МАЯ ЧЫСТАЯ БЕЛАЯ РУСЬ | Заря над Бугом

МАЯ ЧЫСТАЯ БЕЛАЯ РУСЬ

У нядзелю, 11 мая, Беларусь святкавала Дзень Дзяржаўнага Герба і Сцяга. Ва ўсіх гарадах і раённых цэнтрах нашай краіны з гэтай нагоды адбыліся ўрачыстыя мерапрыемствы. Свята, прысвечанае дзяржаўным атрыбутам, ярка прайшло і ў Прыбужжы

Каля дзесяці гадзін раніцы на плошчы перад раённым Домам культуры ў Чэрнях сабраліся прадстаўнікі ўлады, грамадскіх аб’яднанняў, працоўных калектываў, юнакі і дзяўчаты з розных школ раёна, каб адзначыць урачысты дзень у жыцці нашый краіны. Мінавіта ў другую нядзелю мая мы ўшаноўваем галоўныя атрыбуты нашай дзяржаўнасці, сімвал суверэнітэта Рэспублікі Беларусь — Герб і Сцяг. Для кожнага з нас дзяржаўныя сімвалы суверэнітэту краіны маюць асаблівае значэнне. Сімвалы дзяржаўнасці, якія прынялі воля, сэрца і душа народа — гэта гарманічнае адзінства. Герб і Сцяг Рэспублікі Беларусь адлюстроўваюць патрыятычныя, гістарычныя і культурныя традыцыі краіны, характар народа, яго духоўны патэнцыял. Яны надзелены яркімі рысамі і лёгка пазнавальны сярод іншых дзяржаўных сімвалаў сусветнай супольнасці.

Дзяржаўны Герб Рэспублікі Беларусь уяўляе сабой зялёны контур краіны ў залатых промнях сонца. Зверху контура знаходзіцца пяціканцовая чырвоная зорка. Герб абрамляе вянок з залатых жытнёвых каласоў, перапляценых справа кветкамі канюшыны, а злева – лёну.  Каласы абвіты чырвона-зялёнай стужкай, на якой знізу зроблены надпіс золатам – «Рэспубліка Беларусь». Гэтыя сімвалы на гербе адлюстроўваюць найлепшыя якасці  беларускага народу – працавітасць, імкненне да свабоды і патрыятызм.

І вось над плошчай гучыць голас вядучай: «Краіна мая – родная Беларусь, няхай над табой заўжды свабодна развіваецца наш сцяг, у які радасна ўпляліся зялёны колер палёў, лугоў, лясоў, чырвоны колер жыцця і надзеі і белы колер – знак свабоды, маральнай чысціні і мудрасці».

З віншаваннямі да прысутных звярнулася старшыня Брэсцкага раёнага Савета дэпутатаў Людміла Жуковіч.

— Шаноўныя сябры, мне вельмі прыемна сёння вітаць вас на святочным мерапрыемстве, прысвечаным Дзяржаўнаму Гербу і Сцягу Рэспублікі Беларусь. Гэты дзень нядаўна з’явіўся ў нашым святочным каляндары, але ён хутка і арганічна ўвайшоў у лік свят, у час якіх мы адчуваем гонар за сваю краіну, за яе дасягненні і перамогі: Беларусь нельга ўявіць без агульнанацыянальных сімвалаў. Інакш не можа быць, бо гэтыя сімвалы былі абраныя мільёнамі беларусаў на ўсенародным рэферэндуме амаль дваццаць гадоў назад. Герб і Сцяг Беларусі – гэта сімвалы краіны, якая выбрала надзейны шлях захавання сваёй самабытнасці ў новых гістарычных умовах. Гэта знакі гонару, яе візітная картка, якая выбрала перш за ўсё суверэннасць, незалежнасць і нацыянальную асаблівасць.

Людміла Васільеўна таксама адзначыла, што сёння Герб і Сцяг знаходзяцца не толькі на адміністрацыйных будынках, яны аб’ядноўваюць беларускі народ у самыя важныя моманты жыцця краіны – ад нацыянальных святаў да  перамог на сусветным узроўні. Асабліва гэта адчуваецца ў дзень правядзення такіх дзяржаўных святаў, як Першамай, Вялікая Перамога і Дзень Незалежнасці, якія сімвалізуюць гераічнаць, мужнасць і працаздольнасць беларускага народа.

— У гэтым годзе нашы сэрцы перапаўняліся гонарам, калі беларускія спартсмены паднімаліся на пастамент Сочынскай алімпіяды, а ў неба ўзнімаўся сцяг Рэспублікі Беларусь. Нашы сімвалы становяцца вядомымі далёка за межамі Беларусі, дзякуючы беларускай вытворчасці, што нясе ў краіны замежжа не толькі якасць, але і нацыянальны гонар. Павага да сімвалаў – гэта павага да Радзімы, да зямлі, на якой нарадзіўся і вырас чалавек, дзе жылі яго продкі, якія здолелі ў цяжкай барацьбе захаваць культуру і нацыянальную самабытнасць. І на які б куток планеты не закінў нас лёс, яны заўжды нагадваюць аб доме, аб свабоднай і працавітай Беларусі. Паважаныя сябры, прыміце ў гэты дзень пажаданні моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту, чыстага і мірнага неба над галавой. Няхай вечна ззяюць над намі галоўныя сімвалы нашай суверэннасці і свабоды. І пакуль мы маем свае нацыянальныя атрыбуты – Герб і Сцяг – мы будзем адчуваць і ведаць, што мы паўнапраўныя гаспадары сваёй Айчыны. У нас ёсць будучыня, і мы ствараем яе самі. Са святам, паважаныя сябры!

Ганаровае права падняць сцяг Рэспублікі Беларусь было прадастаўлена прызёру абласной алімпіяды па рускай мове Аляксандры Валчэцкай, а таксама Юрыю Нікіцюку і Сяргею Цімасюку, якія занялі трэцяе месца ў рэспубліканскіх Дажынках на ўборцы збожжавых.

Гучыць Гімн Рэспублікі Беларусь… І вось на пляцоўку адзін за адным выходзяць самыя юныя ўдзельнікі свята — дзіцячы калектыў «Ладушкі», вакальны ансамбль «Сонейка» з Медна, танцавальныя калектывы Страдзечскага і Чарнаўчыцкага СДК, старэйшая харэаграфічная група Астрамечаўскай дзіцячай школы мастацтваў. У канцэрце таксама прынялі ўдзел ансамблі «Лад», «Чэрнічанка», «Поющая капель», салісткі Ганна Дзмітрук, Вольга Варганава, Ганна Феданюк, Аксана Трафімук. Вялі святочную праграму Вераніка Хвісючык і Віталь Аполька. Яны яшчэ раз нагадалі, што кожны з нас павінен ведаць свой сцяг і герб, ганарыцца сваім народам, яго славутай гісторыяй, любіць родную Беларусь.

Беларусы ніколі не забывалі пра свой герб і сцяг. Даўно мінулі часы жорсткіх бітваў. І сёння нашы сімвалы нагадваюць нам пра тое, што мы старажытны народ, мужныя абаронцы, руплівыя працаўнікі, дастойныя грамадзяне сваёй краіны – Рэспублікі Беларусь.

Марына САМАСЕВІЧ

 

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!