Кароткі, але варты ўвагі эпізод нашага мінулага | Заря над Бугом

Кароткі, але варты ўвагі эпізод нашага мінулага

Сямнаццатага верасня гэтага года спаўняецца 75 год з часу аб’яднання Заходняй Беларусі і Беларускай ССР. Каля дваццаці год быў актуальны тэрмін “Заходняя Беларусь”  — так называлася тая частка нашага этнічнага абшару, які з 1921 да 1939 года знаходзіўся ў складзе Польскай дзяржавы

“Szabla odbierzemy…”

Заходняя Беларусь дасталася Польшчы ў выніку савецка-польскай вайны 1920 года. Такі стан рэчаў зафіксаваў Рыжскі мір у сакавіку 1921 года.

“Цуд над Віслай” у жніўні 1920-га, адступленне бальшавіцкіх армій з-пад Варшавы дазволілі адроджанай Польшчы ўстанавіць кантроль над значнай часткай беларускіх і ўкраінскіх земляў.

Гэтыя землі – “крэсы всходне” – у грамадскай думцы Польшчы ўважаліся за свае, бо яны ўваходзілі да часу падзелаў Рэчы Паспалітай у склад гэтай дзяржавы.

Таму вяртанне польскай дзяржаўнасці ў Беларусь і Украіну разглядалася як акт гістарычнай справядлівасці. Адбылося ўсё так, як спявалася ў нацыянальным гімне: “Co nam obca przemoc wziela, szabla odbierzemy…” (“вернем шабляю тое, што забрала чужая сіла”).

Ад пачатку адроджаная Польшча (у афіцыйнай тэрміналогіі – Другая Рэч Паспалітая) стваралася як дэмакратычная дзяржава. Але даволі хутка яна ператварылася ў аўтарытарную.

Каля сарака працэнтаў насельніцтва новай Польшчы складалі нацыянальныя меншасці – немцы, украінцы, беларусы, яўрэі. Асіміляцыйная палітыка польскіх улад часта прымушала выступаць іх адзіным фронтам – за захаванне сваіх правоў на нацыянальную школу, друк, арганізацыі.

Палітычнае жыццё

У першай палове дваццатых палітычнае жыццё Польшчы віравала. Яшчэ памятнымі былі падзеі Першай сусветнай вайны, паражэнне Нямеччыны, барацьба ўкраінцаў і беларусаў за свае нацыянальныя дзяржавы. На гэтай хвалі нацыянальныя меншасці ў часе выбараў 1922 года ў Сейм правялі даволі значную колькасць сваіх паслоў. Успамінаючы пра тыя выбары, кіраўнік Беларускага выбарчага штаба Антон Луцкевіч адазваўся так: «Выбары далі цвёрды доказ, што не чыста сацыяльныя, не рэлігійныя, а выключна нацыянальныя лозунгі прыцягнулі нашы масы. Гэта шмат для каго неспа-дзяваная навіна, мы самі ледзьве вачам сваім смеем верыць, але гэта бясспорная праўда».

На хвалі палітызацыі грамадства ствараецца 120-тысячная Беларуская Сялянска-Работніцкая Грамада, якую польскія ўлады знішчаюць у студзені 1927 года, а яе кіраўнікоў аддаюць пад суд.

Пасля разгрому Грамады палітычная актыўнасць Заходняй Беларусі змяншаецца, але не знікае.

Амаль праз усе гады існавання міжваеннай Польшчы актыўна дзейнічае падпольная Камуністычная партыя Заходняй Беларусі, на рахунку якой арганізацыя антыдзяржаўных выступленняў, распаўсюджанне камуністычнай літаратуры, агітацыя за далучэнне Заходняй Беларусі да СССР.

Члены КПЗБ былі здольныя на ўчынак – ад паездкі з Жабінкі ў Варшаву ў форме польскага палкоўніка да сухой галадоўкі ў пружанскай турме і стрэлаў у віленскім судзе.

Іншыя беларускія партыі і арганізацыі не былі такімі радыкальнымі, але свой след у гісторыі вызваленчага змагання таксама пакінулі. Гэта і Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, і Беларускі Сялянскі Саюз, і Таварыства Беларускай Школы, якія, нягледзячы на знешнюю лаяльнасць, усё роўна выклікалі незадавальненне польскіх улад.

Літаратура

Чэслаў Немэн, вядомы польскі спявак, у адным са сваіх інтэрв’ю, згадваючы малую радзіму (ён паходзіў са Шчучынскага раёна Гродзеншчыны), адзначыў такую дэталь, датычную “польскага часу”: “вёска на крэсах чытала”. Да гэтага вызначэння можна дадаць: і пісала.

Заходнебеларускі перыяд пакінуў нам дзясяткі сялянскіх паэтаў-самавукаў, якія стварылі такую з’яву, як  літаратура Заходняй Беларусі. У гэты час пішуць свае творы Уладзімір Жылка, Казімір Сваяк, Валянцін Таўлай, Міхась Машара, Мікола Засім, Вінцук Адважны. Незвычайную папулярнасць набывае творчасць Максіма Танка. У 1938 годзе дэбютуе ў “Шляху моладзі” Янка Брыль.

Пра большасць аўтараў тае пары можна сказаць словамі гісторыка Міколы Улашчыка: “Хай не вялікія, але ж нашы”. Вядомы даследчык той пары, Уладзімір Калеснік, так гаварыў пра спадчыну перыяду: “Паэзія гэтая – не той матэрыял, на якім крытык можа з чыстым сумленнем дэманстраваць вузкі прафесіяналізм, веданне паэтычнага рамяства… Масавая паэзія была фактам народнага парывання да чалавечай годнасці, а не мастацтвам слова ў ардынарным разуменні гэтага выразу”.

Тым не менш, літаратура жыла паўнакроўным жыццём. Існавалі ўсе асноўныя жанры, хіба што за выключэннем буйных празаічных. На высокім узроўні стаяла літаратурная крытыка,  якая пазбегла тых пазанавуковых уплываў, якія былі характэрны для творчых працэсаў 30-х гадоў у БССР.

Адукацыя

У спадчыну Другой Рэчы Паспалітай дасталося каля 500 беларускамоўных школ, якія з’явіліся на абшарах Заходняй Беларусі ў часы акупацыі краю кайзераўскім войскам. Польшча абяцала рупіцца пра захаванне адукацыйных правоў нацыянальных меншасцяў. У выніку гэтай рупнасці да 1939 года на тэрыторыі Заходняй Беларусі не засталося ніводнай беларускай школы. Таксама былі зачыненыя ўсе беларускія гімназіі. У выглядзе філіяла польскай гімназіі імя Ю. Славацкага датрывала толькі беларуская гімназія ў Вільні.

Барацьбу за беларускую адукацыю вяло Таварыства Беларускай Школы. Аднак рашэнне Камуністычнай партыі зрабіць ТБШ “другой лініяй акопаў” дало ўладам падставу назваць арганізацыю “камуністычным гняздом” і ліквідаваць яе.

Для шырокіх слаёў насельніцтва сярэдняя і вышэйшая адукацыя застаецца недаступнай. У Віленскім універсітэце ад агульнай колькасці студэнтаў беларусы складаюць 2%.

Рэлігія

Нехта з даследчыкаў той пары, каб паказаць заходнебеларускую рэчаіснасць, што называецца, згусціў фарбы і прывёў такі прыклад: заходнебеларуская вёска паўгода не бачыла мяса. Гэта сапраўды так, але не таму, што галадала: заходнебеларуская вёска пасціла.

Рэлігійнасць грамадства даваеннай Польшчы была даволі высокай. Атэізм дакляравалі хіба члены Кампартыі і яе сімпатыкі. Сярод іх нават убіралася ў сілу тэндэнцыя не хрысціць дзяцей (якіх, праўда, пахрысцілі з пачаткам нямецкай акупацыі).

Усяпольская набожнасць не пашкодзіла, аднак, падняць у паветра праваслаўны сабор у цэнтры  Варшавы, які, з пункту гледжання ініцыятараў акцыі, псаваў традыцыйны выгляд горада.

Унутранае ўбранне сабора было размеркавана паміж некалькімі праваслаўнымі храмамі даваеннай Польшчы. Так, баранавіцкі Пакроўскі сабор стаў уласнікам мазаік Васняцова.

Праваслаўная Царква згодна планаў дзяржавы павінна была цалкам спаланізавацца. Калі свяшчэннік не ведаў польскай мовы, у Палескім ваяводстве дапускалася казань на мясцовых дыялектах, але прынцыпова забаранялася гаварыць на літаратурных украінскай і беларускай мовах.

Калі пружанскі свяшчэннік Пілінкевіч прывітаў прэзідэнта Польшчы па-беларуску (у час яго візіту ў Пружаны), то меў непрыемнасці ад мясцовай адміністрацыі.

Каталіцызм быў на больш прывілеяваным становішчы. Аднак, здараліся выпадкі, калі і ён мог трапіць у няміласць – калі бараніў правы нацыянальных меншасцяў. Так, ксян-дзы, якія выказвалі сімпатыю беларускаму нацыянальнаму руху, трапілі ў каталіцкую місію ажно ў кітайскі Харбін.

Заканчэнне эпохі

Усе дваццаць год гэты край заставаўся аграрным. Характэрнымі рысамі былі малазямелле і дарагоўля зямлі. Масавы характар мела працоўная эміграцыя – у ЗША, Канаду, Парагвай, Аргентыну. Не сказаць, каб нічога не рабілася: патроху асушаліся балоты, пракладваліся дарогі, да канца 30-х з’явіліся аўтобусныя маршруты. Але ўсё роўна: па стане на 1939 год Заходняя Беларусь – адзін з самых бедных краёў Заходняй Еўропы.

Адным словам, доля была ліхая. Вялікага захаплення ад адраджэння польскай дзяржаўнасці не адчувалі, як мінімум, нацыянальныя меншасці.

Незадоўга перад пачаткам Другой сусветнай вайны ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі (расстраляны ў 1942 годзе немцамі ў Трасцянцы) пісаў, што пры змене палітычнай сітуацыі беларус гатовы будзе кінуцца да першага, хто шчыра або няшчыра паабяцае лепшай долі.

У час, калі была выказана гэта думка, грамадства ўжо жыло прадчуваннем хуткіх змен.

Мацнела небяспечная суседка – гітлераўская Нямеччына. Яшчэ ў 1937 годзе ксяндзы з усёй Польшчы маліліся ў Нясвіжы за мір у Еўропе. А ўжо ў 1939-м у польскіх газетах рэкламуецца страшнае вынаходніцтва тае пары – дзіцячы вазок з процівагазам.

У 2010 годзе маім суседам па бальнічнай палаце стаў 95-гадовы дзед, які якраз напярэдадні Другой сусветнай вайны павінен быў пайсці ў апошні клас варшаўскай гімназіі. Я папытаў у яго, ці ездзіў ён на вучобу ў Варшаву ў жніўні 1939-га.  Адказ быў такі: “Дурных тады не было. Усе толькі чакалі, хто першы прыйдзе”.

Падпісаную 23 жніўня Дамову аб ненападзе паміж Савецкім Саюзам і Германіяй польская прэса спрабавала выставіць як прыкмету слабасці Гітлера, што вымушаны шукаць паразумення са Сталіным. Але нікога такімі апраўданнямі было ўжо не падмануць.

Усе чакалі змен. Значная частка насельніцтва Заходняй Беларусі знаходзілася пад уплывам савецкай прапаганды, таму прыход Чырвонай Арміі быў вітаны кветкамі і трыумфальнымі брамамі.

Хай сабе гэта прапаганда часта не супадала з рэчаіснасцю, але адбыўся акт гістарычнай справядлівасці – злучэнне аднаго народа ў адным дзяржаўным арганізме. Палітычны рэжым з часам стаў менш суровы. А адзінства народа засталося.

Алег Кунец

 

 

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!