«Мне б да кожнае душы дакрануцца словам …» | Заря над Бугом

«Мне б да кожнае душы дакрануцца словам …»

З паэтычнай творчасцю Надзеі Парчук знаёмыя чытачы «Зари над Бугом». Наша газета расказвала і аб гэтай надзіва стойкай, моцнай духам і таленавітай жанчыне з няпростым лёсам. Надзея Мікалаеўна нарадзілася на Палессі ў вёсцы з прыгожай і паэтычнай назвай Ладарож. Рана навучылася чытаць, за што ўдзячная сваёй маці. Нажаль, у школу са сваімі аднагодкамі з-за атрыманай у раннім дзяцінстве траўмы пазваночніка, Надзя не змагла пайсці. У першы клас яна пайшла разам са сваім малодшым братам, калі ёй споўнілася дзесяць гадоў, і гэта было велізарнае шчасце. Скончыўшы дзесять класаў, Надзя паспяхова здае экзамены ў Пінскі ўліковакрэдытны тэхнікум. А, атрымаўшы ў 1975 годзе дыплом бухгалтара, працуе кантралёрам-касірам у ашчаднай касе ў сваім родным Ладарожы. 25 гадоў свайго жыцця Надзея Мікалаеўна прысвяціла служэнню банкаўскай сістэме. Па натуры яна добры і чулы чалавек, надзелены рэдкім дарам — тонка адчуваць і разумець паэзію, па-майстэрску валодаць словам.

Любоў да паэзіі ў яе выявілася яшчэ ў раннім узросце — як зачараваная, слухала яна старадаўнія песні ў выкананні бабулі, маці, бацькі. Слухала і марыла сама злажыць што-небудзь падобнае. Прайшло нямала часу, каб спраўдзілася Надзіна мара. Сёння яна з’яўляецца членам Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, аўтар некалькіх паэтычных зборнікаў, лаўрэат абласной літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Калесніка, гэтай узнагародай адзначаны яе кнігі «Раскрыліўся бусел над хатай», «Зарунее жыта зноў».

Яе вершы неаднаразова друкаваліся ў такіх выданнях, як «Настаўніцкая газета», газеты «Заря», «Заря над Бугом», «Вместе» (таварыства інвалідаў), часопісах «Літаратура і мастацтва», «Полымя», «Маладосць», альманаху «Гоман » і іншых перыядычных выданнях. Надзея Парчук з’яўляецца складальнікам калектыўнага зборніка духоўнай паэзіі і прозы «Дазволь прычасціцца …», які выйшаў у свет у жніўні 2011 года. Яна таксама — адзін з аўтараў зборніка вершаў і апавяданняў для дзяцей «Карусель». Уся творчасць Надзеі Мікалаеўны прасякнута любоўю да малой радзімы, роднага краю, блізкіх людзей, сяброў, землякоў. Яе вершы аб жыцці, людзях, працы, каханні, прыродзе, прыгажосці.

27 верасня Надзеі Парчук спаўняецца 60 гадоў. Калектыў рэдакцыі «Заря над Бугом» віншуе юбілярку з гэтай знамянальнай датай, жадае доўгіх гадоў жыцця, поспехаў ва ўсім, а галоўнае — аптымізму і новых творчых перамог!

Здымак Святланы Аладзінай

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!