Крыніца творчасці — жыццё! | Заря над Бугом

Крыніца творчасці — жыццё!

Нядаўна, у зімовы снежаньскі дзень, у сярэдняй школе в. Тэльмы адбылася творчая сустрэча з пісьменнікам Анатолем Крэйдзічам. Дарэчы, такія мерапрыемствы сталі тут ужо традыцыйнымі. І Анатоль Мікалаевіч зноў наведаў гэту навучальную установу як член Рэспубліканскай інфармацыйнай групы ад Саюза пісьменнікаў Беларусі

У сустрэчы прынялі ўдзел вучні 6-х, 10-х і 11-х класаў, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Таццяна Цюшкевіч, настаўнікі беларускай мовы і літаратуры Раіса Валько і Святлана Нічыпарук. Атмасфера ў аўдыторыі была вельмі цёплай і прыемнай. І ў журналісцкім, і ў пісьменніцкім асяроддзі Анатоль Крэйдзіч — чалавек добра вядомы і паважаны. Ён — галоўны рэдактар Іванаўскай раённай газеты “Чырвоная звязда” і старшыня пісьменніцкай арганізацыі Берасцейшчыны.

Спачатку Анатоль Мікалаевіч нагадаў пра ўнікальную ў сваім родзе, створаную цэлым калектывам аўтараў кнігу “Літаратурная карта Берасцейшчыны”. У гэтым змястоўным выданні ахоплена літаратурная спадчына нашай вобласці ад старадаўніх часоў і да нашых дзён. Праца над ім доўжылася не адзін месяц і, нарэшце, завяршылася выхадам у свет тома, вельмі запатрабавальнага для бібліятэк і школ.  Акрамя біяграфічных звестак пра пісьменнікаў і паэтаў, у фаліянце сабраны матэрыялы аб іх дзейнасці, а таксама даюцца прыклады іх творчасці. Адзначым, што кніга з’яўляецца сумесным праектам творчых сілаў Берасцейшчыны і органаў абласной улады.

Дыялог Анатоля Крэйдзіча з выхаванцамі школы праходзіў лёгка і цікава, без усялякага фармалізму. Вучаніца 10 “Б” класа Наталля Кавальчук прачытала адзін са сваіх вершаў і атрымала шчырыя апладысменты.

— Наталля — здольная, творчая дзяўчына, — паведаміла карэспандэнту Раіса Валько. — Яна ўжо напісала дзесяткі вершаў!

Анатоль Мікалаевіч пазнаёміў вучняў і педагогаў са сваёй новай кнігай “Роднае, шчымлівае”, выдадзенай выдавецтвам “Літаратура і мастацтва”. У кнігу ўвайшла аповесць “Богаў сон”, прысвечаная маладому таленавітаму мастаку з Іванаўшчыны Янку Рамановічу. А яшчэ — нарысы, нататкі, мініяцюры… Анатоль Мікалаевіч перадаў кнігу ў школьную бібліятэку, зрабіўшы надпіс: “Настаўнікам і вучням Тэльмаўскай школы”.

А потым пісьменнік адказаў на цэлы шэраг пытанняў. Яго маладых суразмоўцаў цікавіла многае: творчы шлях, любімыя тэмы, крыніцы натхнення… Анатоль Крэйдзіч шчыра расказаў пра ўсё гэта. Так, першы верш ён напісаў, калі вучыўся ў 8-м класе. А тварыць на беларускай мове пачаў, калі пасля службы ў войску паступіў на факультэт журналістыкі ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. А любімая тэма і адначасова невычэрпная крыніца натхнення — само жыццё!

— Я пішу пра ўсё, што бачу навокал і адчуваю, — адзначыў Анатоль Мікалаевіч.

Напрыканцы сустрэчы пісьменнік даў некалькі парад пачынаючым творцам.

— Любіце Кнігу, — сказаў ён. — Чытайце як мага больш! Не бойцеся тварыць, але памятайце, што кожны сапраўдны мастак усё жыццё ўдасканальвае сваё майстэрства.

Аляксандр ЯРМАШУК

Фота аўтара

 

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!