КЛІЧУЦЬ РОДНЫЯ МЯСЦІНЫ | Заря над Бугом

КЛІЧУЦЬ РОДНЫЯ МЯСЦІНЫ

Да пажылога ўзросту Пятру Тарасюку яшчэ далёка. А вось па працоўнаму стажу ён ужо ветэран – 27 гадоў шчыруе Пятро Пятровіч на свінакомплексе СГЦ «Заходні». А да гэтага некалькі гадоў быў цесляром і шафёрам у рамонтна-будаўнічай установе, а яшчэ раней – два гады праслужыў у Савецкай Арміі.

— Ажно ў Чыту трапіў з Брэста, — расказвае пра мінулыя часы Пятро Пятровіч. – На цягніку доўга ехаць, аж бокі баляць… Прырода там дзіўная: сопкі, тайга, горныя рэчкі. Лю-ба-та, адным словам. Але ж чамусьці ў снах бачыў толькі Камароўку.

У сям’і Тарасюкоў – Пятра Яфімавіча і Любові Іванаўны – было трое хлопцаў. Рослыя, прыгожыя, вёрткія. Што ні скажы – зробяць, як трэба. І падлогу памыюць у хаце, і травы свежай накосяць цялушцы, і праполюць грады. Бо бацькам некалі: Пятро Яфімавіч кожную раніцу ездзіў цягніком на станцыю Брэст-Палескі, дзе працаваў на чыгунцы, а Любоў Іванаўну абралі звеннявой у паляводчай брыгадзе – клопату хапала на ўвесь дзень. І на сваёй “францыі” ( так па вясковаму называлі ў Камароўцы вуліцу каля ставах-сажалках, дзе жылі і Тарасюкі) усёй сям’ёй збіраліся толькі вечарам.

Даўно гэта было, вельмі даўно. Проста і не верыцца часам Пятру Пятровічу, ужо самому і бацьку, і дзеду нават, што хадзілі гуртам, разам з іншымі хлопцамі, на рыбалку, па грыбы і ягады пад звон надакучлівых камароў. Хто ведаў тады, хто ўяўляў сабе, што іхняя ціхая вёска стане вядомай многім, дзякуючы Пятру Клімуку, першаму беларусу-касманаўту? Хто ж мог падумаць тады, што просты сялянскі хлопец узляціць да самых зорак?

Пасля школы трэба было ўладкоўвацца на працу. У той час ганебна было сноўдацца па вуліцах роднай вёскі, нічога не робячы. Клікаў у дэпо бацька, запрашаў у сваю брыгаду сантэхнікаў старэйшы брат. Але Пятро хацеў “выбіцца ў людзі” самастойна. Характар у яго быў яшчэ той – заўсёды рабіў па-свойму, не так, як прасілі-наказвалі. З Брэста на выхадныя заўсёды прыязджаў да бацькоў. Спачатку адзін, а потым – з Наталляй. А яшчэ праз некаторы час – разам з дзеткамі, Сярожам і Галяй.

— Не шкадуеш, Пятро, што пасяліўся ў Матыкалах? – пытаюся ў Тарасюка.

— А што зробіш? Пажаніліся мы з Наталляй, кватэра патрэбна, так? Так. У нас жа “фірма” была слабенькая, непрыкметная, жылля нават і не абяцалі. А тут прачулі, што на “Заходні” бяруць людзей, што шмат чаго будуюць. Прыйшоў я ў аддзел кадраў. Так і так, кажу, магу працаваць, кім возьмеце. Прафесій у мяне на той час цэлы стос быў. Узялі мяне слесарам-рамонтнікам на комплекс. Доўга я там прыглядаўся, што да чаго. І так неяк выйшла, што прапанавалі стаць аператарам у цэх дарошчвання парасят. Пайшоў, прыглядаўся і там да ўсяго, пытаўся ў людзей вопытных. І пайшла справа…Усё, як бачыш, проста. Трэба толькі захацець самому. Гадоў, мусіць, сем ужо, як назначылі брыгадзірам. Тры тысячы галоў даглядаем упяцяром. Вось так. Стараемся.

На самай справе – што можа быць прасцей? Гэта калі глядзіш з боку, як увішна працуе майстар. У самога ж так не атрымаецца без практыкі, без навукі. І не проста так Пятру Тарасюку ўручаюць Ганаровыя граматы і выказваюць падзякі ад дырэкцыі СГЦ “Заходні” – працай свёю стараннай заслужыў чалавек такую павагу.

Пра сям,ю Пятра Пятровіча я ўжо расказаў. А яшчэ дапоўню, што збыліся мары і пра сваю кватэру. У 89-м годзе атрымалі Тарасюкі ключы ад новенькай кватэры ў Матыкалах. Па вуліцы Цэнтральнай. Дом на тры сям’і. Кожная кватэра мае два ўзроўні. Лю-ба-та, як той казаў. Блізенька крамы-магазіны, сельская школа, недалёка чыгуначны прыпынак, з якога ( з перасадкаю, праўда, на Брэст-Цэнтральным) можна даехаць без турбот да роднай Камароўкі, да бацькоўскага дома, у якім жыве-чакае дзяцей-унукаў-праўнукаў старэнькая маці.

— Цягне ў Камароўку? – зноў пытаюся ў Пятра, якога ведаю, можа, гадоў з трыццаць.

— Цягне, брат. Яшчэ як. Можа ўнукі асядуць у Камароўцы – а што? Прозвішча Тарасюкоў у нашай вёсцы ўсім вядома.

Сямён ІВАНЕНКА

 

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!