КНIГА, ЗАПАТРАБАВАНАЯ ЖЫЦЦЁМ | Заря над Бугом
КНIГА, ЗАПАТРАБАВАНАЯ ЖЫЦЦЁМ

КНIГА, ЗАПАТРАБАВАНАЯ ЖЫЦЦЁМ

Выйшла ў свет унікальнае па плане і змесце  навукова-папулярнае выданне. У ім сабраны не толькі творчыя біяграфіі і падрабязныя бібліяграфічныя звесткі ўсіх без выключэння сяброў Брэсцкага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, але і даецца поўны пералік калектыўных зборнікаў кожнага пісьменніка на дадзены час, шырокі спектр іх публіцыстычных, крытычных, літаратурна-навуковых твораў: артыкулаў, манаграфій, рэцэнзій, апублікаваных у беларускіх і замежных выданнях. У гэты бібліяграфічны даведнік уключаны таксама спісы водгукаў-характарыстык, напісаныя крытыкамі і літаратуразнаўцамі, на творы берасцейскіх пісьменнікаў.

Час даўно патрабаваў ад нас гэтага інфармацыйна-літаратурнага выдання. Але складанасць задачы заключалася ў тым, што ніхто з нас не ведаў і нават не ўяўляў, як гэту інфармацыю сабраць, з чаго пачаць, як сістэматызаваць. Трэба было знайсці таго, хто возьмецца за гэтую аб’ёмістую і скрупулёзную справу. Аднак, як кажуць мудрыя людзі, працу варта распачаць, а Бог падкажа і дапаможа давесці яе да лагічнага канца… І сапраўды, дзякуючы руплівай стараннасці адказных асобаў, пастаўленая задача за паўгода была паспяхова вырашана.

Цяпер чытачы будуць ведаць значна больш пра творчыя здабыткі і літаратурныя дасягненні нашых пісьменнікаў, якія ў сваёй творчасці адлюстроўваюць жыццё нашага беларускага народа, развіваюць і зберагаюць нацыянальную духоўнасць, родную мову, літаратуру, культуру, гісторыю рэгіёна, фарміруюць ідэалогію нашай дзяржавы. 

Смела можна сказаць, што дадзенае выданне будзе шырока запатрабавана як навукоўцамі, так і кіраўніцтвам Брэсцкага абласнога аддзялення СПБ, яго сябрамі-літаратарамі, работнікамі культурных устаноў, бібліятэчных сістэм, школьнікамі, студэнтамі, настаўнікамі, выкладчыкамі, самым шырокім колам карыстальнікаў.  

Да ўсяго сказанага вышэй хочацца дадаць, што з усёй нашай берасцейскай пісьменніцкай суполкі самым старэйшым творцам лічыцца Васіль Андрыянавіч Літвінчук, які нарадзіўся 1 ліпеня 1930 года, а значыць, у падлеткавым узросце пабачыў і перажыў усе жахі Вялікай Айчыннай вайны. Ён нават з 1943 года разам з бацькамі і сваякамі ваяваў у партызанскім атрадзе. Нарадзіўся пісьменнік у вёсцы Галік Драгічынскага раёна.

Самая маладая з сяброў аддзялення – Алена Анатольеўна Гневушава. Нарадзілася таленавітая паэтка і празаік у Брэсце 29 чэрвеня 1993 года. З 1 жніўня 2016 года працуе аглядальнікам у абласной газеце «Заря».

Варта некалькі слоў сказаць пра нашага самага ганаровага, самага знакамітага і самага паважанага літаратара-аграрніка – Аляксея Сцяпанавіча Скакуна, ураджэнца добра знаёмай усім нам вёскі Дастоева Іванаўскага раёна. Сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2007 года. Аўтар шасці навуковых прац і сямі кніг. За добрасумленную працу і высокія працоўныя паказчыкі выдатнік-аграрый узнагароджаны шматлікімі медалямі, ордэнамі, нагруднымі знакамі, Ганаровымі граматамі, дыпломамі. Аляксей Сцяпанавіч Скакун носіць званне – Ганаровы грамадзянін Брэсцкага раёна. Цяпер жыве ў аг. Клейнікі, што пад самым Брэстам.

Дарэча, 1 сакавіка Аляксей Сцяпанавіч адзначыў свой дзень нараджэння. Таму ўсе члены пісьменніцкай суполкі віншуюць дарагога сябра з яго асабістым святам, а таксама з наступленнем вясны і шчыра зычаць яму моцнага здароўя на доўгія гады, духоўных сіл, шчасця, творчых поспехаў, без стомы жыць, працаваць і тварыць на карысць людзям. 

Ужо ў бліжэйшы час чакаецца прэзентацыя даведніка ў Іванаўскім раёне. І гэта не выпадкова. Справа ў тым, што менавіта тут, у родным раёне, пэўны час шчыраваў у працы не проста вядомы вучоны-аграрнік, таленавіты фотамайстар Аляксей Скакун, але і цяперашні герой балады «Шукала песня Хлебароба». Яе разам са словамі песні «Назвалі хлопца Аляксеем» (музыка Ігара Лучанка) напісаў член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Расіі Мікола Панасюк, які ўжо ў 1965 годзе працаваў у раённай газеце «Чырвоная звязда». З таго часу пад пільным вокам галоўнага рэдактара раённай газеты Аляксея Каўко і завязалася іх сяброўства.

Як бачым, прыклад варты пераймання ў будучым!

Надзея ПАРЧУК,

укладальнік і рэдактар выдання

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!