка адзела міжнароднага супрацоўніцтва абшчыны Хаўсіч, які з’яўляецца нашчадкам першых пасяленцаў з роду Галендраў, Зігфрыда Людвіга, а таксама – каардынатара працы абшчыны Хаўсіч Пітэра Кайзера; з Польшчы – войта гміны Славацічы Аркадзіўша Мішталя, дырэктара школы павета Славацічы Мар’юша Алешчука, кіраўніка па справах гміны Славацічы Монікі Тышчук, спеціяліста гміны Славацічы Радослава Шчура.

З прывітальным словам да іх і гасцей свята звярнуўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Хвацік.

— Прыемна, што менавіта ў святы вечар Пятра і Паўла свята сабрала людзей, якія цалкам душой і сэрцам аддадзены роднаму краю, якія рупліва зберагаюць і перадаюць нашчадкам сваю спадчыну, — адзначыў Уладзімір Міхайлавіч.

Старшыня Дамачаўскага сельсавета Анатолій Струк выказаў пажаданне, каб гэты конкурс стаў зараджальнікам добрай традыцыі святкаваць нашу малую радзіму. І ў наступным разе магчыма і госці з-за мяжы прыедуць ужо са сваімі творчымі калектывамі, каб выступіць на святочнай сцэне.

Трэба адзначыць, што агляд-конкурс традыцыйнай культуры ў межах раённага свята пачаўся с занальных праглядаў на месцах, каб затым прадэманстраваць свае нумары на галоўнай сцене “Пяра жар-птушкі”. Першымі распачалі святочную праграму вечара старэйшы фальклорны калектыў раёна “Гутняначка” з Гуцінскага Дома сацыяльных паслуг. Прыцягвалі ўвагу гледачоў і ўдзельнікі фальклорнага аматарскага калектыва “Весялушкі” са Збунінскага Дома сацыяльных паслуг. Яны прапанавалі старадаўні абрад “Бабка-павітуха”. Яшчэ адзін — “Хрыстыны” — паказаў фальклорны аматарскі калектыў “Жывая вада” Ляплёўскага сельскага клуба. Такія радзінныя абрады беларусаў мелі шырокае распаўсюджванне па ўсей тэрыторыі нашай краіны ў мінулым, захаваліся яны і на сённяшнім часе.

Дзеці і моладзь з задавальненнем цікавяцца фальклорам роднага краю, яго гісторыяй і культурай. І прыклад таму – выступы дзіцячага аматарскага калектыву Камароўскага сельскага Дома культуры, фальклорнага гурта Знаменскага СДК, аматарскага калектыву “Канфеці” Страдзечскага СДК… Шчырымі ўмешкамі і апладысментамі сустракалі аднавяскоўцаў – аматарскі калектыў Дамачаўскага ПДК. Прыцягнуў увагу гледачоў дэфіле-паказ аўтэнтычнага жаночага касцюма Дамачаўскага строю. Пасля цікавага падарожжа ў мінулае да нашай спадчыны на сцэну падняліся начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладдзі райвыканкама Ларыса Балашова і дырэктар раённай цэнтралізаванай клубнай сістэмы Аляксей Лявонаў. Яны правялі цырымонію ўзнагароджвання ўдзельнікаў раённага агляду-конкурсу традыцыйнай культуры. Дыплом першай ступені атрымаў калектыў “Жывая вада”, дыплом другой – “Канфеці”, дыплом трэцяй – “Весялушкі”.

Пасля прыемных момантаў святочную праграму прадоўжылі творчымі выступамі і іншыя таленавітыя артысты Прыбужжа. А пакуль на сцэне гледачоў радавалі народныя калектывы, іншых удзельнікаў свята чакала насычаная забаўляльная праграма, якая разгарнулася на шырокай пляцоўцы парка. Прыцягвала ўвагу выстава-кірмаш майстроў і ўмельцаў Прыбужжа. Вырабы з саломкі, вышыўка крыжам, мастацкая разьба па дрэве і нават бандарныя вырабы для мёду, салення і квашэння, посуд для лазні – усе гэта было шчыра прапанавана ўдзельнікам свята. Для ўсіх жадаючых захаваць памятны момант ў народных касцюмах беларуса і беларусачкі была абсталявана асобная фотазона. Але асаблівае ажыўленне панавала каля ўмельцаў з Камароўскага СДК. Яго ўдзельнікі здолелі грунтоўна ўладкаваць сапраўдную гасціную, упрыгожыць яе вышытымі ручнікамі, абрусамі, карцінамі, кошыкамі. Цешыла і вабіла да сябе маляўнічае меню, дзе значыліся стравы, прыгатаваныя па старадаўніх рэцэптах: хлеб з укропам, квас з цыбуляй, мачанка з тварагом, румяная крывянка, бліны з мёдам. Стол ламаўся ад ежы! Госці свята з задавальненнем здымалі спробу з кожнай стравы, нахвальваючы таленавітых кухараў.

Юным удзельнікам свята асабліва спадабаліся выхаванцы конна-спартыўнага клуба «Белая Русь» з вёскі Клейнікі – коні Аргон і Параграф. Тыя дзеці, хто здолеў перадужыць страх перад гэтымі высакароднымі жывёламі, пад наглядам вопытных трэнераў змаглі пракаціцца і атрымаць максімум радасці і незабыўных эмоцый. А пасля таленавітыя ўдзельнікі клуба Марыя Шэлонік, Ігар Пясецкі, Андрэй Булавацкі і Іван Голец паказалі адмысловую джыгітоўку. Спрытна кіруючы скакунамі і праносячыся міма гледачоў, вершнікі прадэманстравалі небяспечныя акрабатычныя практыкаванні. Джыгітоўка, заснаваная на кемлівасці і смеласці, гнуткасці і сіле мускулаў, нікога не здолела пакінуць абыякавым. Запомніўся адзін з трукаў — «прамое валачэнне». Джыгіт саскоквае з сядла, павісае на корпусе каня і «едзе», дакранаючыся нагамі да зямлі. Юнакі прадэманстравалі сапраўднае майстэрства, калі падымалі на поўным скаку пакінутую на зямлі шапку, рассякалі шабляй гнуткую лазу і пластыкавую бутэль з вадой. Бліснуўшы, як маланка, востры клінок зразаў верхнюю частку бутэлькі. Пырскі вады разляталіся ў розныя бакі. Але гэта не бянтэжыла гледачоў, якія на нейкі час прыльнулі да агароджы, дзе праходзіла паказальная праграма, якая ўключала ў сябе таксама і валоданне халоднай зброяй у сядле, і стральбу з пісталета па мішэні, і пераадольванне жывога бар’ера, і скокі задам наперад. Адным з самых відовішчных трукаў джыгітоўкі стаў праход праз агонь.

Наталля ТАЛКАЧОВА

Фота аўтара

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!