Кіргіз, благаславенны Броўкай | Заря над Бугом
Кіргіз, благаславенны Броўкай

Кіргіз, благаславенны Броўкай

Успамінаюцца ўсе аднакласнікі, але расказаць хочацца пра Малыху Івана.

У нашым класе ён быў завадатарам і ўсюды ішоў напера-дзе. За смуглявы колер скуры і вузкаваты прарэз вачэй яго ўсе клікалі Кіргізам.

А мо і сапраўды, гэтая мянушка напамінала пра яго кіргізскае паходжанне? Так гэта было, ці не? Нам гэта невядома! Ды і такая падрабязнасць не мае ўжо ніякага значэння…

Многія дзяўчынкі з нашага класа былі патаемна закаханы ў Кіргіза. Некаторыя пісалі яму запіскі, але ён ніколі на іх не адказваў і ні на каго не звяртаў увагі.

Хлапчук паходзіў з беднай і шматдзетнай сялянскай сям’і, у якой ён быў пятым па ліку. Добра вучыўся і патаемна марыў аб сваім цікавым будычым, якое міражом зіхацела дзесьці ў воблаках і вабіла да сябе. Таму дзяўчынкі зусім не ўваходзілі ў яго планы.

Прыкладам пераймання для Івана стаў вобраз пагранічніка Карацупы, пра якога ён даведаўся з кніг пра граніцу.

А ўсё таму, што адзінай і вялікай уцехаю ў тыя гады былі для падлетка толькі кнігі. І наогул, у той далёкі час сярод школьнікаў была мода на чытанне.

У бібліятэку за кнігамі ўсе прыходзілі з сумкамі. Набіралі па пяць-шэсць штук, чыталі і зачытваліся аповесцямі ды раманамі!

Іван заўжды браў самыя тоўстыя. Асабліва любіў чытаць пра шпіёнаў, пагранічнікаў і вайну. Ад такой тэматыкі тады ламаліся бібліятэчныя паліцы. Нажаль, зараз тых кніг ужо няма… Іхняе месца заняло нецікавае і безідэйнае глупства.

Са школьнай парты ў душы Кіргіза заквітнела мара аб службе ў пагранічным войску. Дома ён завёў спецыяльна сабе “аўчарку”, якой стала звычайная дваровая сабака. Падлетак выхоўваў і дрэсіраваў яе па метаду Карацупы. Ну, а сам упарта займаўся спортам, трэніраваў сваю памяць і ўвагу, рыхтаваў сябе да ўсякіх пагранічных цяжкасцей, пра якія начытаўся ў кнігах.

Хлопцы той пары, пад уражаннем прагледжаных кінафільмаў і прачытаных кніг, гулялі толькі ў вайну. Завадатарам у іхнім гурце заўжды быў Іван. Сябры называлі яго сваім “генералам”. Ён сам маляваў праўдападобныя карты мясцовасці, на якіх былі пазначаны Бердзічскі і Машчонскі лясы. “Генерал” вучыў сваіх “афіцэраў” разбірацца па “баявой” карце, куды былі занесены ўмоўныя абазначэнні пазіцый праціўніка. Яго “палкоўнік” павінен быў непрыкметна прабрацца на тэрыторыю “ворага” і знішчыць там усе баявыя кропкі.

Ужо ў той час Іван быў адмысловым следапытам. Гэтыя свае веды перадаваў і сябрукам. Ён выдатна ведаў, як па следу можна ахарактарызаваць таго, хто прайшоў па мясцовасці. Якога чалавек быў росту? Ішоў ён гружоным, ці паражняком? У якім напрамку рухаўся?

Хлопцы сантыметровай лінейкай замяралі даўжыню і глубіну следа і рабілі свае вывады.

Свайго Мухтара Іван выдрэсіраваў так, што сабака па загаду прыносіў яму тыя ці іншыя рэчы. А не, то бег адшукваць закінуты падлеткам кіёк, а знайшоўшы, нёс у зубах гаспадару.

Пасля сканчэння Чэрнінскай васьмігодкі Малыха пайшоў вучыцца ў Чарнаўчыцкую сярэднюю школу. Кожны дзень, у любую пагоду, ён ішоў туды пехатою, а калі шанцавала, то дабіраўся на веласіпедзе.

У яго маці не было грошай на модную вопратку, і юнак насіў чорны чыгуначны шынэль, які аддала яму жонка старэйшага брата.

Жанчына ў маладосці працавала правадніком цягніка на чыгунцы, і шынэль застаўся ў яе гардэробе як бы на памяць. А тут раптам — спатрэбіўся! І Надзея з радасцю падаравала яго юнаку…

Жывучы ў нястачы, хлопец знаходзіў у сабе сілы і жыў марай, якая маяком свяціла яму і вяла за сабою наперад да сваёй мэты.

Пасля школы ён адразу не паступіў у ваеннае вучылішча. Як звычайна, не хапіла балаў! Па гэтай прычыне юнак не вытрымаў конкурс.

На нейкі час Іван панік галавою і ў яго прапаў бравы настрой.

Але хлопец знайшоў у сябе сілы і годна перапакутаваў першую няўдачу. У выніку чаго не здрадзіў блакітнай мары, а ўпарта працягваў дабівацца свайго:

— Пайду ў армію, а адтуль — у вучылішча!

Ужо дома Івану прыйшлося часова ўладкавацца на звычайную працу, а калі наступіў тэрмін прызыву, то папрасіўся ў пагранічныя войскі.

Аднак служыў Малыха ў Германіі. У арміі ён праявіў сябе выдатным салдатам. За што камандаванне вайсковай часці і накіравала яго на вучобу ў Алма-Ацінскае пагранічнае вучылішча.

Радасці юнака не было межаў!

— Нарэшце збылася мая мара! — трыўмфаваў малады курсант.

Ён паспяхова вучыўся і стойка пераносіў усе цяжкасці і выпрабаванні ваеннай навукі. Год за годам праляцеў час, і Іван выдатнікам скончыў вучылішча.

Менавіта ў сценах гэтай навучальнай установы ў юнака праявіўся літаратурны талент.

Малыха пачаў пісаць вершы. Ліра дапамагала яму пераносіць усе цяжкасці навучэння. Свае творы ён прысылаў у раённую газету “Заря над Бугом”. Яго з ахвотай друкавалі, як выхадца з Берасцейшчыны. Заўжды побач са слупкамі вершаў размяшчаўся і партрэт паэта.

Мы чыталі іх і ганарыліся сваім аднакласнікам. Асабліва хвалілася сваім вучнем настаўніца рускай і беларускай мовы — Ульяніцкая Валянціна Іванаўна.

Вялікую ролю у станаўленні Малыхі Івана, як паэта і пісьменніка, сыграў Пятрусь Броўка. Аказваецца, беларускі паэт разам з бацькам Івана ваяваў на фронце ў Вялікую Айчынную вайну.

У патрэбны момант юнак звярнуўся да знакамітасці за падтрымкай, і Броўка не адказаў. Ён благаславіў хлопца на паэтычны шлях і дапамог яму сваімі важкімі заўвагамі і парадамі.

Ужо пазней, у «перабудову», калі рушылася магутная краіна — Савецкі Саюз, Малыху Івану прыйшлося працаваць рэдактарам часопіса «Пагранічнік». Менавіта тады ён выдаў свае дзве кнігі, напісаныя на рускай мове: «Букет дождливого июля» і «Пора журавлиного веча». Але гэта ўсё будзе потым, а пакуль…

Па заканчэнні ваеннага вучылішча малады афіцэр атрымаў размеркаванне на Далёкі Ўсход.

Потым было Забайкалле. Там прыйшлося служыць ў ахове ўранавых руднікоў. Адтуль Малыху перакінулі на службу ў Чыту, дзе ён быў прызначаны начальнікам заставы. Менавіта там ён ажаніўся на дочцы генерала.

Маладая шчаслівая пара адным летам прыязджала на радзіму да Івана ў Бердзічы. Прыгажуня з блакітнымі вачыма і доўгімі бялявымі валасамі была поўнай супрацьлегласцю смугляваму Кіргізу. Але яны кахалі адзін аднаго шчырай і сардэчнай любоўю, якая бывае ў жыцці толькі адзін раз…

Увесь час вайсковец павышаў баявыя навыкі. Некалькі разоў ён знікаў на доўгі час з поля бачання знаёмых і родных. Тады аб ім не было ніякіх вестак. Ад сына не прыходзілі пісьмы і на радзіму.

— Забыў пра мяне … — цяжка ўздыхала маці. — А мне ж нічога не трэба! Адно! Каб толькі быў жывы…

Па некалькі гадоў ніхто не ведаў, дзе ён і што з ім… А калі з’яўляўся, то тлумачыў сваю адсутнасць па–вайсковаму проста:

— Служба! Калі-небудзь раскажу падрабязна…

Аднойчы Іванам Рыгоравічам была выяўлена вялікая партыя наркотыкаў, якую мафія спрабавала правезці праз граніцу Расійскай Федэрацыі. У раскрыцці злачынства ўдзельнічала і яго жонка.

Аперацыя была праведзена паспяхова! За што Малыху павысілі ў званні, і ён быў рэкамендаваны на вучобу ў Вышэйшую ваенную акадэмію імя Фрунзе.

Па заканчэнню ўстановы Малыха Іван быў накіраваны ў КДБ горада Масквы. Усё было б добра, але…

Мафія нават праз гады адпомсціла яму за свой правал з наркотыкамі. Ворагамі былі падасланы агенты, якія атруцілі Івана Рыгоравіча разам з жонкай, пасля чаго яны абое аказаліся ў рэанімацыі.

Доўга лячыліся. Выйшлі адтуль, але праз час ў абодвух развіліся ракавыя пухліны…

Гэтая бяда прыйдзе да іх праз некалькі гадоў, а пакуль…

Палкоўнік Малыха служыў на Лубянцы ў Маскве.

У “перабудову” чэкіст змагаўся з мафіяй і карупцыяй, якія пачалі смела і нахабна падымаць свае галовы.

— Я іх знішчу! — смела заяўляў ён. — Яны не будуць таптаць нашу зямлю…

За поспехі ў вышуку злачынцаў Малыха ўзнімаўся па службовай лесвіцы.

Ён быў яшчэ палкоўнікам, але служыў ужо на генеральскай пасадзе, калі раптова памерла ад «невылечнай» хваробы яго жонка. Смерць каханай жанчыны моцна падкасіла чэкіста. У вачах памеркла сонца і жыццё згубіла інтарэс.

Зусім не ў радасць стала служба ў замах камандуючага пагранічнымі войскамі Расійскай Федэрацыі.

Адразу пастарэў… Твар абселі глыбокія маршчыны…

— Я іх ўсё роўна знішчу! — упарта паўтараў Кіргіз, як бы пагражаючы небачным ворагам за смерць любай жанчыны…

Да генеральскіх пагонаў заставаўся адзін крок. І тут, амаль што раптова, ад «невылечнай» хваробы памёр ён і сам.

Так наш аднакласнік Іван Малыха з Бердзіч, па мянушцы Кіргіз, ўзляцеў арлом у высокае неба, але каменем упаў адтуль, не дажыўшы да пяцідзесяці гадоў…

Ціна ХУТАРАНКА

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!