Ладзіць вёска Дажынкі | Заря над Бугом

Ладзіць вёска Дажынкі

Жніво ў Прыбужжы закончылася. Па папярэдніх падліках на нашых нівах намалочана больш за 82 тысячы тон  зерневых і зернебабовых. Больш дакладная лічба ўраджаю атрымаецца пасля пераапрацоўкі збажыны на зернесушыльных  комплексах і выніках уборкі проса, соі, грэчкі і кукурузы, але ўжо і так  відаць, што для хлебаробаў раёна год атрымаўся вельмі ўдалы.

У мінулыя гады СВК “Астрамечава” звычайна першы святкаваў дажынкі. На гэты раз тут жніво затрымалася: апошнія сотні гектараў мясцовым камбайнерам дапамагалі жаць экіпажы з Камароўкі,  Страдзіч і іншых гаспадарак. І не таму, што свае хлопцы не спраўляліся, не. Па-першае, збажына ў “Астрамечава” паспела пазней за ўсіх у раёне. Па-другое,надвор’е дыктуе выбар тактыкі: жнівень заўсёды непрадказальны. Але самае галоўнае – колас тут атрымаўся самы наліўны: з кожнага гектара сабрана больш за 57 цэнтнераў. Затрымайся ў полі на дзень-другі, запаволь набраны тэмп жніва – будуць страты. Нагадаем чытачам, што хлебнае поле ў СВК не маленькае – больш за 4500 гектараў! У рэшце рэшт па выніках сёлетняга жніва СВК “Астрамечава” зноў нікому не ўступіў найгалоўнейшыя паказчыкі —  ураджайнасць і валавы намалот зерня. І таму свята дажынак, якое адбылося у першай палове дня ў мінулы панядзелак, было, як звычайна, мнагалюдным, доўгачаканым, урачыстым і светлым. Напярэдадні прайшоў дождж, з самай раніцы прыпякала сонца  і вельмі парыла. Але ўсе, хто удзельнічаў на жніве, задоўга да пачатку народнага свята сабраліся каля бярозак на ўскраіне аграгарадка Астрамечава. На пытанне, як можна было вытрымаць такую спёку на полі, загарэлыя і вясёлыя мужчыны адказвалі: “Калі працуеш, калі ўсё ладзіцца, то гэта і ёсць галоўнае. А да спёкі, да дажджоў хлебароб прывычны змалку…”Старшыня гаспадаркі Аляксей Скакун выказаў шчырую падзяку ўсім, хто старанна папрацаваў на жніве. “Нам спатрэбілася ўсяго тры тыдні, —  падкрэсліў Аляксей Сцяпанавіч, — каб выканаць справу дзяржаўнай важнасці. У нас крыху меней “тысячнікаў”, чым у мінулыя гады. Затое – болей зерня, а гэта галоўнае. Мы не топчамся на месцы, а ідзем наперад. І свята  дажынак праводзім у панядзелак, у звычайны працоўны дзень. Яно  запланавана ў нас, будзе не вельмі працяглым, бо нас усіх чакаюць не меньш важныя сялянскія справы, якія нельга адкласці на потым, на заўтра, а трэба зрабіць сёння”.

Прамова кіраўніка гаспадаркі была кароткаю. Ушанаванне пераможцаў спаборніцтва на жніве праходзіла ўрачыста, пад  гучныя апладысменты мясцовых жыхароў, пад цікавыя выступленні ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці. А для дзетвары, якая літаральна абляпіла грузавікі і камбайны, гэта быў час асалоды знаёмства з тэхнікай, на якой іх дзядулі, бацькі і старэйшыя браты яшчэ толькі ўчора здабывалі хлеб. Каля святочнай пляцоўкі, уздоўж бярозак абапал палявой сцяжынкі збілася мноства легкавушак розных марак, але не яны цікавілі сельскую малышню, а менавіта камбайны, самазвалы, прэс-падборшчыкі.Пэўна, гэта заканамерная з’ява. Паглядзіце, хто сёння ў пераможцах жніва? Не ў раёне толькі, а па краіне? Другое, а то і трэцяе ўжо пакаленне сельскіх механізатараў, якое мы называем звычайна  дынастыяй. Няхай жа іх будзе многа ў кожнай прыбужскай вёсцы!

Мікалай ПАЎЛЮКОВІЧ, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК

Сямён ІВАНЕНКА


Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!