Калі буслы на даху ёсць | Заря над Бугом

Калі буслы на даху ёсць

Прырода — гэта дзiва i казка, якая ўмее дакранацца да душы  чалавека, да сардэчных струн. Цяжка ўявiць чалавека, якi б застаўся раўнадушны да прагулкi па зiмовым лесе. Здаецца, што ты трапіў у таямнiчы, зачараваны свет.

Iду па сцяжынцы. На галінках бяроз серабрыцца іней. На маладзенькiх ялiнках траскун-мароз развесіў срэбныя ледзяшы. I раптам, як дождж, на мяне пасыпалiся крыштальныя падвескі. Ўзнімаю галаву — на галiнцы сядзiць маленькi жоўтагаловы каралёк. Пер’е пушыстае, шэравата-зялёнае, брушка шэрае, на галаве — жоўта-аранжавыя палоскi, на крылцах па дзве белыя палоскi. Нездарма ж гэтую птушачку называюць валовым вочкам.

Iду далей. Вакол усталявалася цішыня. Нечакана яе перарваў гучны свіст, у якім выразна чулася “кле-кле”. Я здагадалася, што гэта незвычайная песня крыжадзюба-яловіка, якога лічаць сапраўдным каралём яловага лесу. Гэта самая зімовая птушка, бо яна адкладвае яйкі ў зняздо ўжо у лютым і пачынае выседжваць птушанят, калі стаяць яшчэ маразы. А вось і сойка прыляцела. Спрытная, хуткая, вялікая і прыгожая, рознакаляровая, з блакітным пер’ем на крылах, яна не надта любіць паказвацца людзям на вочы. А вось сарока-белабока  не спалохалася мяне, смела прашамацела над галавой. Пэўна, накіравалася да людскога жытла. Такая не прападзе, сама знойдзе сабе пачастунак.

Раптам у далечыні мне здалося, што нехта невядомы развесіў на галінках чырвоныя ружы. Падышоўшы бліжэй, я убачыла птушкі-кветкі -снегіры. Хто не любаваўся іхнімі чародкамі на заснежаных дрэвах! А з куста ядлоўца ўспырхнула патрывожаная мною чародка сініц. Сініца ўсім нам добра вядома меладычным пацінькваннем і зялёнаю афарбоўкаю. Прыгледзеўшыся, я заўважыла кармушку, якую хтосьці  прыладаваў на галінцы. Насенне сонечніка, кавалачкі несалёнага сала, якое так любяць сініцы, снегіры — вось чым ласаваліся птушкі.

Я ведаю, што далёка не ўсе птушкi пакiдаюць месца свайго гнездавання зiмою. Многiя застаюцца на зімоўку. Гэты перыяд адзін з самых складаных у iх жыццi: яны могуць загiнуць ад недахопу ежы. Каб дапамагчы птушкам перажыць зiму, людзi майструюць спецыяльныя ўладкаванні, падкормачныя пляцоўкi, кармавыя столiкi i розныя кармушкі.

Пачуццё ўдзячнасці агарнула мяне да тых людзей, якія дапамагаюць нашым птушкам зімой. Прырода — наш агульны скарб, які неабходна ахоўваць, любіць і шанаваць. Менавіта ў адзінстве з прыродай чалавек пазнае сваю сілу і прыгажосць. Прырода робіць нас дабрэйшымі, мягчэйшымі душою, абуджае ў нас жаданне зберагчы ўсё прыгожае.

Беражыце птушак, людзі!

Гэту жывую прыгажосць.

Мір і шчасце ўсюды будзе,

Калі буслы на даху ёсць.

Ксенія ТРАХIМУК, вучаніца 10-га класа ДУА «Сярэдняя школа г.п. Дамачава»

 

 

 

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!