Каб не змерзла вера | Заря над Бугом

Каб не змерзла вера

У Крыжаўзвіжанскай царкве ў Вістычах актыўна вядуцца будаўнічыя работы, фактычна першыя такога маштабу з часу перадачы праваслаўным уладамі Расійскай імперыі ў 60-х гадах XIX стагоддзя тутэйшага касцёла Святой Сафіі, які раней належаў ордэну цыстэрыянцаў. Адна з найстарэйшых з захаваўшыхся да нашага часу святыняў Прыбужжа, пабудаваная ў 1678 годзе ў стылі позняга барока, будзе мець адноўлены выгляд.

 Напрыканцы мінулага года была вырашана галоўная праблема прыходу – ацяпленне. Дзякуючы дапамозе кіраўніцтва гаспадаркі “Агра-сад Рассвет” на чале з Васілём Жэлянгоўскім, а таксама ахвяравальнікам Вячаславу Стасюку, Уладзіславу Клычко і Васілю Тамільчыку, тут усталяваны газавы кацёл і радыятарныя батарэі. Цяпер у храме цёпла, вернікі, асабліва пажылога ўзросту, больш не мёрзнуць, што асабліва актуальна ў гэту зіму, якая частуе нас надзвычай нізкімі паказчыкамі тэрмометра.

Унутраныя работы працягваюцца. Заліта сцяжка ў алтарнай частцы і на амвоне, гэта 120 квадратных метраў, пры агульнай плошчы падлогі амаль у 500 “квадратаў”. Здымаюцца ранейшая тынкоўка і алейная фарба, якую “з’ядае” грыбок. Ужо атынкаваны наноў сцены хрысцільнага памяшкання, частка іншых сцен. Будучую прыгажосць храма, які мае 24 метры ўвышыню, дапамогуць пабачыць і ацаніць 33 унутраныя і 34 знешнія свяцільнікі.

Маштабныя пераўтварэнні чакаюць і цвінтар — царкоўны двор. Увосень адсюль было вывезена 25 машын смецця, амаль столькі ж трэба будзе вывезці, калі пацяплее. Аднаўлення патрабуе і старадаўняя цагляная агароджа, а таксама некаторыя надмагільныя помнікі на царкоўным двары, сярод якіх – каталіцкі, некалькі праваслаўных і нават пахаванне воіна Чырвонай Арміі часоў Вялікай Айчыннай вайны.

 Злева ад уваходу ў царкву плануееца размясціць аўтамабільную стаянку, каб вернікам, што прыязжаюць на службы, было зручней паркавацца.

Працы яшчэ шмат, гадоў на пяць, як мяркуе айцец Анатоль (Пашкевіч), які стаў настаяцелям  Вістыцкай царквы ўсяго чатыры месяцы таму. “Спяшацца ў гэтай справе не варта, бо гэта дом Божы, а таксама помнік гісторыі і архітэктуры, які мусіць мець выгляд, максімальна набліжаны да першапачатковага”, — гаворыць святар. – “І вялікі дзякуй усім тым, хто ахвяруе на храм”.

Для тых, хто мае магчымасць дапамагчы адраджэнню царквы ў Вістычах, публікуем рэквізіты прыходу:

Праваслаўны прыход Свята-Крыжаўзвіжанскай царквы.

225031, вул. Школьная, 3, в. Вістычы Брэсцкага раёна.

Разліковы рахунак № 3015010406450 ЦБУ 104 філіял № 126 ААТ  АБ “Беларусбанк”. Код 252. УНП 200591759.

Мабільны тэлефон айца Анатоля 8 (029) 729 – 57 – 89.

Дзмітрый ПІСКУР

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!