«Маці казала так…» | Заря над Бугом

«Маці казала так…»

У год 500-годдзя айчыннага кнігадрукавання нельга не згадаць пра бабулю нашай літаратурнай мовы – дыялектную мову. Менавіта яна стала асновай для фарміравання беларускай літаратурнай мовы, на якой затым і стварался айчыннае прыгожае пісьменсіва. Больш таго, многія аўтары шчодра аздаблялі  свае творы моўнымі залацінкамі роднай мясцовасці. Цікава і тое, што ў Беларусі склалася такая моўная сітуацыя, што нярэдка не толькі ў розных раёнах, але і нават у розных кутках адной і той жа вёскі людзі могуць размаўляць па-рознаму.

Мне пашчасціла некалькі разоў ў 80-90-я гг. мінулага стагоддзя браць удзел у дыялекталагічных экспедыцыях. Мы запісвалі ад старажылаў розных мясцовасцей Бацькаўшчыны гэтыя каштоўныя залацінкі народнай мовы, знаёміліся з укладам жыцця і быту ў многіх рэгіёнах. Занатовак хапіла на некалькі сшыткаў. А гэта ўсё бессмяротнае багацце нашай спадчыны, якое можа беззваротна знікнуць разам з апошнімі старажыламі зямлі роднай. Таму сёння хочацца  яшчэ раз звярнуцца да маладога пакалення: часцей сустракайцеся з шаноўнымі землякамі, занатоўвайце іх жыццёвую мудрасць і моўныя багацці. Унукі і ўнучкі, вас чакаюць у госці бабулі і дзядулі, якія вам і раскажуць казкі, паданні, і праспяваюць, і навучаць жыццёвай мудрасці.

На шчасце, дыялектнай эстэтыцы і красамоўству нам ёсць у каго павучыцца. Шмат дыялектызмаў запісаў  ураджэнец вёсачкі Лаша Гродзенскага павета Яўхім Карскі. Ён падрыхтаваў “Праграму для збору асаблівацей беларускіх гаворак” (1897 і 1916), якая не страціла сваёй актуальнасці і ў наш час. Скрупулёзна  вывучаў беларускія гаворкі ў час камандзіровак, асабліва на Гродзеншчыне, Віленшчыне, Міншчыне. Мне асабліва падабаецца яго даследаванне “Беларускія песні с. Беразавец Навагрудскага павета”. А яго праца “Беларусы” – гэта вышэйшае дасягненне еўрапейскай славістыкі канца ХІХ ст., сапраўдная  энцыклапедыя беларусазнаўства. Цікава, што прарадзімай славян Карскі лічыў Палессе (басейн Прыпяці, верхняга Нёмана і ніжняй Бярэзіны). Ён вызначыў час фарміравання беларускай народнасці (ХІІ – ХV ст.), сцвярджаў, што ў аснову беларускай народнасці ляглі плямёны дрыгавічоў, радзімічаў і крывічоў.  Надзвычай цікавым з’яўляецца другі том “Беларусаў” —  “Мова беларускага племені” (1908-12).

Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны Інстытутам мовазнаўства АН Беларусі сумесна з ВНУ рэспублікі  было арганізавана падрабязнае і сістэматычнае вывучэнне гаворак. На падставе сабраных матэрыялаў быў складзены  «Дыялектычны атлас беларускай мовы» (1963), а затым “Лексічны атлас беларускіх народных гаворак” (1993- 98). Дарэчы,  не ўсе мовы свету  могуць пахваліцца такімі фундаментальнымі  даследаваннямі. 

Традыцыйна вылучаюцца  асноўныя групы дыялектаў: паўночна-ўсходні –Віцебшчына, паўночны ўсход і цэнтральная частка Магілёўшчыны; віцебская група —  усход Віцебшчыны; полацкая група —   заходняя і цэнтральная часткі Віцебшчыны і паўночны захад Магілёўшчыны; усходне-магілёўская — усход і частка цэнтра Магілёўшчыны; сярэднебеларускія дыялекты — паласа праз поўнач Гродзеншчыны, цэнтр Міншчыны, паўднёвы захад Магілёўшчыны і паўночны ўсход Гомельшчыны; паўднёва-заходні дыялект —  Гродзеншчына, поўдзень Міншчыны і Гомельшчыны; гродзенска-баранавіцкая група  — Гродзеншчына  і поўнач Брэстчыны; слуцкая група  — поўдзень і паўднёвы ўсход Міншчыны, Гомельшчыны; мазырская група —  поўдзень Гомельшчыны; палеская група  —  паўднёвы захад Брэстчыны.

Існуе тэрмін “загародскія гаворкі”, якім акрэсліваюць брэсцка-пінскія гаворкі заходнепалескага дыялекту. Ён быў утвораны ад назвы гістарычнай часткі Піншчыны, старажытных шляхоў і аднайменнай раўніны. Тэрмін у навуковы зварот увёў знакаміты дыялектолаг Фёдар Клімчук, ураджэнец вёскі Сіманавічы Драгічынскага раёна. Яшчэ ў 1962 г. ён пачаў супрацоўнічаць з мовазнаўцам, вялікім прыхільнікам дыялекталогіі  Мікітам Талстым, праўнукам Льва Талстога.  Дарэчы, Фёдар Данілавіч пераклаў некаторыя творы рускага класіка на палескую гаворку.  Пераклаў  таксама на родную гаворку і Біблію.

Шмат для вывучэння па-лескіх гаворак зрабіла Заходнепалескае навукова-краязнаўчае таварыства “Загароддзе”. Мне пашчасціла прысутнічаць у Мінску на адным з яго пасяджэнняў. Багаты дыялектны збор  быў змешчаны ў  выпусках выдання «Беларуская дыялекталогія. Матэрыялы і даследаванні», пачатак якога як перыядычнага выдання быў пакладзены ў 2010 г.

Трэба сказаць, што не толькі вучоныя, энтузіясты роднага слова, патрыёты сваёй мясцовасці, але і пісьменнікі лічылі неабходным занатоўваць гаваркія слоўцы  сваёй мясцовасці. Гэтай высакароднай справе сёння дапамагае інтэрнэт, выходзяць электронныя выданні. Так што інтэрнэт прастора сёння шырока адкрыта і для рупліўцаў матчынай мовы – нашчадкі потым скажуць дзякуй!

Пералічу найбольш адметныя кнігі, слоўнічкі, працы,  што былі выдадзены  ў розныя гады ХХ і ХХІ стст: Абабурка М. В. “Дыялектызмы ў творах беларускіх савецкіх пісьменнікаў: Кароткі слоўнік-даведнік”; Арашонкава Г. У., Чабатар Н. А. “Тлумачальны слоўнік адметнай лексікі ў творах Якуба Коласа”; Барадулін Рыгор “Вушацкі словазбор”;  Варлыга А. “Краёвы слоўнік Лагойшчыны”; Гілевіч Н. “Дыялектны слоўнік”; Иванова А. А. “Микротопонимия Мозырского Полесья”; Каспяровіч М. “Віцебскі краёвы слоўнік”; Клундук С. С. “Слова да слова — будзе мова: Дыялектны слоўнік в. Фядоры”; Купрыенка В. А., Шур В. В. “Матэрыялы да слоўніка Мазырскага Палесся”; Кучук І. М., Малюк А. К. “Палескі слоўнік: Лельчыцкі раён”; Ляшкевіч І. “Альпенскі дыялектны слоўнік”; “Матэрыялы для слоўніка мінска-маладзечанскіх гаворак”; Мяцельская Е. С., Камароўскі Я. М. “Слоўнік беларускай народнай фразеалогіі”; Пашкевіч М. І. “Рубельскі лексіка-фразеалагічны слоўнік”; “Слоўнік Сенненшчыны”; Сцяцко П. У. “Слоўнік народнай мовы Зэльвеншчыны”; “Тураўскі слоўнік”; Цыхун А. П. “Скарбы народнай мовы (з лексічнай спадчыны насельнікаў Гродзенскага раёна”; Шатэрнік М. “Краёвы слоўнік Чэрвеншчыны”; Юрчанка Г. “Дыялектны слоўнік (З гаворак Мсціслаўшчыны)”; Юрчанка Г. Ф. “І коціцца і валіцца (Устойлівыя словазлучэнні ў гаворцы Мсціслаўшчыны)”; Юрчанка Г. Ф. “І сячэ і паліць (Устойлівыя словазлучэнні ў гаворцы Мсціслаўшчыны)”; Янкова Т. С. “Дыялектны слоўнік Лоеўшчыны”; Янкоўскі Ф. “Дыялектны слоўнік”; Яўсееў Р. М. “Маці казала так… (з гаворкі Бялыніцкага раёна)” і многія іншыя.

Выдадзены былі таксама шматлікія  атласы: Босак А. А., Босак В. М. “Атлас гаворак Пружанскага раёна і сумежжа (Верхняга Над’ясельдзя)”; Леванцэвіч Л. В. “Атлас гаворак Бярозаўскага раёна”; Чарнякевіч Ю. В. “Атлас гаворак паўночна-ўсходняй Брэстчыны”.

Так што нам сёння ёсць у каго вучыцца, каб працягваць справу дыялекталогіі  пад пачэсным дэвізам “Маці казала так…” А маці, як вядома, дрэннага ніколі не скажа і не параіць. За працу, рупліўцы роднага слова! Будзем зберагаць моўную спадчыну для нашчадкаў.

Канстанцін КАРНЯЛЮК

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!