Кожны год няхай будзе багатым, сыпле золатам збожжа ў далонь! | Заря над Бугом

Кожны год няхай будзе багатым, сыпле золатам збожжа ў далонь!

Напярэдадні галоўнага хлебаробскага свята ў раённым Доме культуры адбылося ўрачыстае паседжанне, у якім прынялі ўдзел пераможцы спаборніцтва розных галін сельскагаспадарчай вытворчасці і перапрацоўчай прамысловасці АПК, кіраўнікі і спецыялісты прадпрыемстваў і гаспадарак Прыбужжа.

Па добрай традыцыі на ўрачысты раёны сход была запрошана шматлікая група ветэранаў працы. Ім, вядомым і паважаным людзям, адвялі лепшыя месцы ў глядзельнай зале, і пачаўся сход з цёплых віншаванняў у адрас тых, хто сваёй добрасумленнай працай закладвалі падмурак сённяшніх дасягненняў у розных галінах сельскагаспадарчай вытворчасці. Старшыня раённага выканаўчага камітэта Уладзімір Аляксандравіч Мацука ў сваёй прамове падкрэсліў, што Прыбужжа ганарыцца не толькі Героямі Сацыялістычнай Працы Лідзіяй Іванаўнай Асіюк, Нінай Пятроўнай Дудчык, Лідзіяй Дзмітраўнай Брызга і Галінай Фёдараўнай Скакун, імёны і справы якіх ведала ўся краіна, але і мноствам механізатараў, жывёлаводаў, кіраўнікоў і спецыялістаў гаспадарак, якія перанялі вопыт лепшых майстроў сельскагаспадарчай вытворчасці і сваёй працавітасцю, настойлівасцю, адукаваннасцю і ўпартасцю змаглі прымножыць іх дасягненні.

У абласным спаборніцтве наш раён прызнаны пераможцам па вытворчасці малака і мяса, — адзначыў Уладзімір Аляксандравіч. – За дзесяць месяцаў мы атрымалі звыш 72 тысяч тон малака, што складае 103,8 працэнты да ўзроўня мінулага года. Рэалізавана жывёлы і птушкі больш за 30 тысяч тон, або 121,2 працэнты. Сярэдняя ўдойнасць на адну карову павялічылася на11 кілаграмаў і дасягнула 5106 кілаграмаў, а ў СВК “Астрамечава” – 6618. Як бачыце, нам ёсць чым ганарыцца, ёсць з каго браць прыклад.

І ганарымся, і шануем, і вучымся ў майстроў, як трэба весці сучасную гаспадарку, як хутчэй і найлепш асвоіць зусім новыя тэхналогіі, прычым, семінары і курсы праходзім на месцы, у гаспадарках раёна. Галоўны аграном адкрытага акцыянернага таварыства “Камароўка” Сяргей Віктаравіч Чарэпка на”Дажынках-2011” у Маладзечне прызнаны лепшым аграномам рэспублікі. Па 49,7 ц/га атрымалі ўраджай зерневых ў гэтай гаспадарцы. У “Камароўку” сёння едуць вучоныя і практыкі, каб наладзіць цеснае супрацоўніцтва ў галіне раслінаводства. Па сутнасці, зусім не перабольшваючы, можна сказаць, што палеткі ААТ “Камароўка” – філіял сельгасакадэміі, дзе цесна звязаны вытворчыя працэсы і навуковыя пошукі.

Аператар комплекса СГЦ “Заходні” Галіна Адамаўна Кухарэц атрымала за тры кварталы бягучага года 3955 парасятак, пры гэтым прыплод ад адной свінаматкі склаў 9,4 дзелавых парасят. Чым не дасягненне? Галіна Адамаўна, пэўна, разам з галоўным заатэхнікам гаспадаркі Васілём Аляксеевічам Літвінчуком змаглі б правесці майстар-клас або прачытаць лекцыю і студэнтам, як трэба арганізаваць справу.

На урачысты сход прыехалі ў Чэрні Аляксандр Міхайлавіч і Міхаіл Васільевіч Палешчукі. Таксама з СГЦ “Заходні”. Сын і бацька, камбанеры КЗС-1218 “Гомсельмаш”. Яны першымі сярод сямейных экіпажаў Прыбужжа намалацілі 1000 тон збожжа. За выдатную працоўную перамогу на жніве-2011 сын і бацька былі заахвочаны падзякай кіраўніцтва гаспадаркі і каштоўнымі падарункамі райкама прафсаюза работнікаў АПК. Бацьку і сына ветліва запрасілі і на сцэну раённага Дома культуры і прынародна ўручылі ім Ганаровыя граматы, адзначыўшы гэтым сімвалічным актам важнае значэнне пераемнасці пакаленняў і ўшанавання хлебаробскай дынастыі.

Навогул, на свяце было шмат моладзі. І гэта добры знак – маладыя трактарысты, камбайнеры, жывёлаводы, галоўныя спецыялісты, кіраўнікі сярэдняга звяна ўпэўнена “уваходзяць” у прафесію, граматна карыстаюцца паслугамі камп’ютарнай тэхнікі. Цяпер ужо не дзіва, а рэальны факт: хлопцы-механізатары аруць, сеюць і жнуць, уключыўшы перад сабою “навігатар”. А гэта значыць, што праца ў сельскай гаспадарцы сёння патрабуе менавіта маладыя, адукаваныя кадры. І яны ў нас ёсць. А гэта – таксама добры знак.

Наша моладзь бярэ прыклад з ветэранаў, беражэ і працягвае іх добрыя традыцыі і, як бачыце, дабіваецца значных вынікаў. Сёння ў гэтай зале прыемна ўбачыць прадстаўнікоў усіх пакаленняў хлебаробаў. І мне радасна разам з вамі, паважаныя сябры, — расчулена прызнаўся Уладзімір Аляксандравіч. – Радасна таму, што нам сапраўды ёсць чым ганарыцца і ёсць з каго браць прыклад. І сёння мы ўшаноўваем усіх працаўнікоў сельскагаспадарчай вытворчасці, усіх тых, хто рыхтаваў насенны фонд, хто араў і сеяў, хто кожны дзень прыходзіць на ферму, хто доіць кароў і хто даглядае жывёлу, хто рамантуе тэхніку і хто прывозіць гарачыя абеды ў поле і на сенажаць. На вашых плячах ляжыць адказнасць не толькі за эканамічную бяспеку і сацыяльны дабрабыт раёна, але і кожнай сям’і нашага Прыбужжа. Дзякуй вам за наш багаты стол і за тое, што мы кожны дзень адчуваем прыемны водар хлебнага караваю! Няхай жа сённяшняе свята стане для нас імпульсам для новых працоўных поспехаў і здзяйсненняў. Я ўпэўнены, што і заўтра, і ў будучым, і ў канцы пяцігодкі Брэсцкі раён абавязкова выканае прагнозныя паказчыкі, што мы атрымаем не меней 45 тысяч тон мяса, 117-118 тысяч тон малака, намалоцім 137 тысяч тонн зерневых і дасягнем ураджайнасці ў 58 цэнтнераў з кожнага гектара.

Больш за тры гадзіны, уключаючы вялікі святочны канцэрт з удзелам заслужанага калектыва Рэспублікі Беларусь ансамбля народнай музыкі “Бяседа” (г. Мінск) і народнага мастацкага самадзейнага калектыву “Спадчына” (Тэльмінскі СДК), працягвалася урачыстая сустрэча, але ўсе, як кажуць, вытрымалі, не скупіліся на дружныя апладысменты пераможцам раённага спаборніцтва, і шматлікім гасцям, і артыстам. Настрой у людзей быў выдатны. Значыць – свята атрымалася! Гэта таксама важна.

Сямён ІВАНЕНКА і Ігар ГЕТМАН

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!